Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Оргіш: Беларусь пераацэніць таталітарнае мінулае


Вячаслаў Оргіш
Вячаслаў Оргіш

Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ на сваім выніковым паседжаньні ў Вільні ўхваліла рэзалюцыю “Пра аб’яднаньне падзеленай Эўропы”, у якой асуджаюцца абодва таталітарныя рэжымы ХХ стагодзьдзя — нацызм і сталінізм. 23 жніўня — дзень падпісаньня пакту Молатава-Рыбэнтропа — прапануецца абвясьціць агульнаэўрапейскім Днём памяці ахвяраў сталінізму і нацызму. Ці можна гэта лічыць чарговай паразай Расеі? Як паставіцца афіцыйны Менск да выкананьня гэтай рэзалюцыі? Пра гэта Алесь Дашчынскі гутарыць з доктарам філязофскіх навук Вячаславам Оргішам.

Дашчынскі: “У Маскве рэзалюцыю назвалі „зьневажальным антырасейскім выпадам“ і нават „гвалтам над гісторыяй“. Аднак нягледзячы на пратэсты з боку расейскай дэлегацыі ў Асамблеі, дакумэнт прыняты. У выніку Расею напаткала яшчэ адна параза?”

Оргіш: “Тут ня варта весьці гаворку пра паразу. Проста ў расейскіх палітычных колах яшчэ не ўсьвядомілі, што час памяняўся, што зараз на двары не 80-ыя і нават не 90-ыя гады, а ўжо ўсё ж такі набіраюць абароты іншыя ідэі, каштоўнасьці. Што агульнаэўрапейскі рух найбольш моцны і ён будзе ўсё шырэй уцягваць у свае межы краіны. Нават такія супярэчлівыя, своеасаблівыя як Расея. Гэта непазьбежна і прыйдзе час, калі расейская палітычная эліта і расейскае грамадзтва гэта ўсьвядоміць. І канчаткова павернецца тварам да эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Я думаю, гэта адзінае для Расеі выйсьце. Калі гэта ня здарыцца, будзе вельмі шкада і Расея, безумоўна, прайграе.

Час такога процістаяньня ўсё ж такі адыходзіць у мінулае і, наогул, ужо адышоў у пэўным сэнсе. І трэба зыходзіць з таго, што Эўропа — гэта нейкая культурная і гістарычная супольнасьць, найперш цэласная. І трэба шукаць падыходы, якія б дапамаглі гэтай цэласнасьці перамагчы, усталявацца канчаткова. Таму тое, што прапануе эўрапейскі бок мае пэрспэктыву“.

Дашчынскі: “Аўтары рэзалюцыі заклікаюць краіны АБСЭ, сярод якіх і Беларусь, цалкам пазбавіцца ад структураў і мадэляў паводзінаў, скіраваных на тое, каб прыхарошваць мінуўшчыну. Як жа будзе рэагаваць афіцыйны Менск?”

Оргіш: “Перад Беларусьсю непазьбежна паўстае пэрспэктыва далучэньня да Эўропы, да яе каштоўнасьцяў, эканамічных і сацыяльных працэсаў. І культурнае разьвіцьцё Беларусі будзе таксама накіроўвацца ў рэчышча эўрапейскіх каштоўнасьцяў. І на гэтым накірунку Беларусь будзе мусіць больш крытычна ставіцца да палітычнай культуры, зьвязанай з таталітарызмам, з таталітарнай арганізацыяй грамадзтва. Беларусь непазьбежна будзе вызначацца на гэтым накірунку і, на мой погляд, у нашай краіны,
У нашай краіны, у нашага грамадзтва ёсьць магчымасьць і пэрспэктыва заняць агульнаэўрапейскую пазыцыю.
у нашага грамадзтва ёсьць магчымасьць і пэрспэктыва заняць агульнаэўрапейскую пазыцыю ў гэтым сэнсе. Канечне, сёньня яна не зусім акрэсьлена эўрапейская ў сэнсе стаўленьня да таталітарных каштоўнасьцяў. Але празь ня вельмі вялікі час Беларусь будзе ацэньваць і таталітарнае мінулае і наогул таталітарную палітычную культуру з Эўропай. Беларусь здольная да такой міжвольнай эвалюцыі”.

Дашчынскі: “Прыняцьце такой рэзалюцыі, калі паміж нацызмам і сталінізмам ставіцца знак роўнасьці, ці не дазволіць краінам былога Савецкага Саюза запатрабаваць кампэнсацый ад Расеі? У тым ліку і Беларусі?”

Оргіш: “Я скептычна стаўлюся да гэтага. Па першае, няма ніякай рэальнай пэрспэктывы, каб дамагчыся такой кампэнсацыі. Нешта падобнае мы сустракалі, чулі і, здаецца, ніхто ніякага выніку не атрымаў. Што да Беларусі, наўрад ці знойдуцца такія палітычныя сілы, якія здольныя так паставіць пытаньне. Беларусь усё ж досыць шчыльна зьвязана з Расеяй. І ў сьвядомасьці беларускіх элітаў наўрад ці сасьпее ідэя выстаўляць нейкія патрабаваньні да Расеі такога кшталту. Хаця, здараецца ўсялякае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG