Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАВІСАНЬНЕ. Тыдзень з блогерам Brazgotka


На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе Brazgotka.

Памёр Майкл Джэксан, што здаецца неверагодным. Здавалася, ён будзе амаль вечна рассыпацца, але жыць. Некаторыя ўзгадваюць сваё знаёмства зь яго песьнямі , нехта сумуе, нехта ня надта.

А жыцьцё, вядома, працягваецца, толькі крыху млява: ані скандалу, ані інтрыгі.

Adamovitch публікуе дзьве гісторыі зь мінулага жыцьця, калі ён працаваў у адной дзяржаўнай газэце.

“Калі я працаваў у адной дзяржаўнай газэце, нялёгкі лёс журналіста закінуў мяне ў горад Сянно. Ну, хто быў, той ведае, а хто ня быў? Як патлумачыць? Лепш на прыкладзе: заходжу я ў краму ў гэтым Сянно (а лістапад, на вуліцы цёмна, халодна, апошні аўтобус ужо пайшоў) і пытаюся ў прадаўшчыцы:

— А дзе тут (ну штосьці я там шукаў)?

А яна мне на гэта нічога не адказвае, а толькі глядзіць сумнымі-сумнымі вачыма і ціха ўздыхае:

— Х… вы знойдзеце”.

Rubleuskaja рэагуе на прачытаны артыкул пра творчасьць Анатоля Сыса:

“Цікава, што сказаў бы Анатоль на падобнае філялягічнае прэпарыраваньне? Знайшоў бы аўтара ды запатрабаваў бутэльку за маральную шкоду? Ці… радаваўся б? Пры жыцьці ня надта пра яго пісалі… Няўтульна пісаць пра жывога, які можа знайсьці цябе ды жывенька патлумачыць, што такое лес і якія ваўкалакі ў ім водзяцца”.

Valeriyg у суполцы suc_biel_lit асуджае гістарычную літаратуру:

“Мне шкада гістарычных пэрсанажаў... Аўтары што толькі ня ўкладваюць у іх вусны! Якімі толькі не малююць! А маюць на тое права? Выбачайце: гістарычная асоба павінна быць хоць нечым застрахавана ад зьдзеку зь яе. А што бывае зьдзек — упэўніўся. Вунь наш знакаміты пісьменьнік на гістарычныя тэмы разважае вуснамі героя пачатку хрысьціянства: “Масква сьлязам ня верыць!” Ах ты, чорт, трэба ж — колькі гадоў “крылатаму выразу”! А другі заяўляе: “Не хачу вучыцца, хачу жаніцца”.

Uladzimer знайшоў у экспэдыцыі маленькую кранальную цэркаўку:

“На правым беразе, дзе і стаіць царква, хадзіць на службы амаль няма каму — у вёсцы Галомысла засталося хат пяць, а ў Мікалаёве свой храм. Трапіць жа на правы бераг можна толькі на чаўне ці ўброд. Як сказала тутэйшая бабуля, бродам шастаюць адно “мальцы за віном у Мікалаёва”. Ці пойдуць вернікі? Ня пэўны. Але мяне гэтая акалічнасьць не засмучае. Цешыць, што дом сьв. Міколы прымае належны выгляд. І сівабароды стары, які нястомна “па полі ходзіць, жыта глядзіць”, летнім надвячоркам стамлёна сядзе на ганку сваёй хаціны, запіпчыць люльку і, гледзячы на сонечныя сьляды ў нясьпешнай рачной плыні, засьпявае ціха мужчынскую прыгожую песьню. Для сябе — не для вернікаў...”

Krsvwww публікуе падборку ваенных фота , а ў камэнтарах — дыскусія, якім фота можна верыць і ці можна ўвогуле.


Пакуль мы аглядаем ЖЖ, darriuss цэлы тыдзень аглядае савецкую архітэктуру Вільні і публікуе здымкі з тлумачэньнямі. А ў суполцы radziwill-by выкладзена многа прыгожых фота зь Нясьвіжа.

Paz-sonca расказвае вусьцішныя гісторыі пра чакалядныя батончыкі “Mars”:

“Калі я была маленькай... ну зусім-зусім маленькай, выхавацелька ў дзіцячым садку расказала жахлівую-жахлівую гісторыю, нібыта адна дзяўчына зьела “Mars” — і ў яе ў роце пачалі расьці валасы”.

Branislavawna доўга арганізоўвала і ўрэшце арганізавала фрэндоў пагуляць у фрысьбі. Кожны ўдзельнік палічыў абавязковым напісаць справаздачу з фотаздымкамі, з чаго атрымліваем розгалас.

Ну а найлепшая ілюстрацыя да гэтай пятніцы — працоўнае фота ад zelanton :


Шчасьлівых выходных і дзякуй за ўвагу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG