Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па 700 тысяч штрафу за непадпарадкаваньне міліцыянтам


Віцебскіх моладзевых актывістаў Аляксея Пілевіча і Кастуся Іванова суд Першамайскага раёну пастанавіў аштрафаваць на 20 базавых велічынь кожнага. Абодвух хлопцаў міліцыянты затрымалі 26 красавіка непасрэдна перад тым, як яны меркавалі ўзяць удзел у акцыі да ўгодкаў Чарнобыльскай трагедыі.


Паводле судзьдзі Валянціны Кісьмярошкінай, Аляксей Пілевіч вінаваты ў тым, што нібыта не паказаў пашпарт на патрабаваньне супрацоўніка міліцыі. Згодна з міліцэйскімі пратаколамі, якія разглядаліся ў судзе, Кастусь Іваноў аказваў фізычны супраціў пры затрыманьні – хапаў міліцыянтаў за форменнае адзеньне.

На апэратыўных відэаздымках, якія дэманстраваліся падчас працэсу, ня былі зафіксаваныя гэтыя парушэньні, і судзьдзя грунтавалася на паказаньнях сьведак – міліцыянтаў, якія праводзілі затрыманьне.

На думку Аляксея Пілевіча, супрацоўнікі міліцыі загадзя даведаліся пра заплянаваную акцыю і вырашылі яе сарваць – бо яны дзяжурылі на месцы збору моладзі каля кавярні “Журавінка” яшчэ ці не за гадзіну да меркаванага пачатку. Ва ўсіх, хто падыходзіў, яны правяралі дакумэнты, а спадару Пілевічу загадалі паказаць зьмесьціва сумкі, у якой ён прынёс майкі з антыядзернай сымболікай для ўдзельнікаў. Хлопец адмовіўся, бо патрабаваньне палічыў беспадстаўным. Аднак у пастарунку на яго склалі пратакол за тое, што ён нібыта адмовіўся прад’явіць пашпарт.

Кастусь Іваноў таксама перакананы, што штрафы накладзеныя несправядліва: ён спрабаваў патлумачыць суду, што яго затрымлівалі людзі ў цывільным, і на іх проста не было форменнага адзеньня, пра якое напісана ў пратаколе. Але самі паказаньні актывістаў ды сьведак з іхнага боку на рашэньне судзьдзі Валянціны Кісьмярошкінай не паўплывалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG