Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мы нікуды не ідзем, мы проста гінем і топімся”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 18 чэрвеня, чацьвер.


Беларусь і Расея дамовіліся пра аднаўленьне паставак беларускай малочнай прадукцыі на расейскі рынак. Хаду, прычыны і вынікі малочнай вайны камэнтуюць слухачы “Свабоды”:

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Малочная вайна чарговы раз нагадала аб каляніяльнай палітыцы Расеі адносна былых савецкіх рэспублік: “Калі вы ня з намі, мы вам адпомсьцім”. Наш шлях у Эўропу — новыя рынкі збыту і цесныя гандлёвыя сувязі з Украінай, Эўразьвязам і ЗША. Няхай расейскія імпэрыялісты не забываюць, што Беларусь — сувэрэнная незалежная краіна”.

Спадар: “Расейцы адмаўляюцца ад малака. Ну што ж, правільна зрабіў “бацька”, хай п’юць сваё піва, расейскую гарэлку і ваду. Можа, так да іх дойдзе, што мы браты?”

Спадар: “Што зь сябе ўяўляе малочная ці іншыя падобныя войны, што часта разьвязваюцца ўладамі ў Менску, Маскве ці недзе яшчэ? Гэта звычайная мышыная валтузьня ці адмежаваньне ад рэальнай рэчаіснасьці”.
Хай п’юць сваё піва, расейскую гарэлку і ваду


Спадар: “Не прыгадаю выпадку, каб наш правадыр хаця б раз публічна прызнаў свае грахі і памылкі, якіх у яго досыць. Замест гэтага ён ва ўсіх бедах абвінавачвае ўсіх запар як у нас на Беларусі, так і па-за яе межамі”.

Мікалаевіч, Маладэчна: “Мне падаецца, што, паглыбляючы канфрантацыю з Расеяй, Лукашэнка і яго “дарадцы” зусім ня думаюць пра магчымыя небясьпечныя для нас і для дзяржавы эканамічныя наступствы. Трэба ж своечасова спыніцца, а не падлічваць пасьля таго выдаткі”.

Спадар: “У нас атрымліваецца так: то мы да Эўразьвязу ідзем, то мы ідзем да Расеі. У выніку выснова адна: мы нікуды не ідзем, мы проста гінем і топімся”.

Выказваньне камэнтуе палітоляг Юры Чавусаў:

“У прынцыпе, гэта лёс дзяржаваў, якія знаходзяцца паміж буйнымі геапалітычнымі цэнтрамі. І такі стан нявызначанасьці можа працягвацца даволі доўга. Ня факт, што мы абавязкова павінны далучыцца да нейкага з гэтых буйных цэнтраў”.

У Беларусь прыбыла група расейскіх вайскоўцаў для падрыхтоўкі апэратыўна-стратэгічных вучэньняў “Захад-2009”. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Ільля Копыл: “На вучэньні “Захад-2009” Расея мяркуе прыслаць у Беларусь 2 арміі агульнай колькасьцю каля 180 тысяч жаўнераў. Хоць інфармацыя не правераная, але, прачытаўшы гэта, я адчуў сябе няўтульна. Гэта раўназначна акупацыі. Гэта адпрацоўка задач па ўводзе войск на тэрыторыю Беларусі, як гэта было зроблена з Грузіяй. Тое, што Лукашэнка адмовіўся ад удзелу ў паседжаньні АДКБ, я вітаю, калі не зьвяртаць увагі на прычыны, чаму ён гэта зрабіў. Удзел у АДКБ, стварэньне сумесна з Расеяй супрацьпаветранай, супрацьракетнай абароны, разьмяшчэньне ваенных баз Расеі на тэрыторыі Беларусі і ваенныя вучэньні сумесна з Расеяй — гэта грубыя парушэньні артыкула 18 Канстытуцыі РБ”.

Далей выказваньні на розныя тэмы:

Валер, Барысаў: “Фашызм і камунізм — аднолькавыя сыстэмы. Калі гэтыя сыстэмы ўзважыць, адна другую не пераважыць. Інтарэс: а якія сёньня былі б зьмены, калі б раней першым на фашызм напаў бы камунізм? Відаць, камунізм таксама атрымаў бы вікторыю. Пра гэтую падзею сёньня б гучала ў гісторыі”.

Спадарыня, Слуцк: “На кацельні № 1 на вуліцы Камсамольскай дырэктар даў загад зьняць з уязной брамы ланцуг і адключыць электраэнэргію. Але тут выходзяць машыны, тут рух цэлы дзень. І браму трэба адчыняць уручную, а яна вельмі цяжкая. Адзін-два чалавекі не адолеюць. Калі ўсюды выкарыстоўваюць новыя тэхналёгіі, дык у нас бураць усё”.

Лявонцій:

“Урад у немачы сваёй
падняць жыцьцё не прызнаецца,
і ў эканоміцы застой
яму адужаць не ўдаецца.

Яго ж хлусы-гаваруны
затое ўсё зрабіць у сіле,
на хвалі горкае маны
рэжым прагнілы захвалілі.

Нібы ім голаў кружыць хмель,
яны сябе ўсё цешаць марай,
што беларуская мадэль
усёй Эўропай заўладарыць.

А толькі ўвесь астатні сьвет
удзячны будзе беларусам
за навучаньне, як бязь бед
жыць пад уціскам і прымусам.

І не відно гаварунам,
рэальнасьць іх ніяк ня спыніць,
што верх бярэ паўсюль бэдлам,
што ён кіроўца у краіне.

І як тут кадры ні мяняй,
рабі любыя ракіроўкі,
не аздаровяць родны край,
калі ўсё фальш і расстаноўкі”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG