Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Яны, пераможаныя, жывуць лепей за нас, пераможцаў”


 23mar2007
23mar2007

Сьвяткаваньне перамогі над фашызмам у ІІ усясьветнай вайне, саміт “Ўсходняга партнэрства” ў Празе, галадоўка салідарнасьці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.



У Беларусі, краінах Захаду і ЗША адзначылі 64-ю гадавіну перамогі над нямецкім фашызмам у ІІ Усясьветнай вайне. Тэлефанаваньні слухачоў:

Хведар, Менск: “Беларусь адзначае Дзень Перамогі. Значнае сьвята. Але ж мне здаецца, што вынікамі нашай перамогі лепей за нас скарысталіся немцы. Па-першае, яны пазбавіліся ад дыктатуры Гітлера і назаўжды асудзілі фашызм. Мы ж свой крывавы камунізм усё яшчэ ўхваляем. Па-другое, яны, пераможаныя, жывуць лепей за нас, пераможцаў. Вось такая наша перамога”.

Спадар: “60 зь лішкам пераможных гадоў. Шмат удзельнікаў вайны — беларусаў, на жаль, ужо памерла. Але на сьвята іншыя беларусы заўсёды прыйдуць, з гонарам па праспэкце пройдуць. Толькі адно кепска — беларусы горш за немцаў жывуць”.

Ларыса, Менск: “Хачу павіншаваць з Днём Перамогі ўсіх, хто жыў у Менску падчас акупацыі. Мае бацькі, удзельнікі менскага падпольля, былі арыштаваныя і адпраўленыя ў канцлягеры ў Нямеччыну. А мы былі кінуты на волю лёсу ў акупаваным Менску. Нам было 11 і 5 гадоў”.

Спадарыня: “У эфіры заўсёды гучаць папрокі на адрас Сталіна. Тое, што ў савецкія часы быў страшэнны тэрор, які зьнішчыў мноства нявінных людзей, даўно ведаюць усе. Вось толькі незразумела, чаму некаторыя ўсю віну валяць на Сталіна. Бяда была ў тым, што на кіроўныя пасады прызначаліся бяздарныя чырвонабілетнікі. Яны не разумелі сутнасьці працы і ня ўмелі кіраваць калектывам. Затое нядбайнасьць і махінацыі панавалі паўсюдна. Каты і круцялі ёсьць і цяпер, нават некаторыя знаходзяцца пры ўладзе, а іншыя пайшлі ў апазыцыю”.

Вячаслаў Сухарэбскі: “Пачуў жудасную вестку, што сталінскі рэжым вывез усіх бязногіх інвалідаў на востраў Валаам, каб не трывожылі гэты пракляты рэжым”.

Спадар: “Некаторыя радыёслухачы ўсхваляюць Пятра Міронавіча Машэрава, называюць яго “сьветлым вобразам”. Насамрэч гэта ня так. Пад кіраўніцтвам Машэрава ў Беларусі зроблена нямала і дрэннага. Колькі беларускамоўнай інтэлігенцыі загублена! Усім вядома, што бацька Машэрава быў рэпрэсаваны ў 1937 годзе, а сын зрабіў такую кар’еру. Так не было ў тыя часы. Пры Сталіне тады сем’ямі высылалі. Дык як гэта здарылася? Чаму Машэраў зрабіў такую вялікую кар’еру?”

На пытаньне адказвае гісторык Эмануіл Іофэ:

“Па-першае, дзьве “плямы” ў ягонай біяграфіі. Адно — што бацька быў рэпрэсаваны, а другое — што на пачатку вайны Машэраў быў у палоне. Гэта наогул надзвычайны факт, бо былым палонным нікому і ніколі не прысвойвалі званьня Героя Савецкага Саюзу. Дык вось чатыры чалавекі, а гэта сакратар абкаму партыі Іван Клімаў, Зімянін, Калінін і Панамарэнка ўзялі на сябе ўдар і схавалі гэтыя “плямы”. А Цанава ўвесь час і да апошняга моманту шукаў кампрамат на Машэрава”.

Удзел Беларусі ў саміце праграмы “Ўсходняе партнэрства” ў Празе — адна з тэмаў, якія працягваюць абмяркоўваць слухачы “Свабоды”:

Спадарыня: “Лукашэнкаўскія дзеячы сьцьвярджаюць, што пасьля 7 траўня Беларусь пачынае жыць новым жыцьцём. Як хутка і проста ўсё мяняць словамі! А на справе? Наўрад ці ўсе гэтыя спадары і кіраўнікі Эўразьвязу, што за вушы ўцягнулі Беларусь ва “Ўсходняе партнэрства”, дажывуць да так званага новага жыцьця Беларусі пры Лукашэнку”.

Спадар: “Добры дзень, Радыё Свабода. Эўропа прызнала Беларусь. І якая б ні была слоўная эквілібрыстыка, прызнала і яе прэзыдэнта і запрасіла ў Прагу. Лукашэнка і тут аказаўся гаспадаром становішча і не паехаў. Зрабіў мудра. Апазыцыя ў разгубленасьці”.

Выказваньне камэнтуе старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі:

“Беларусь заўсёды была прызнаная Эўропай. У нас дыпляматычныя адносіны з большасьцю краін існуюць з 1991—92 гадоў. Што тычыцца рэжыму Лукашэнкі, то да яго вельмі вялікія прэтэнзіі, і Лукашэнка пабаяўся ехаць у Прагу. Бо ён ведаў, што там яго чакаюць непрыемнасьці ў размовах і сустрэчах. Таму проста пабаяўся туды паехаць”.

Ад 4 траўня прадстаўнікі палітычных партыяў трымаюць галадоўку салідарнасьці зь Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым, Уладзімерам Асіпенкам. Паводле арганізатараў, зараз у галадоўцы бяруць удзел 29 чалавек. Яны дамагаюцца неадкладнага вызваленьня ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. Камэнтар слухача:

Аляксандар Лапіцкі: “Ахвяры палітычных рэпрэсій гораду Менску схіляюць свае галовы перад мужнасьцю маладых грамадзян, стойкіх змагароў з рэжымам за ўсталяваньне ў краіне вольнага жыцьця супроць наўмыснага парушэньня правоў чалавека з боку праваахоўных органаў. Жыве Беларусь!”

Працягваем праграму яшчэ адным выказваньнем:

Мікола Цяліца, Менск: “Украінцы, нашы паўднёвыя суседзі шануюць усё сваё роднае — самае дарагое, што ёсьць у жыцьці кожнага народа: мову, культуру і гісторыю. Гарантам усяго гэтага зьяўляецца прэзыдэнт Віктар Юшчанка. Ён, Віктар Юшчанка, не забывае і братоў-славянаў, нас, беларусаў, каб ня зьніклі як нацыя, народ. Прыклад гэтаму — сказанае ім, што ва ўкраінскіх унівэрсытэтах будуць адкрывацца катэдры беларускай мовы. Здароўя, шчасьця вам, Віктар Андрэевіч! І хай Бог дапамагае ва ўсіх вашых справах!”

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG