А калі казаць пра іншыя, магчыма, сапраўдныя чыньнікі, пра рэпутацыю дзяржавы – тым болей. Колькі за апошнія дні мы чулі ад расейскіх і некаторых беларускіх экспэртаў ацэнак, што Расея, нарэшце, вырашыла разабрацца зь Беларусьсю ўсур’ёз, што пакажа сінявокай яе вельмі сьціплае месца, і, кажучы папросту, размажа па сьценцы. Ну і дзе сьценка, па якой Расея нібыта канчаткова вырашыла размазаць Беларусь? Калі сапраўды магутная дзяржава спачатку моцна размахваецца, а потым сьціпла хавае руку ў кішэню – яе прэстыж ляціць уніз.
І яшчэ адзін сюжэт – рашэньне Лукашэнкі ня ехаць у Маскву на саміт АДКБ, адмова падпісаць дамову аб сілах хуткага рэагаваньня АДКБ. І тут, калі памятаеце, быў хор камэнтараў, што ўжо гэтым крокам Лукашэнка сам сябе ў труну паклаў і крышкай накрыўся, ужо за гэта Масква... Кранаць сьвятая сьвятых двухбаковых адносінаў – ваенную складовую, было і сапраўды крокам рызыкоўным. Але вынік: кранулі, выкінулі на стол старшы козыр і Масква адступіла. Можа і не таму, але ў сьвядомасьці людзей – менавіта таму.
Ну а што тычыцца доўгатэрміновых наступстваў, то тут як ў габрэйскім анэкдоце. Ну як вам Хаім? – Ды так сабе. Прыйшоў у госьці, а пасьля срэбраныя лыжачкі зьніклі. Лыжачкі, праўда, потым знайшліся, але асадачак жа застаўся.
Вось менавіта. І з большымі падставамі, чым у анэкдоце. Калі на афіцыйным узроўні гаварылася пра ледзь не падрыўную дзейнасьць Масквы, калі выражалася гатоўнасьць сапраўды зарэзаць “сьвятарных кароваў” беларуска-расейскіх адносінаў – і што зараз, калі канкрэтны малочны канфлікт вырашаны, гэтая словы, гэтыя намеры выпетрацца, забудуцца. Хіба?
На мой погляд, хіба не ключавым момантам у канфлікце стала вельмі своечасовае рашэньне МВФ аб дадатковым крэдыце Беларусі. Крэмль хацеў праверыць, ці будзе Эўропа падтрымліваць свайго новага партнэра. Праверка прайшла выдатна. І менавіта тады Пуцін пачаў казаць, што ня трэба расейскім чыноўнікам лаяць беларускіх калегаў, што мы адна сям’я і г.д. Ага, калі Эўропа паказала, што ў баку не застанецца, то пэўна ж адна.
Добра гэта ці кепска, але трэба канстатаваць, што гэты канфлікт з Расеяй беларуская ўлада выйграла.