Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве ўвекавечаць расейскага імпэратара Мікалая II


Мікалай ІІ
У Магілёве зьбіраюцца ўсталяваць бюст апошняга расейскага імпэратара Мікалая Другога. Бюст падорыць кіраўніцтва раёну Сакаліная гара Ўсходняй адміністрацыйнай акругі Масквы. Такі падарунак, як перадаюць афіцыйныя крыніцы, — знак разьвіцьця і ўмацаваньня супрацоўніцтва між сталічным расейскім раёнам і Магілёвам. Як ставяцца магілёўцы да намераў улады ўстанавіць бюст апошняму расейскаму імпэратару?

Канкрэтнага месца для бюста магілёўскія ўлады пакуль ня вызначылі. Саму ідэю помніка тлумачаць тым, што падчас Першай усясьветнай вайны ў Магілёве зь сям’ёй жыў Мікалай II. Адсюль ад жніўня 1915 да лютага 1918 гаду ён кіраваў дзеяньнямі сваіх войскаў.

Магілёўскі актывіст незарэгістраванага руху “Рушэньне” Валадар Цурпанаў, зазначае, што наўрад ці такі прэзэнт расейцы маглі б прапанаваць іншым краінам, якія некалі былі часткай імпэрыі. Ва ўлады няма мужнасьці адмовіцца ад такога падарунка“:

“Гэта таму, што сёньняшняя ўлада дэкляруе, што мы адзіны народ, мы рускія са знакам якасьці й гэтак далей. Мы мусім казаць, што сёньняшняя ўлада ня ёсьць беларускай. Яна ня дбае пра інтарэсы краю. Я як беларус пачуваю сябе абражаным, што нам робяць такую прапанову”.

Магілёўскія актывісты партыі БНФ лічаць рашэньне ўлады зьняважлівым для сувэрэннай Беларусі, а сам падарунак расейцаў разглядаюць як спробу нагадаць беларусам пра іх каляніяльнае мінулае. Яны заяўляюць, што будуць дамагацца ад гарвыканкаму тлумачэньняў. Гаворыць старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

“Гэта зьдзек з памяці мільёнаў беларусаў, якія загінулі падчас войнаў ад рук расейскіх жаўнераў пры захопе беларускіх земляў. Мы ўжо зьвярнуліся ўва ўсе сродкі масавай інфармацыі да грамадзтва, дзе далі сваю ацэнку такім памкненьням. Нам ужо ўдалося зьвярнуць увагу вядомых гісторыкаў на дадзеную праблему. Яны таксама выкажуць свае меркаваньні ў сродках масавай інфармацыі бліжэйшым часам”.

А як ставяцца магілёўцы да зьяўленьня ў іх горадзе бюста расейскаму імпэратару. Вось некаторыя меркаваньні на магілёўскіх вуліцах.

Юначка: “Такія помнікі павінны ставіць у Расеі, а не ў Беларусі”.

Спадар: “Калі царква аднесла яго да сьвятых, то я думаю, і ў нас ён ня будзе чужым лічыцца”.

Спадар сталага веку: “Гэта не настолькі знакавая фігура для Беларусі ў яе станаўленьні наагул нават у тыя часы. Ёсьць больш годныя асобы”.


Летась у сьнежні Магілёўскі гарвыканкам адмовіў моладзевым актывістам у іх просьбе ўсталяваць на будынку мясцовага краязнаўчага музэю інфармацыйную шыльду ў гонар Беларускай Народнай Рэспублікі. 12 ліпеня 1918 году ў гэтым будынку прадстаўнікі грамадзкасьці прызналі ў горадзе ўладу БНР. Ініцыятыву актывістаў сваімі подпісамі падтрымалі болей за шэсьцьсот магілёўцаў. Гарвыканкам матываваў адмову тым, што нібыта адсутнічае дакумэнтальнае пацьверджаньне факту прызнаньня магілёўскай грамадзкасьцю ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі ў горадзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG