Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мядзьведзеву давялося выступіць “злым паліцэйскім”


Ігар Лялькоў
Ігар Лялькоў
Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў умяшаўся ў канфлікт, які разгарэўся паміж афіцыйным Менскам і расейскім урадам. Мядзьведзеў назваў недапушчальнымі з пункту гледжаньня дыпляматычнай этыкі выказваньні на адрас прадстаўнікоў расейскага кіраўніцтва, якія дазволіў сабе адзін з найбліжэйшых партнэраў. Нагадаем, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Кудрын “цалкам кансалідаваўся з нашымі адмарозкамі, якія тут на заходнія грошы вякаюць і пачынаюць вучыць працаваць”. Чым выкліканы гэты канфлікт і якія ягоныя наступствы для беларуска-расейскіх дачыненьняў? Пра гэта Алесь Дашчынскі гутарыць з палітолягам Ігарам Ляльковым.

Дашчынскі: “Чаму ж прамаўчаў кіраўнік расейскага ўраду Ўладзімер Пуцін, не заступіўся за свайго віцэ-прэм’ера, міністра фінансаў Аляксея Кудрына, а зрабіў гэта кіраўнік Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў?”

Лялькоў: “Мядзьведзеў усё ж зьяўляецца вышэйшай службовай асобай у Расеі. У пэўным сэнсе ёсьць падзел абавязкаў унутры расейскага кіраўніцтва. І тое, што Пуцін устрымліваецца ад нейкіх рэзкіх заяваў у бок Беларусі, — ён хутчэй грае такога «добрага паліцэйскага». Магчыма, Мядзьведзеву давялося ў гэтай раскладцы зараз выступіць такім «злым паліцэйскім»”.

Дашчынскі: “Але ж на пачатку году Лукашэнка і Мядзьведзеў вельмі часта сустракаліся, і падавалася інфармацыя, што гэта было поўнае паразуменьне і сяброўства. А цяпер маладзейшы палітык публічна павучае таго, хто пры ўладзе ўжо амаль 15 гадоў. Ці магчымы паварот да нейкага ахаладжэньня стасункаў на вышэйшым узроўні?”

Лялькоў: “Я думаю, што гэта магчыма. Бо ёсьць пэўны канцэптуальны паварот у беларуска-расейскіх стасунках. І калі гэты паварот будзе працягвацца, — а я думаю, што гэта будзе працягвацца, — то
Ахалоджваньне асабістых стасункаў паміж лідэрамі краінаў — рэч непазьбежная.
ахалоджваньне асабістых стасункаў паміж лідэрамі краінаў — рэч непазьбежная.

Першапачатковы рухавік гэтых працэсаў, натуральна, Пуцін. Яго палітыка на арыначваньне беларуска-расейскіх стасункаў. Але апошнім часам можна бачыць, што рухавік гэтых працэсаў падключыўся і зь беларускага боку. І зьвязаны больш не з эканамічнымі, а палітычнымі ці геапалітычнымі чыньнікамі, уваходжаньнем Беларусі ва “Ўсходняе партнэрства”, разьвіцьцём палітычных стасункаў з Захадам. Яны зьяўляюцца ў гэтай сытуацыі рухавіком зьменаў у дачыненьнях паміж краінамі“.

Дашчынскі: “Наколькі сур’ёзны гэты канфлікт, у цэнтры якога апынуўся расейскі міністар Аляксей Кудрын?”

Лялькоў: “У прынцыпе, стасункі Беларусі з Расеяй зараз знаходзяцца ў стадыі зьмены і перагляду. І гэты канфлікт — адзін з эпізодаў гэтай агульнай зьмены канцэпцыі стасункаў паміж краінамі. Я думаю, што гэта далёка не апошні канфлікт. Гэта зьвязана з тым, што ва ўмовах крызісу ці зь нейкіх іншых прычын Расея ня хоча далей крэдытаваць беларускую эканоміку настолькі, наколькі яна гэта рабіла ўсе папярэднія 14 гадоў. З другога боку, Беларусь таксама робіць пэўныя зьмены свайго геапалітычнага вэктару, або, прынамсі, такое ўражаньне складаецца. Наколькі гэта сур’ёзныя зьмены — гэта ўжо іншае пытаньне. Таму адбываецца перафарматаваньне стасункаў наагул. І такія канфлікты накшталт канфлікту вакол заявы
Праект „саюзная дзяржава“ — гэта ўжо мёртвы праект
Кудрына — гэта проста сымптомы больш сур’ёзных, больш глыбінных працэсаў”.

Дашчынскі: “Дык да чаго ж прыйдуць гэтыя „саюзныя“ стасункі?”

Лялькоў: “Праект „саюзная дзяржава“ — гэта ўжо мёртвы праект, які скончыўся. І тут пытаньне толькі ў тым, наколькі будучыня ёсьць у агульнай мытнай прасторы, у іншых інтэграцыйных структураў на постсавецкай прасторы. Калі праект „Усходняе партнэрства“ будзе разьвівацца дынамічна, то ўсе гэтыя постсавецкія інтэграцыйныя структуры чакае такі ж лёс, як лёс „саюзнай дзяржавы“. Таму тут справа залежыць ня толькі ад унутраных чыньнікаў у Беларусі і Расеі, але і ад зьнешняга кантэксту. Я думаю, што ўсё ж будзе працягвацца збліжэньне Беларусі з Захадам . На гэтым тле стасункі з Расеяй паляпшацца прынамсі ня будуць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG