Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У апазыцыі няма гнуткасьці і пануе ўпартасьць”


Падрыхтоўка да прэзыдэнцкіх выбараў у асяродку апазыцыі, артыкул у газэце “Народная Воля”, у якім робіцца спроба дыскрэдытаваць Аляксандра Мілінкевіча, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Адзін зь лідэраў партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі абвешчаны прэтэндэнтам на ўдзел у наступных выбарах прэзыдэнта. Раней пра намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах у якасьці кандыдатаў заявілі лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч і старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі. Камэнтары слухачоў:

Віктар Буто, Менск: “Крыху пра будучыя прэзыдэнцкія выбары, якія, падобна на тое, зноў хоча прайграць апазыцыя нават да выбараў. Апазыцыя мае зноў надта шмат кандыдатаў у прэзыдэнты, якіх лёгка перамагае рэжым і ягоны адзіны кандыдат, то бок Аляксандар Лукашэнка. У апазыцыі адсутнічае адзінства і гнуткасьць і пануе ўпартасьць.Лідэры апазыцыі нічога ня бачаць і слухаць нічога не жадаюць, апрача саміх сябе. То бок рэжым можа выйграць выбары нават без фальсыфікацый, наездаў і звычайных перасьледаў, рэпрэсій і распраў падчас выбараў”.

Спадар: “Дарагая “Свабода”! Вось зараз Лукашэнка выступае па тэлевізіі. Паказвае сваю вёску Александрыю і возіць з сабой Пракаповіча, дырэктара банку. Значыць, наступным прэзыдэнтам будзе Пракаповіч, пакуль вырасьце маленькі Міколка Лукашэнка. Так што хай апазыцыя пакуль не зьбіраецца высоўваць сваіх прэзыдэнтаў, таму што з гэтага нічога ня будзе”.

Анатоль Янкоўскі, Баранавічы: “Акрамя Казуліна, адзінага кандыдата ў прэзыдэнты няма ў Беларусі. Бо Казулін — гэта сімвал, а Мілінкевіч — гэта пытаньне, хто ён і адкуль? Усяго добрага вам!”

Сяргей Ладнюк, Менск: “Я хачу, каб вы растлумачылі: калі на прэзыдэнцкіх выбарах ніводзін з кандыдатаў не набярэ больш за 50 адсоткаў галасоў выбаршчыкаў у першым туры, ці будзе ў гэным выпадку другі тур галасаваньня і хто туды трапіць?”

На пытаньне адказвае палітоляг Юры Чавусаў:

“Сыстэма засталася ранейшай: у першым туры перамагае кандыдат, які набраў больш за 50% галасоў. Калі такога няма, то ў другі тур выходзяць два кандыдаты, якія набралі найбольш галасоў. Магчымыя таксама і іншыя варыянты. Але мы мусім улічваць, што зараз вядуцца перамовы беларускага боку з Эўропай. І адзін з прадметаў торгу — гэта рэфармаваньне выбарчага заканадаўства. Што тут можна сказаць? Вельмі крыўдна, што гэты торг адбываецца за сьпінамі беларускага народу”.

У наступных тэлефанаваньнях слухачы камэнтуюць артыкул “Адбельвальнік М”, надрукаваны ў газэце “Народная воля”. У ім выказваецца меркаваньне, што Аляксандар Мілінкевіч нібыта будзе ўцягнуты ва ўладу, а Аляксандар Лукашэнка атрымае новы легітымны прэзыдэнцкі тэрмін. Эўрапейцы, у сваю чаргу, выйграюць спрыяльныя ўмовы для свайго бізнэсу ў Беларусі. Выказваньні на гэтую тэму:

Спадар: “Слушна зрабіла газэта “Народная воля”, надрукаваўшы публікацыю Міхала Падаляка “Адбелівацель М”. Абвяргаць рэдакцыя газэты нічога не павінна. А Мілінкевіч хай аспрэчыць і дакажа, наколькі чыстыя эўрапейскія каштоўнасьці. І хай ня думае, што апазыцыя настолькі дурная, што нічога не заўважае. Быць матузком — прыніжаная роля, якая ня мае аніякае павагі ў грамадзтве. Перамагчы Лукашэнку на выбарах павінен сьмелы, прыстойны, чэсны чалавек”.

Пэнсіянэр Мікола, былы стралок: “Артыкул “Адбелівацель М” ацьверазіць многім галовы, і я ўдзячны Сярэдзічу за зьмяшчэньне яго на старонках “Народнай Волі”. А спадару Мілінкевічу скажу: кіньце дурыць галовы простаму насельніцтву, вы іх дэзарыентуеце. Няўжо вы верыце ў перамогу на выбарах? На выбарах патрэбныя ня вы, а тыя, хто прыйдзе галасаваць за вас, але галасы будуць залічаны іншаму. Гэта так проста зразумець. А стаць прамежкавым прэзыдэнтам паміж бацькам і сынам ня вам наканавана, вы ўжо спазьніліся”.

Спадарыня: “Скажу адразу, што ўсе мае знаёмыя чытачы “Народнай Волі” ў захапленьні ад публікацыі Міхаіла Падаляка. Ён дакладна сфармуляваў іх таемныя падазрэньні. Безумоўна, гэта права Мілінкевіча крыўдаваць і на Падаляка, і на Сярэдзіча, але гісторыя чалавецтва дае мноства прыкладаў таемных пагадненьняў. Надта бурная рэакцыя Мілінкевіча на публікацыю — гэта мінус для яго як для палітыка”.

Працягваем праграму:

Зіноўеў: “Я слухаў перадачу “Лісты на Свабоду” пра сьпіртзаводы. Бутэлька віна з надпісам: “Талачынскі раён, вёска Азяркі”. Ну і дрэнь! І скажыце, як даслаць туды Зянона Ломаця? Вось куды б трэ было зьезьдзіць дэпартамэнту МУС, а не да Аўтуховіча”.

Гары Табачнік, Менск: “Беларускія ўлады праводзяць палітыку так званых падвойных стандартаў у адносінах да насельніцтва краіны. З аднаго боку, у гарадох праводзяцца дні цьвярозасьці, а зь іншага, па тэлевізіі ідзе рэкляма піва”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG