Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Аніякага фронту ў нас няма”


У праграме “Званкі на Свабоду” слухачы гавораць пра галадоўку падтрымкі зьняволеных ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. Сябра “Маладога фронту” Людвіся Атакулава адказвае на прапановы слухачкі зьмяніць назву на “больш мірную”.


11 дзён працягваецца галадоўка салідарнасьці са зьняволенымі ваўкавыскімі прадпрымальнікамі — Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым, Уладзімерам Асіпенкам. У акцыі ўдзельнічаюць болей за 30 чалавек. Некаторыя зь іх галадаюць бестэрмінова, некаторыя эстафэтна. Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенку падазраюць у наўмысных падпалах, што яны абвяргаюць. Мікалай Аўтуховіч знаходзіцца ў мэдычным ізалятары. Ён трымае галадоўку пратэсту за кратамі ад 16 красавіка.

Пра галадоўкі гавораць нашыя слухачы.

Спадар: “Я вельмі прашу прадпрымальнікаў і маладафронтаўцаў, якія ажыцьцяўляюць палітычную галадоўку, распачаць выхад зь яе. Улічваючы, што выхад з такой галадоўкі для тых, хто пратэстуе, уяўляе такую ж пагрозу для здароўя ў нашай крымінальнай і вельмі небясьпечнай дзяржаве. Вы дабіліся шмат чаго... Зь вялікай павагай, Віктар Буто, чарнобыльскі інвалід, які ажыцьцявіў 5 падобных галадовак”.

Спадарыня: “Мікола Аўтуховіч не патрабуе чагосьці надзвычайнага, а патрабуе выкананьня элемэнтарных правоў чалавека. За сваю справядлівасьць аддаў ужо здароўе, а наш усямоцны Лукашэнка схаваўся за глухую сьцяну маўчаньня і да таго ж спрабуе абліць бруднай прапагандай моладзь, што праявіла салідарнасьць з галадоўнікам Аўтуховічам, які даў бой гэтай уладзе. І вынікі гэтай барацьбы абавязкова будуць, нікуды яны ня дзенуць ад адказу тых, хто вымусіў Міколу Аўтуховіча на галадоўку, спусьціўшы на тармазах ягоную справу, якая ня мае аніякага дачыненьня да трох прадпрымальнікаў з Ваўкавыску”.

13 траўня на сайце Свабоды адбылася онлайн-канфэрэнцыя зь сябрамі “Маладога фронту”, якія ўдзельнічаюць у галадоўцы. Рэакцыя нашай слухачкі:

Ларыса, Менск: “Пачула адказы маладафронтаўцаў на пытаньні. Гэта разумныя, разважлівыя людзі. Яны ў сваіх поглядах упэўненыя. Нам, старым, гэтага не хапае, мы вагаемся то ў адзін, то ў другі бок. Так выхаваны: хата з краю, нічога ня ведаю. Я б параіла зьмяніць назву. Яны мірныя, і “маладафронтаўцы” — неяк не адпавядае ім гэтая назва. Аніякага фронту няма. Посьпехаў, дзеткі”.

На прапанову зьмяніць назву арганізацыі адказвае сябра “Маладога фронту” Людвіся Атакулава:

“Назва мае сваю гісторыю. Першапачаткова Малады фронт быў моладзевым крылом БНФ. Але ні ў кога не ўзьнікае пытаньня, каб зьмяніць назву Беларускага народнага фронту. Сёньня МФ — незалежная арганізацыя, але захоўвае сваю назву. Назва “Малады фронт” сталася брэндам і выклікае асацыяцыі. Я ня думаю, што гэта нейкім чынам людзей адштурхоўвае”.

13 траўня Беларускае тэлебачаньне паказала фільм, які называецца “Малады фронт”. Кіднэпінг”. У фільме зроблена спроба дыскрэдытаваць некаторых маладафронтаўцаў і іхных бацькоў, сьцьвярджаецца пра амаральнасьць апазыцыі.

Нарачанскі селянін: “Хачу пачуць ад вас камэнтар на перадачу беларускага тэлебачаньня пра маладых франтавікоў”.

Слухачу адказвае намесьніца кіраўніка арганізацыі Наста Палажанка:

“Ня хочацца апраўдвацца за фільм. Усё ў лепшых традыцыях БТ: вельмі брудна і вельмі нізка”.

Тэлефон “Свабоды” у Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG