Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі зяць не паладзіць зь цесьцем


На постсавецкай тэрыторыі зьявілася кніжка пра аднаго доўгагадовага постсавецкага прэзыдэнта, якая абвінавачвае яго ў аўтарытарных мэтадах кіраваньня дзяржавай, у таптаньні правоў чалавека і ўсталяваньні атмасфэры тэрору ў краіне ды ў фізычнай ліквідацыі палітычных апанэнтаў.

Кніжка таксама адкрывае, што прэзыдэнт мае пазашлюбнага нашчадка, якога рыхтуе на свайго пераемніка.

Ну і што, яшчэ адна кніжка пра Аляксандра Лукашэнку, скажаце... Ды не. Гэтым разам маецца на ўвазе кніжка пра казахскага прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева.

Кніжку пад загалоўкам "Хросны цесьць" напісаў былы зяць Нурсултана Назарбаева, Рахат Аліеў, які цяпер знаходзіцца ў эміграцыі ў Аўстрыі. Кніжка выйшла адначасова на расейскай і нямецкай мовах. Яе назоў, безумоўна, абыгрывае загаловак сусьветна вядомага кінабаевіка пра італіянскую мафію ў ЗША, "Хросны бацька", які быў пастаўлены паводле аднайменнага раману Марыё Пуза.

На гэтым тыдні прэсавы прадстаўнік генэральнага пракурора Казахстану, Сапарбэк Нурпэйсаў, папярэдзіў усіх казахаў, што кожны, хто хоць дакранецца да кнігі, можа быць прыцягнуты да судовай адказнасьці:

"Нашы грамадзяне, якія маюць дачыненьне — калі мы выявім — да набыцьця і пашырэньня зьместу гэтай кнігі, будуць прыцягвацца да крымінальнай адказнасьці за аказаньне садзейнічаньня злачынцу Рахату Аліеву, бо сёньня, як я казаў, ён хаваецца ад казахстанскага правасудзьдзя. Апрача таго там ёсьць дзяржаўныя сакрэты. Хто ня мае доступу да гэтых сакрэтаў, той таксама ня мае права ведаць яго зьмест".

У кніжцы Рахат Аліеў называе сябе „вядомым палітыкам і пасьпяховым бізнэсмэнам, былым амбасадарам Казахстану ў Аўстрыі і пры АБСЭ, ААН ды іншых міжнародных арганізацыях у Вене, былым першым намесьнікам міністра замежных справаў Казахстану".

Аліеў быў таксама жанаты з найстарэйшай дачкою Назарбаева, Дарыгаю, і належаў да кіроўнай эліты сваёй краіны да траўня 2007 году, калі, будучы амбасадарам у Аўстрыі, ён раптам заявіў, што пераходзіць у апазыцыю да свайго цесьця. Неўзабаве суды ў Казахстане завочна прысудзілі яго да 40 гадоў пазбаўленьня волі, між іншым, за здраду, карупцыю і выкраданьне людзей.

Цяпер, па факце публікацыі згаданай кнігі, казахскія ўлады адкрылі новую справу супраць Аліева.

У кніжцы Аліеў прыводзіць запісы сваіх размоваў, як асабістых, так і тэлефанічных, з Назарбаевам, ды цытуе шматлікія канфідэнцыйныя дакумэнты і лісты — некаторыя зь іх, па-відавочнаму, можна лічыць засакрэчанымі.

У кніжцы, якая налічвае 540 старонак, Аліеў абвінавачвае былога цесьця, які зьяўляецца прэзыдэнтам Казахстану бесьперапынна з 1991 голу, ва ўзурпацыі ўлады і татальным кантролі над усімі праявамі публічнага жыцьця.

Аліеў таксама абвінавачвае Назарбаева ў элімінацыі палітычных апанэнтаў або шляхам судовага перасьледу (асобам з прысудамі нельга балятавацца на выбарах), або шляхам забойстваў. Паводле Аліева, спэцслужбы Казахстану забілі аднаго з найбольш вядомых апазыцыянэраў краіны, Алтынбэка Сарсэнбаева, ды ягоных двух таварышаў.

Што тычыцца праблемы пераемніка, дык Аліеў піша, што Нурсултан Назарбаеў зьбіраецца перадаць прэзыдэнцкую ўладу свайму "тайнаму сыну", якога ён мае з "тайнай трэцяй жонкай", былой міс Казахстану. Перадача ўлады мае адбыцца ў 2035 годзе, калі гэтаму сыну споўніцца 30 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG