Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўка салідарнасьці: дзень дзясяты


Сёньня — дзясяты дзень галадоўкі на знак салідарнасьці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым, Уладзімерам Асіпенкам. 13 траўня колькасьць галадоўнікаў ва ўправе БНФ скарацілася да пяці чалавек. Тут па-ранейшаму застаюцца маладафронтаўцы Наста Палажанка, Арцём Дубскі, Мікола Дземідзенка, Яўген Скрабец і Ірына Губская. Працягвае галадоўку і Кацярына Салаўёва, але ў яе захварэў бацька, і яна паехала дадому ў Віцебск. А вось Ільля Нагорны з прычыны стану здароўя вымушаны спыніць акцыю.

СЛУХАЦЬ:


Сёньня галадоўнікі атрымалі ліст ад Мікалая Аўтуховіча, які па-ранейшаму знаходзіцца за кратамі. Ён шчыра дзякуе моладзі за падтрымку. Але адначасова просіць маладафронтаўцаў спыніць галадаваньне, каб не пашкодзіць здароўю. Асабліва непакоіць ваўкавыскага прадпрымальніка лёс дзяўчат, як будучых маці.

Ірыну Губскую ліст з-за кратаў моцна закрануў:

Ірына Губская
“Дзякуй спадару Аўтуховічу за ліст. Я вельмі ўражана тым, што ён пра нас клапоціцца, што заклікае спыніць галадоўку, што думае пра дзяўчат, якія стануць маці для будучага пакаленьня. Але ўсё ж я лічу, што мы, дзяўчаты, самі можам пастаяць за сваё здароўе і спыніць галадоўку тады, калі мы палічым гэта патрэбным. І ня варта, мабыць, дзяліць нас на хлопцаў і дзяўчат. Я лічу, што гэта галадоўка за жыцьцё, а не за здароўе дзяўчат ці хлопцаў”.

Сёньня галадоўнікаў наведалі кіраўнікі руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч і Аляксей Кавалец. Яны прынесьлі два пакункі вады, паабяцалі паднесьці спальнік. Аляксандар Мілінкевіч гаворыць пра свае ўражаньні:

Аляксандар Мілінкевіч
“Гэта сапраўды — самаахвярнасьць, мужнасьць, салідарнасьць. Зь іншага боку, я шчыра хачу, каб яны выйшлі з галадоўкі. Яны ўжо зьвярнулі ўвагу грамадзтва ня толькі ў Беларусі, але і па ўсёй Эўропе на тое, што адбываецца з Аўтуховічам і ягонымі сябрамі. І яны ня маюць права пашкодзіць свайму здароўю. Я салідарызуюся з тым, што напісаў Аўтуховіч, асабліва пра дзяўчат. Спадзяюся, што стан іх ня будзе такім цяжкім. Я вельмі за іх хвалююся”.

Аляксей Кавалец падкрэсьлівае, што галадоўкі звычайна адбываюцца пры дыктатарскіх, аўтарытарных рэжымах. І галадоўка маладафронтаўцаў гэта пацьвярджае:

“Хацелася б, каб яны засталіся здаровымі і працавалі ў далейшым на карысьць Беларусі. Таму што я ўпэўнены — іх час яшчэ прыйдзе, і не хацелася б, каб яны страцілі здароўе. Сваёй галадоўкай яны ўжо зьвярнулі ўвагу на праблемы Аўтуховіча і яго сяброў. Добра было б, калі б яны выйшлі з галадоўкі. Я захапляюся іх мужнасьцю”.

Сёньня ў другой палове дня галадоўнікаў наведалі кіраўнікі дзьвюх дыпляматычных місіяў, якія акрэдытаваныя ў Беларусі. Гэта — Іржы Карас, кіраўнік Амбасады Чэхіі — краіны, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, і Стэфан Эрыксан, амбасадар Швэцыі, якая будзе старшыняваць у Эўразьвязе ў другой палове году.

Наста Палажанка
Наста Палажанка кажа, што галадоўнікі найперш распавялі дыпляматам пра свае патрабаваньні:

“Пра патрабаваньні, якія дублююцца з патрабаваньнямі Мікалая Аўтуховіча. Гэта ёсьць асноўны мэсыдж. Наша галадоўка працягнецца роўна столькі, колькі ня будзе працэсуальных зьменаў у гэтай справе”.

Тры ваўкавыскія прадпрымальнікі знаходзяцца пад сьледзтвам. Іх падазраюць у наўмысных падпалах, што яны абвяргаюць. Усе трое маюць праблемы са здароўем. Юры Лявонаў ужо быў у турэмным шпіталі. Мікалай Аўтуховіч знаходзіцца ў мэдычным ізалятары. Ён трымае галадоўку пратэсту за кратамі ад 16 красавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG