Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўка салідарнасьці: дзень дзявяты


Сёньня — дзявяты дзень галадоўкі на знак салідарнасьці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым, Уладзімерам Асіпенкам. Ва ўправе БНФ галадуюць маладафронтаўцы Наста Палажанка, Арцём Дубскі, Мікола Дземідзенка, Яўген Скрабец, Ірына Губская, Кацярына Салаўёва. Трымае галадоўку і Ільля Нагорны, які сёньня езьдзіў у Салігорск, дзе праходзіў суд над ім і двума ягонымі паплечнікамі.

СЛУХАЦЬ:

Калі я сёньня адчыніў дзьверы памяшканьня, дзе трымаюць галадоўку маладафронтаўцы, то першым пабачыў Арцёма Дубскага. У пакойчыку няма дзе павярнуцца, і таму Арцём узважваўся літаральна перад самымі дзьвярыма:

Арцём Дубскі
“Замест звычайных 60 кіляграмаў я важу 56. Мінус чатыры кіляграмы. Такая вага скінутая. Таму паглядзім, што будзе далей. Наагул мая нармальная вага 54—55 кіляграмаў. Час ад часу я набіраў лішнія кіляграмы, але ніколі больш за 65 не было. А зараз ужо 56. Паглядзім. Спадзяюся, што ўсё будзе добра зноў-такі”.

Кася Салаўёва з Полацку далучылася да галадоўнікаў учора ў другой палове дня. Пытаюся: як яе сустрэлі сябры з “Маладога фронту”?

Кася Салаўёва. Побач спіць Наста Палажанка
“Добра сустрэлі. Гэта мае сябры, і я проста рада, што маю магчымасьць далучыцца да іх і падтрымаць іх”.

Карэспандэнт: “Гэта будзе для цябе бестэрміновая галадоўка ці толькі на пэўны час?”

“Канечне, бестэрміновая. Я буду ісьці да канца. І я не хачу быць салідарнай толькі на пэўны адрэзак часу, а пасьля забыцца. Мікалай Аўтуховіч галадуе, мы яго падтрымліваем. Калі ён спыніць сваё галадаваньне, то прыйдзецца спыніць і нам. Карацей, мы будзем галадаваць, пакуль не атрымаем пэўнага адказу ад уладаў альбо пакуль Мікалай Аўтуховіч ня спыніць галадаваньне сам”.


Мікола Дземідзенка
Пытаюся ў Міколы Дземідзенкі: а як галадоўнікі сустрэлі папаўненьне?

“Касю? Мы яе чакалі. Яна казала, што да нас далучыцца. Яна ж наша паплечніца. І мы вельмі рады. Усё ідзе па пляну”.



Наста Палажанка
Наста Палажанка распавядае пра сёньняшні дзень:

“Сёньня ў нас наведнікаў асабліва не было. Тэлефануюць журналісты, цікавяцца нашым здароўем. Усё праходзіць добра, як казаў Мікола, па пляну. Ад сваіх патрабаваньняў і ад свайго рашэньня мы не адыходзім”.

Ля кампутара бачу незнаёмага мне чалавека, на выгляд старэйшага за галадоўнікаў. Гэта — Алесь Цялегін. Учора невядомыя хуліганы зьбілі яго ў цэнтры Менску, убачыўшы ў яго на адзеньні выяву “Пагоні”. Алесь кажа, што прыйшоў да галадоўнікаў, каб падтрымаць іх.

“Я лічу, што яны вельмі мужныя людзі. Ня кожны можа пайсьці на бестэрміновую галадоўку”.



Тры ваўкавыскія прадпрымальнікі знаходзяцца пад сьледзтвам. Іх падазраюць у наўмысных падпалах, што яны абвяргаюць. Усе трое маюць праблемы са здароўем. Юры Лявонаў ужо быў у турэмным шпіталі. Мікалай Аўтуховіч знаходзіцца ў мэдычным ізалятары. Ён трымае галадоўку пратэсту за кратамі ад 16 красавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG