Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пацярпелыя міліцыянты на ўсіх працэсах адны і тыя ж


28 красавіка ў cудзе Кастрычніцкага раёну Менску па справах Паўла Вінаградава, Зьмітра Дразда, Алеся Кіркевіча, Андрэя Пратасені і Ўладзімера Хамічэнкі заслуханыя восем пацярпелых міліцыянтаў і шасьцёра сьведак. Пацярпелыя міліцыянты на ўсіх працэсах за 19 сьнежня адны і тыя ж.

Суды за Плошчу

Журналісты, якія працуюць на судах, ужо склалі сьпіс зь імёнамі, прозьвішчамі і пасадамі пацярпелых міліцыянтаў, каб дакладна іх называць. У чацьвер з раніцы частка давала паказаньні на працэсе ў Партызанскім судзе, дзе ідзе працэс над Саньнікавым і моладзьдзю, другая частка – у Кастрычніцкім. Ніхто зь нібыта пацярпелых не апазнаў ніводнага абвінавачанага, яны агульнымі фразамі распавядалі пра тое, што было на плошчы 19-га. Бацька абвінавачанага актывіста кампаніі "Гавары праўду!" Паўла Вінаградава спадар Ігар кажа:

Павал Вінаградаў
"Нейкія зьмяшаныя пачуцьці выклікае гэты суд. Многае незразумела. Незразумелы выклік пацярпелых – якія адносіны яны маюць непасрэдна да гэтых падсудных? Нідзе ў дакумэнтах па справе, да прыкладу, майго сына яны ня значацца як пацярпелыя, паводле словаў адваката. Я не пачуў нічога канкрэтнага".

Траўмы, пашкоджаньні, якія быццам бы атрымалі на плошчы пацярпелыя, выклікалі ўсьмешкі ў прысутных у залі суду – у намесьніка камандзіра роты спэцназу Сяргея Лушчыка – гематома ягадзіцы, у іншых – ушыбы мяккіх тканак. Ніхто зь сямі дапытаных ня быў шпіталізаваны. Дар'я Беліс, якая ўважліва сочыць за працэсам, выказала такое меркаваньне:

"Я лічу, што вылучаюць абсурдныя абвінавачваньні. Абсурдныя сьведкі, абсурдныя пацярпелыя, якія зьяўляюцца міліцыянтамі. Вось і ўсё". Але я лічу, што хлопцы – малайцы. Трымаюцца".

Аляксандар Арцыбашаў, які таксама прысутнічае на судзе, кажа:

"У прынцыпе, уражаньні ня самыя лепшыя. Зразумела, што сфабрыкавана ўсё і зроблена такім чынам, каб пасадзіць хлопцаў, у прыватнасьці, майго сябра Паўла Вінаградава".

Сябра "Маладога фронту" Ігар Кішко падзяліўся сваімі ўражаньнямі наконт працэсу:

"Не ўпершыню бачым падобнае судзілішча. Таму ніякіх спадзеваў на справядлівы прысуд мы ня маем. Мяркуем, што і Кіркевіч, і Яроменак атрымаюць вельмі жорсткія тэрміны, таму што ўлады вельмі жорстка ставяцца ўвогуле да вольнай моладзі нашай краіны".
Уладзімер Хамічэнка

У другой палове дня суд заслухаў сьведкаў. Двое зь іх – таксама міліцыянты. Абодва пазналі абвінавачанага Ўладзімера Хамічэнку. Абодва быццам бы затрымлівалі яго, але блыталіся, судзьдзя заўважыла разыходжаньні ў пісьмовых паказаньнях і вусных. Выступілі брат і сябар Андрэя Пратасені, літаратар Язэп Янушкевіч – у абарону архівіста Зьмітра Дразда.

Пры канцы паседжаньня суд заслухаў грунтоўныя паказаньні старшыні БХК Алега Гулака. Гулак распавёў, што яго зьдзівіла на плошчы: шкло білі чалавек 15, побач стаялі міліцэйскія начальнікі ў цывільным. Ніхто не рэагаваў, не перашкаджаў. Пасьля разгону плошчы ён ня бачыў ні палак, ні арматуры, ні бутэлек – усё гэта пабачыў толькі па Беларускім тэлебачаньні.

Працяг суду – у пятніцу, а 10-й раніцы.

Суд над Вінаградавым, Кіркевічам, Драздом, Хамічэнкам і Пратасенем
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG