Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўка салідарнасьці: дзень шосты


Сёньня шосты дзень галадоўкі на знак салідарнасьці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым, Уладзімерам Асіпенкам. 9 га траўня ўдзельнікаў акцыі ва ўправе БНФ стала меней. Часова спынілі галадаваньне Глеб Скоркін – з рэкамэндацыі лекара і Андрусь Цянюта, у якога надышоў час здачы іспытаў у вышэйшай навучальнай установе. Па-ранейшаму галадуюць маладафронтаўцы Наста Палажанка, Арцём Дубскі, Мікола Дземідзенка, Яўген Скрабец, Ірына Губская, Ільля Нагорны.

Калі я сёньня чарговым разам прыйшоў да галадоўнікаў, то адразу ўбачыў, што на сьцяне над іхнымі галовамі вісіць вялікі бел-чырвона-белы сьцяг. Раней тут вісела расьцяжка — “ГАЛАДОЎКА”. Ірына Губская ўзяла расьцяжку на акцыю на Кастрычніцкай плошчы. А там міліцыянты сілай адабралі яе і не вярталі. Але сёньня яны нечакана дазволілі забраць расьцяжку. І хутка яна вернецца на сваё звыклае месца.

І яшчэ першае ўражаньне, што сёньня нібыта ў пакоі неяк спакайней. Мікола Дземідзенка тлумачыць:

Мікола Дземідзенка
“Сёньня выходны ў офісе Партыі БНФ. Менш наведвальнікаў, амаль ціха. Мы ляжым, адпачываем. Сёньня зранку прыходзіў лекар, зрабіў нам асабісты дагляд. Мы сказалі, што адчуваем сябе нармальна. І ён пацьвердзіў, што стан нашага здароўя пакуль ня кепскі”.

Выключэньне складае толькі Глеб Скоркін. Лекар парэкамэндаваў хлопцу, хаця б часова прыпыніць галадоўку. Да таго ж, ва аўторак,12-га траўня, у Салігорску, дзе жыве Глеб, пачнецца суд над ім і яшчэ некалькімі маладафронтаўцамі. Іх абвінавачваюць у тым, што 5-га траўня яны разьвярнулі на цэнтральнай плошчы Салігорска расьцяжку “Школа – для ўсіх”. Так яны падтрымалі свайго сябру Івана Шылу, якому за ягоную грамадзкую актыўнасьць не дазваляюць здаць школьныя іспыты. І хаця Глеб не хацеў перарываць галадоўку, сябры ўгаварылі яго паехаць дамоў.

Вагаўся і Андрусь Цянюта. Але і тут усе выказаліся за тое, каб ён ехаў на іспыты. Арцём Дубскі жартуе, што ў Андруся надышоў дэмбель. А сам Андрусь тлумачыць сытуацыю:

Андрусь Цянюта
“Я паеду ў Гомель, каб быў дзянёк адыйсьці ад галадоўкі. А пасьля паеду ў Бранск. Там я вучуся на другім курсе сельскагаспадарчай акадэміі. У мяне другі курс, буду інжынэрам-мэханікам. На першым курсе вучыўся на чацьвёркі, там пяцібальная сыстэма”.

Ірына Губская цьвердзіць, што пакуль усё праходзіць добра:

Ірына Губская
“Ня ведаю, што яшчэ дадаць. Усё нармальна. Учора нас вельмі шмат заклікалі спыніць галадоўку. Прыходзілі прадстаўнікі Беларускай рады інтэлігенцыі, Аляксандар Казулін. Сам Аўтуховіч заклікае нас спыніць галадаваньне. Ну, але ж сам ён не спыніў галадоўку. Таму і мы працягваем”.

Ірына сьмяецца, што ёсьць “водная” праблема:

“Нам прыносяць ваду ў вялікіх бутлях. Але для нас гэта ня вельмі зручна. Нам зручней у малых. Глядзіце, вялікіх стаіць многа, малых – меней”.

Сёньня ж днём супрацоўнікі міліцыі затрымалі Яўгена Скрабца ды Ільлю Нагорнага. Хлопцы выйшлі з управы на вуліцу падыхаць сьвежым паветрам. Іх адвезьлі ў міліцыю Цэнтральнага раёну Менску. Але праз гадзіну маладафронтаўцаў выпусьцілі.



Тры ваўкавыскія прадпрымальнікі знаходзяцца пад сьледзтвам. Іх падазраюць у наўмысных падпалах, што яны абвяргаюць. Усе трое маюць праблемы са здароўем. Юры Лявонаў ужо быў у турэмным шпіталі. Мікалай Аўтуховіч знаходзіцца ў мэдычным ізалятары. Ён трымае галадоўку пратэсту за кратамі ад 16 красавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG