Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правы чалавека: чым адметны 2008 год?


Валянцін Стэфановіч, Алесь Бяляцкі
Валянцін Стэфановіч, Алесь Бяляцкі

Праваабаронцы з закрытай уладамі праваабарончай арганізацыі “Вясна” прэзэнтавалі чарговы гадавы агляд сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.


“Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2008 годзе”. Гэтак называецца штогадовы агляд, падрыхтаваны праваабаронцамі Алесем Бяляцкім, Валянцінам Стэфановічам, Тацянай Равякай і Юрыем Чавусавым. Гэта ўжо 11-я справаздача, падрыхтаваная актывістамі закрытай уладамі ў 2003 годзе праваабарончай арганізацыі “Вясна”.

Мінулы год быў адметны рознымі падыходамі да правоў чалавека з боку ўлады, адзначае Алесь Бяляцкі. Прыкладам, у першым паўгодзьдзі — самы масавы працэс над актывістамі апазыцыі, на лаве падсудных ажно 14 маладых апазыцыянэраў. Другая палова году — вызваленьне экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна, іншых апазыцыянэраў. “Лібэралізацыя” 2009 году ідзе з таго часу. Сёлета я бачыў памятку, якую раздаваў беларускі МЗС замежным дыпляматам: “Аляксандар Казулін — вызвалены. Андрэй Кім — вызвалены. “Рух за свабоду” — зарэгістраваны”. Але гэтая памятка якраз і ёсьць паказчыкам, што па сутнасьці мала што зьмянілася”, — мяркуе Алесь Бяляцкі:

Алесь Бяляцкі
“Улады пачалі дазавана, індывідуальна ўжываць рэпрэсіі супроць актывістаў. Кожнае рашэньне яны, відаць, узважваюць. Каго пасадзіць, каму даць штраф. А ў мінулым годзе гэта ішло суцэльным патокам у першай палове году. Тады сотні людзей былі рэпрэсаваныя.

Сёлета лік ідзе на дзесяткі. Але што да агульных тэндэнцый, то захоўваецца рэпрэсіўнае заканадаўства, якое абмяжоўвае грамадзкую дзейнасьць. Гэта законы аб сродках масавай інфармацыі, аб экстрэмізьме, аб правядзеньні масавых акцый, аб грамадзкіх арганізацыях і палітычных партыях. Тое ж выбарчае заканадаўства.

Гэтыя законы застаюцца непарушнымі, і, такім чынам, гэтая стрэльба, якая вісіць супроць дэмакратыі на сьцяне ў Доме ўраду, яна можа быць зьнятая і зь яе стрэляць зноў. Таму яшчэ адна характарыстыка сытуацыі — гэта няпэўнасьць. Ці сапраўды першыя крокі паляпшэньня сытуацыі будуць рабіцца і далей, ці ўсё вернецца на былое і ўлады будуць дзейнічаць правераным мэтадам — “не пушчаць”?”

Тацяна Равяка распавяла, што гэтым разам праваабаронцы больш увагі аддалі правам людзей, якія ня ўцягнутыя ў палітычны працэс, але таксама церпяць ад парушэньняў закону:

Тацяна Равяка
“На што мы ўпершыню зьвярнулі ўвагу сёлета — гэта сытуацыя з тымі людзьмі, якіх накіроўваюць на прымусовае лячэньне, на прымусовыя працы ў ЛТП. Мы гэта расцэньваем як парушэньне права на свабоду, на асабістую недатыкальнасьць, а таксама як выкарыстаньне прымусовай працы. Мы бачым, што дзяржава змагаецца з алькагалізацыяй, але ці вытрымліваецца правіла аб правах людзей, калі вышэйшыя чыноўнікі лічаць магчымым рабіць адносна іх што заўгодна? Мы ж кажам, што правы чалавека датычаць усіх — і добрых, і кепскіх, і тых, хто паводзіць сябе ўзорна, і тых, хто ў нечым аступіўся”.

Да зборніка аналітыкі пра сытуацыю з правамі чалавека праваабаронцы дадалі таксама зборнік фактаў, які называецца “Агляд-хроніка”. На старонках гэтага выданьня знойдуць свае імёны і фотаздымкі дзясяткі людзей, якія пацярпелі ад рэпрэсій рэжыму, але не скарыліся. “Каторы год мы адзначаем, што як дасьведчаныя палітыкі, гэтак і простыя актывісты вельмі годна паводзяць сябе падчас затрыманьняў і ў зьняволеньні. Гэтымі людзьмі можна ганарыцца і захапляцца іх мужнасьцю”, — сказаў Валянцін Стэфановіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG