Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страйковец Расюк супраць “Магілёўлаўсанбуду”


Кастрычніцкі суд Магілёва прыняў да разгляду скаргу працаўніка акцыянэрнага таварыства “Магілёўлаўсанбуд”, актывіста Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікалая Расюка супраць адміністрацыі ягонага прадпрыемства.

Мікалай Расюк вінаваціць сваё начальства ў парушэньні працоўнага заканадаўства.

“Я хачу праз суд адмяніць загад аб маім пераводзе на другі аб’ект — з Магілёўскага на будоўлю кароўніка ў вёску Дужаўка, што ў Чавускім раёне. Гэты загад незаконны. Суду я буду даводзіць, што ссылкай у Чавускі раён начальства мне помсьціць за страйк, які адбыўся летась 28 лістапада і якім я і мае калегі дамагаліся выплаты заробкаў. Пра страйк я паведаміў у дзяржаўныя й недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Пасьля гэтага начальства палічыла за лепшае зрабіць усё, каб я звольніўся, таму й перавяла мяне ў Дужаўку”, — паведаміў пасьля сёньняшняга папярэдняга судовага паседжаньня Мікалай Расюк.

Паводле яго, судовы працэс пачнецца 11 траўня. У якасьці сьведкаў у суд выкліканыя галоўны энэргетык “Магілёўлаўсанбуду”, а таксама прараб і энэргетык будаўнічай управы № 129, дзе электрыкам працуе Расюк. Бараніць інтарэсы будаўніка будуць юрысты Свабоднага прафсаюзу Беларускага.

Нагодай для амаль гадзіннага страйку сталася несвоечасовая выплата заробку. У акцыі пратэсту ўзялі ўдзел трыццаць будаўнікоў. Галоўны інжынэр і намесьнік генэральнага дырэктара будаўнічага трэсту “Лаўсанбуд” здолелі пераканаць страйкоўцаў выйсьці на працоўныя месцы ды паабяцалі выплаціць заробак. Па сканчэньні працоўнага дня заробленае будаўнікі атрымалі. Акрамя выплаты грошай, страйкоўцы патрабавалі павышэньня заробкаў у паўтара разы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG