Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навінкі беларускага ВПК — Маскве ці Пэкіну?

Аляксандар Лукашэнка і Анатоль Сердзюкоў
Аляксандар Лукашэнка і Анатоль Сердзюкоў

А.Лукашэнка выступіў за актывізацыю супрацоўніцтва з Расеяй у галіне вайскова-прамысловага комплексу.

Cёньня ў Менску з рабочым візытам знаходзіўся міністар абароны Расейскай Фэдэрацыі Анатоль Сердзюкоў. Ён сустракаўся са сваім беларускім калегам Леанідам Мальцавым і прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. Апошні выказаўся за актывізацыю супрацоўніцтва з Расеяй у галіне ваенна-прамысловага комплексу.

Аляксандар Лукашэнка сказаў сёньня Анатолю Сердзюкову, што гатовы падзяліцца з Расеяй беларускімі напрацоўкамі ў ваенна-прамысловым комплексе:

“Мы хацелі б, каб патэнцыял, як у савецкія часы, Беларусі, нашай эканомікі, створаны ў ВПК, быў запатрабаваны. А запатрабаваны ён можа быць ня толькі тут, у Беларусі, але і ў Расейскай Фэдэрацыі. А так часам атрымліваецца, што ў нас з Кітайскай Народнай Рэспублікай, зь некаторымі краінамі больш эфэктыўнае супрацоўніцтва, чым з Расеяй. Я маю на ўвазе найноўшае ўзбраеньне, яго распрацоўку”.

Павал Казлоўскі
Павал Казлоўскі, былы міністар абароны Беларусі, зьдзіўлены гэтай заявай:

“Цяжка сказаць, што тут мелася на ўвазе. Тут наагул камэнтаваць цяжка. Цяжка таму, што ня бачна, дзе тут лёгіка, у чым яна? Чаму раней ня ставілася пытаньне пра гэта — давайце разам рабіць. А тут ці то крыўда, ці што іншае?”

Генэрал Казлоўскі кажа: у практыцы вайскоўцаў заўжды было так, што кожная краіна супрацоўнічае найперш са сваімі саюзьнікамі. У Беларусі такіх саюзьнікаў два — Расея, зь якой існуюць двухбаковыя дачыненьні, і краіны АДКБ (Арганізацыі дамовы пра калектыўную бясьпеку).
І Расея, і Беларусь уваходзяць у АДКБ. А вось Кітай — не.
І Расея, і Беларусь уваходзяць у АДКБ. А вось Кітай — не, падкрэсьлівае былы міністар абароны.

Таму і трэба арыентавацца “Найперш на АДКБ, калі створана такая групоўка. Да таго ж унутры яе нядаўна арганізавалі агульную групу апэратыўнага рэагаваньня. Тады — тым больш. І яшчэ пры стварэньні групы публічна казалася на саміце АДКБ, што для яе патрэбна самае сучаснае і самае якаснае ўзбраеньне. Ну дык калі ласка. Як кажуць, і карты ў рукі, няхай выкарыстоўваюць і нашу, беларускую навуку. Мне падаецца, што гэтае выказваньне Лукашэнкі ўсё ж у піку Расеі. Зноў па прынцыпе: мы — добрыя, а вы — благія…”

Анатоль Сердзюкоў, адказваючы Аляксандру Лукашэнку, зазначыў, што Расея мае дастаткова сур’ёзныя пляны наконт актывізацыі супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі лічыць, што тут маецца на ўвазе ў першую чаргу пастаўка ў Беларусь ракетных комплексаў С-400. І Беларусь хоча, каб найноўшае ўзбраеньне дасталася ёй за расейскі кошт, падкрэсьлівае аглядальнік:

Раман Якаўлеўскі
“На апошнім саміце краінаў АДКБ Расея афіцыйна ўзяла на сябе абавязкі перааснасьціць арміі краінаў, якія ўваходзяць у арганізацыю, па расейскіх коштах. І зразумела, што найперш гэта тычыцца найбліжэйшага саюзьніка — Беларусі. Не выпадкова, што перад гэтым візытам у мэдыях, у прыватнасьці ў расейскім „Коммерсанте“, зьявілася інфармацыя пра тое, што Беларусь жадае набыць найноўшае ўзбраеньне, а менавіта ракетныя комплексы. Але не за свае грошы, а за кошт згаданых абавязкаў Расеі”.

Раман Якаўлеўскі кажа: тут гаворка ідзе пра дзясяткі мільёнаў даляраў. Экспэрт мяркуе, што гэтае пытаньне складанае, бо ў Расеі пакуль не хапае грошай на новыя комплексы нават для сваёй арміі. Адметна, што абодва міністры абароны сёньня, адказваючы на пытаньні журналістаў, абмінулі гэтую праблему.
XS
SM
MD
LG