Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музэй Ігната Буйніцкага пойдзе з малатка


Музэй Ігната Буйніцкага так і не дабудавалі
Музэй Ігната Буйніцкага так і не дабудавалі

Будынак у вёсцы Празарокі Глыбоцкага раёну, ад якога засталіся толькі падмуркі і адна сьцяна і ў якім так ніколі й ня быў створаны музэй славутага земляка, мяркуюць прадаць з аўкцыёну за адну базавую велічыню — 35 тысяч рублёў.

Паводле глыбоцкага краязнаўцы Ўладзімера Скрабатуна, музэй у гонар тутэйшага ўраджэнца, заснавальніка беларускага тэатру Ігната Буйніцкага пачалі будаваць у 1996 годзе. Праект фінансавала Міністэрства культуры, аднак сродкаў, каб яго ўвасобіць у жыцьцё, не хапіла. Будоўля спынілася на этапе ўзьвядзеньня сьцен, ад якіх цяпер засталіся толькі сьмецьце і друз.

Тым ня менш мясцовыя ўлады шукаюць пакупніка на гэтую “культурную спадчыну”. Аўкцыён мае адбыцца ў Віцебску 20 красавіка. Паводле ўмоваў продажу, новы гаспадар мусіць наладзіць працу адбудаванага аб’екта і стварыць новыя працоўныя месцы. Гаворкі пра тое, што ў завершаным будынку будзе музэй, няма — на думку глыбоцкіх уладаў, найбольш мэтазгодна было б заснаваць у Празароках нейкае вытворчае прадпрыемства.

Зараз у вёсцы жывуць 640 чалавек. Ніхто зь іх набываць разрабаваны “даўгабуд” не зьбіраецца. Што да ўшанаваньня памяці Ігната Буйніцкага, то намесьнік старшыні Глыбоцкага райвыканкаму Віналій Пяткевіч кажа пра неабходнасьць стварэньня музэйнай экспазыцыі ў іншым памяшканьні — мажліва, у адным з пустых, але прыдатных для гэтага будынкаў. Але й на тое, каб пераабсталяваць такі будынак, грошай няма. Пакуль самадзейная экспазыцыя, прысьвечаная стваральніку першай у Беларусі прафэсійнай тэатральнай трупы, ёсьць толькі ў Празароцкай сярэдняй школе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG