Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня спаўняецца 145 гадоў Ігнату Буйніцкаму


Уладзімір Арлоў, Менск Ігната Буйніцкага яшчэ пры жыцьці называлі “бацькам беларускага тэатру”. У той самы час суседзі-шляхцічы мелі яго за дзівака, а жонка лічыла вар’ятам.

Скончыўшы Рыскую каморніцкую вучэльню, Ігнат працаваў у розных кутках Беларусі — на Полаччыне, Наваградчыне, Магілеўшчыне... Ён добра ведаў сваю працу, але каморнікам быў нетыповым: калі іншыя сядзелі пры картах і пляшцы, Буйніцкі ішоў на вячоркі, адкуль вяртаўся з запісамі песьняў, замалёўкамі народных строяў і арнамэнтаў. Зь юнацтва ім валодала мара зусім не пра спакойнае заможнае жыцьцё — тая мара, якая прывяла ў прыватную драматычную студыю ў Вільні, а потым дапамагла сабраць вакол сябе групу артыстаў-аматараў.

Хутка ў родных Палевачах і Празароках Буйніцкаму зрабілася цесна. У 1910-м ён з сваімі танцорамі зь вялікім посьпехам выступае на Першай беларускай вечарынцы ў Вільні, а неўзабаве, укладаючы ў справу ледзь ня ўсе ўласныя сродкі, стварае прафэсыйную трупу — сынтэтычны сцэнічны калектыў, дзе акторы служылі адразу некалькім музам. Узорам такога майстра быў сам дзядзька Ігнат: выходзіў на сцэну ў драматургічных творах, дэклямаваў вершы, танцаваў, сьпяваў сола і ў хоры (меў лёгкі бас-барытон).

У 1910-1911 гадах Першая беларуская трупа Буйніцкага, якую падтрымалі Янка Купала, Цётка, Зьмітрок Бядуля, зьдзейсьніла трыюмфальныя гастролі па Беларусі, выступіўшы з паказамі ў Дзісьне, Сьвянцянах, Паставах, Полацку, Нясьвіжы, Слуцку... У Менску, дзе тэатар ставіў “Моднага шляхцюка” К. Каганца і “Па рэвізіі” М. Крапіўніцкага, артыстаў засыпалі ружамі. Пасьля спэктакляў Буйніцкага ў Пецярбурзе й Варшаве газэты пісалі пра “калясальны посьпех” тэатру, што “будзіць у беларусаў пачуцьцё нацыянальнай годнасьці”.

Улады зрабілі свае высновы: рэжысэра і яго паплечнікаў узялі пад паліцэйскі нагляд, паказы пачалі забараняць. Уціск і матэрыяльныя праблемы змусілі Буйніцкага зачыніць тэатар. Пляны стварыць новы перакрэсьліла 1-я сусьветная вайна і заўчасная сьмерць у 1917-м. (Лютаўская рэвалюцыя натхніла Буйніцкага пайсьці на службу ў войскі Заходняга фронту, дзе ён меўся сродкамі тэатру весьці беларускую прапаганду.)

“Калі-небудзь,— пісала на пачатку ХХ стагодзьдзя “Наша Ніва”,— калі прабудзіцца сьвядомасьць ва ўсяго беларускага народу, памяць Ігната Буйніцкага будзе сьвятой для ўсіх”.

У 1975-м на радзіме заснавальніка сучаснага беларускага тэатру адчынены помнік. Праўда, да прабуджэньня сьвядомасьці ўсяго народу яшчэ, відаць, далекавата. Упершыню прыехаўшы ў Празарокі і запытаўшыся ў сустрэчнага дзядзькі, дзе помнік Буйніцкаму, я пачуў пытаньне ў адказ: “Што такое помнік?”
XS
SM
MD
LG