Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На рамонт жытла няма грошай


У дзесяці раёнах Магілёўшчыны сродкі на рамонт жытла ў першым квартале году не выдзяляліся ўвогуле. Чыноўнікі спасылаюцца на тое, што няма грошай.


Колькасьць скаргаў ад жыхароў вобласьці на ўмовы пражываньня павялічылася на сямнаццаць працэнтаў. Пра гэта паведаміў намесьнік міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Генадзь Ляпуноў.

“Да прыкладу, сёлета ў першым квартале ні капейкі фінансаваньня на такія раёны, як — іх дзесяць, я назаву толькі некаторыя — Кіраўскі, Дрыбінскі, Клічаўскі, Круглянскі, наагул не прадугледжвалася”.

У Клічаўскай управе жыльлёва-камунальнай гаспадаркі адсутнасьць фінансаваньня тлумачаць тым, што рабіць капітальны рамонт дамоў зімой немэтазгодна.

“Вось зараз мы ўжо пачалі. Узялі праектную дакумэнтацыю й пачалі капітальны рамонт даху ў аграгарадку”, — кажа прадстаўнік управы.

Былы дырэктар шклоўскай управы жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Рыгор Кастусёў заяўляе, што сродкі на капрамонт выдаткоўваюцца абы-як, таму іх і няма:

Рыгор Кастусёў
“Рамантуюць фонды жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і ўзімку, і ўлетку. Гэта спроба апраўдаць адсутнасьць сродкаў. А шчыра пра гэта сказаць — альбо баяцца, альбо ёсьць іншыя нейкія прычыны. Сродкі адсутнічаюць нават тыя, якія людзі плацяць на капітальны рамонт. Гэтыя сродкі выкарыстоўваюцца не мэтанакіравана, а туды, куды захоча ўлада”.

На Магілёўшчыне патрабуе рамонту ня толькі жытло. 283 кілямэтры ацяпляльных камунікацыяў выпрацавалі свой рэсурс. Сёлета камунальнікі абяцаюць замяніць толькі 116 кілямэтраў. Леташняй зімой на цеплатрасах адбылося 418 аварыяў.

Праблемы ў раёнах узьнікаюць з каналізацыяй і водазабесьпячэньнем. Пакуль учора чыноўнікі абмяркоўвалі сытуацыю ў жыльлёва-камунальнай гаспадарцы рэгіёну, дрыбінскія камунальнікі латалі дзірку ў водаправодзе. Амаль цэлы дзень семдзесят прыватных гаспадарак райцэнтру былі без вады.

17 сакавіка ў Быхаве амаль пяць сутак без вады й каналізацыі заставаліся паўтары тысячы дамоў, дзіцячыя сады й школы. Там прарвала трубу каналізацыйнага калектара. Прычына ўсё тая ж — зношанасьць камунікацыяў. Калектар не рамантаваўся каля трыццаці гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG