Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вытворчасьць вырасла — заробкі паменелі


На Магілёўшчыне сярэдні заробак не перавышае 800 тысяч рублёў — гэта меней, чым у іншых рэгіёнах Беларусі. Чыноўнікі аблвыканкаму заяўляюць, што ў сакавіку аб’ёмы вытворчасьці вырасьлі, аднак разам з тым прызнаюць, што людзі сталі зарабляць меней.


Паводле афіцыйных крыніц, сярэдні памер заробкаў за люты зьменшыўся ў параўнаньні са студзенем на сем тысяч рублёў. Падобнага не назіралася ад 2001 году. Рост заробкаў чыноўнікі адзначылі толькі ў чатырох з дваццаці трох раёнаў Магілёўшчыны.

Пётар Руднік
Старшыня аблвыканкаму Пётар Руднік зьвінаваціў у гэтым прамыслоўцаў:

“Сыравіна, матэрыялы, электраэнэргія — на гэтым не эканомяць, а эканомяць на заробках, што ў сёньняшніх умовах крайне недапушчальна”.

Паводле ўправы працы, занятасьці і сацыяльнай абароны аблвыканкаму, сярэдні заробак у першым квартале году вагаўся ў межах 780 тысяч рублёў. Чыноўнікі абяцаюць, што на канец паўгодзьдзя сярэдні заробак дасягне адзнакі ў 941 тысячу рублёў.

“Калі кіраўніцтва вобласьці дэкляруе рост заробкаў, значыць, зьявіліся рэальныя пэрспэктывы збыту той прадукцыі, якая застаецца на складах. Аднак паколькі для бальшыні краінаў, якія зьяўляюцца рынкамі збыту для беларускай прадукцыі, эканамічны крызіс — рэальнасьць, то гаварыць пра рост заробкаў я б не наважыўся”, — гэтак камэнтуе пэрспэктывы росту заробкаў эканаміст Пётар Мігурскі.

Што да запасаў гатовай прадукцыі, то пры росьце аб’ёмаў вытворчасьці ў сакавіку іх не становіцца меней:

“У сакавіку мы зноў паклалі на склад блізу васьмідзесяці мільярдаў рублёў”, — прызнае старшыня камітэту эканомікі аблвыканкаму Мікалай Дудзінскі.

Не становіцца меней і стратных прадпрыемстваў. За два месяцы іх колькасьць павялічылася амаль на адзінаццаць працэнтаў. Цяпер 121 прадпрыемства рэгіёну — стратнае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG