Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарыхтаваны лес гніе: пакупнікоў няма


Прадпрыемства “Віцебскі лясгас” ня мае куды збываць сваю прадукцыю. Таму нават тэхнічную драўніну высокага гатунку тут гатовыя прадаваць на дровы.


Яшчэ зусім нядаўна Віцебскі лясгас пасьпяхова экспартаваў у замежжа тутэйшую драўніну, зь якой выраблялі будматэрыялы, мэблю ды іншую прадукцыю.

Але цягам апошніх месяцаў пакупнікоў значна паменела, і назапашаная драўніна трухне на вачох у работнікаў. Рабочы лясгасу спадар Валеры распавядае, што цяпер тут асноўны від прадукцыі — гэта дровы для мясцовага насельніцтва:

“Гляджу, што ў нашым Віцебскім лясгасе драўніна проста гніе. Тое, што валава нарыхтоўвалі летась, цяпер ляжыць на складзе і нікому не патрэбна, нават па сабекошце. Якасную драўніну ўжо пачалі рэзаць на дровы ды прапаноўваць людзям, але за непрымальна высокія цэны, бо сыстэмы зьніжак ніякай няма. А так — нарыхтаваны лес гніе, проста гніе!”

Галоўны інжынэр Віцебскага лясгасу Лія Арцюхоўская кажа, што раней галоўныя прыбыткі прадпрыемства мела з экспарту. Але цяпер і Расея, і шмат якія эўрапейскія краіны з-за крызісу адмовіліся купляць беларускі лес. На думку спадарыні Арцюхоўскай, варта было б пашукаць новых пакупнікоў, аднак на дзяржаўным узроўні лясгасу загадана падтрымліваць толькі старыя кантакты:
Расея цалкам адмовілася ад лесу ...

“Усё адно мы, лясгасы, ня маем права дамаўляцца наўпрост. Толькі праз вызначаных экспартэраў мы працуем на экспарт. І сёлета ў параўнаньні зь мінулым годам толькі 10—15 адсоткаў экспартных паставак зрабілі. Бо няма там платаздольных фірмаў, якія могуць нешта купіць. І Расея цалкам адмовілася ад лесу, там цяпер толькі ўнутры сваёй краіны працуюць — і лесанарыхтоўчыя прадпрыемствы, і перапрацоўчыя. А ўнутры нашай рэспублікі таксама ўсе ў асноўным неплатаздольныя”.

Лія Арцюхоўская распавяла, што цяпер дзейнічае дзяржаўны ўказ, згодна зь якім дамовы зь лясгасам могуць заключаць і прыватнікі. Яны павінны спачатку выкупіць драўніну ў лясгаса паводле фіксаваных цэнаў, а потым прадаць іх пакупнікам на сваіх уласных умовах. Але прыватнікі таксама імкнуцца зэканоміць, і іхныя зьдзелкі не заўжды бываюць законныя.

Так, Віцебская абласная пракуратура ад пачатку гэтага году выкрыла некалькі фактаў незаконнай высечкі лесу ў Віцебскім лясгасе. Страты, нанесеныя дзяржаве ў кожным з такіх інцыдэнтаў, складаюць ад 1,5 мільёна да 6,5 мільёна рублёў. Каб сплаціць такія сумы, у Віцебскага лясгасу таксама няма грошай.

Падобныя парушэньні зафіксаваныя ня толькі ў Віцебскім, але і ў Пастаўскім, і ў Полацкім, і ў Дрэтуньскім, і ў Шумілінскім, і ў Лёзьненскім лясгасах Віцебшчыны. Паводле пастановаў абласной пракуратуры да адказнасьці прыцягнутыя 12 службовых асобаў, але фінансава-эканамічны стан лесагаспадарчай галіны ад гэтага не палепшыўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG