Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Узровень даверу паміж Беларусьсю і Расеяй вельмі нізкі”


Палітоляг і паліткансультант Кірыл Коктыш
Палітоляг і паліткансультант Кірыл Коктыш

13 гадоў таму была падпісана дамова аб стварэньні супольнасьці Беларусі і Расеі. А 2 красавіка абвешчана афіцыйным днём яднаньня двух народаў. Аднак у двухбаковых стасунках узьнікаюць усё новыя праблемы. Да прыкладу, Расея не дала Беларусі крэдыт у 100 мільярдаў рублёў для пашырэньня разьлікаў у расейскіх рублях. Спынена вяшчаньне пяцёх расейскіх тэлеканалаў на тэрыторыі Беларусі. Прадпрыемствы абедзьвюх краінаў працуюць у розных эканамічных умовах. Афіцыйны Менск ад верасьня мінулага году пакуль так і не прызнаў самаабвешчаных Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Які ж “саюз” з Расеяй пабудаваны і як доўга ён можа праіснаваць? Алесь Дашчынскі гутарыць з дацэнтам Маскоўскага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірылам Коктышам.

Дашчынскі: “Такое адчуваньне, што гэты саюзны праект цягам свайго ўжо працяглага існаваньня мае адну і тую ж хранічную хваробу — дамоўленасьці застаюцца на паперы”.

Коктыш: “Беларуска-расейскі саюз, вядома ж, існуе і адыгрывае сваю ролю. І зьяўляецца для Расеі нейкім сродкам, каб страхаваць сваю нафту і газ, якія транспартуюцца празь беларускую тэрыторыю на Захад. І тыя адлічэньні, якія Расея робіць на карысьць Беларусі, — гэта якраз каля 5% ад таго аб’ёму, які ідзе празь беларускую тэрыторыю. І калі казаць, што беларуска-расейскі саюз быў сродкам хеджыраваньня расейскага газанафтавага транзыту, дык тут ёсьць рацыя, і ён такім сродкам і зьяўляецца. Пытаньне ў тым, ці мелася быць нешта іншае і нешта большае? І тут якраз у нас няма падстаў сьцьвярджаць, што нешта большае існавала нават як плян, а не як дэклярацыя. Дэкляравацца магло, але насамрэч гэта не магло існаваць у галовах ні ў аднаго, ні ў другога”.

Дашчынскі: “Аднак жа пакуль расейскі бок ня йдзе на тое, каб будаваць новыя транзытныя сыстэмы для сваіх энэрганосьбітаў празь Беларусь. Згадаем, што афіцыйны Менск, да прыкладу, настойвае на будаўніцтве другой ніткі газаправоду “Ямал — Эўропа”. Дый эканамічная інтэграцыя ніяк не атрымліваецца...”
Эканамічнай інтэграцыі зусім ня варта чакаць у бліжэйшы час.

Коктыш: “Узровень даверу вельмі нізкі, каб такія праекты маглі ажыцьцяўляцца. Бо сумесны праект заўжды патрабуе нейкага ўзроўню даверу, які павінен значна адрозьнівацца ад нуля. Калі такога даверу няма, то немагчыма інвэставаць грошы, бо кожны з партнэраў будзе чакаць, што другі нешта зробіць насуперак дамоўленасьцям і правілам. Таму ніякія інфраструктурныя праекты ажыцьцяўляцца ня будуць.

Тое, што не адбылася эканамічная інтэграцыя — гэта таксама маркер таго, які нізкі давер паміж Расеяй і Беларусьсю. Бо ў Беларусі прысутнічае толькі той расейскі бізнэс, які структурна ня мае ніякага іншага выйсьця. Гэта найперш буйныя нафтавыя кампаніі. Сёньня ў Беларусі свае эканамічныя праблемы даволі цяжкія, у Расеі свае эканамічныя праблемы таксама даволі цяжкія. І час праблем — ня той час, калі шукаецца выйсьце ў выглядзе эканамічнай экспансіі і ў эканамічным будаўніцтве. Яно ажыцьцяўляецца на прыбытках, а зараз ідуць адны страты. А страты — гэта зусім іншая псыхалёгія, калі кожны імкнецца зачыніцца ў сваёй хаце і перачакаць. Так што эканамічнай інтэграцыі зусім ня варта чакаць у бліжэйшы час”.

Дашчынскі: “У гэтым годзе адбыліся ажно тры сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі зь Дзьмітрыем Мядзьведзевым. Аднак якія вынікі мы бачым? Расея крэдыт у 100 мільярдаў рублёў не дала, а Беларусь прыпыніла трансьляцыю пяці расейскіх каналаў на сваёй тэрыторыі...”

Коктыш: “Гэтыя сустрэчы мелі дэманстратыўную мэту. Варта было напалохаць Захад, што Беларусь вось-вось зваліцца ў абдымкі Расеі. І можна лічыць, што гэты вэктар быў адыграны больш-менш пасьпяхова.
Дэманстрацыя з тэлеканаламі — гэта эмацыйная рэакцыя на тое, што перамовы праваліліся.

Па-другое, тут існуе вельмі важкая прагматычная неабходнасьць. Паводле дадзеных Белстату, беларускі экспарт упаў на 51%. Экспартная залежнасьць Беларусі — каля 70%. Пры бюджэце недзе 14 мільярдаў даляраў Беларусі па гэтым годзе трэба скампэнсаваць суму каля 5 мільярдаў даляраў. Амаль 30% бюджэту. 2 мільярды ў выглядзе крэдытаў знайшлі. Але 3 мільярды трэба так ці інакш адшукаць. І, канечне, пытаньне аб 100-мільярдным крэдыце — гэта пытаньне вельмі важкае, бо размова ідзе аб тым, каб захаваць тую беларускую сыстэму, як яна ёсьць.

Здаецца, нідзе, апроч Расеі, гэтыя грошы беларускі прэзыдэнт адшукаць ня можа. Захад не зьбіраецца датаваць Беларусь. Беларусь зьвярнулася з запытам ужо на 2 мільярды даляраў. Гэтае пытаньне трэба будзе вырашаць. Дэманстрацыя з тэлеканаламі — гэта эмацыйная рэакцыя на тое, што перамовы праваліліся. І мэта — паслаць мэсыдж Расеі, што калі вы ня будзеце плаціць, мы зусім выйдзем на Захад. Гульня зразумелая, але посьпехаў я пакуль ня бачу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG