Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гулец на сваім полі


У Брусэлі ўсплёскваюць рукамі: пасьля месяца беспрэцэдэнтнага збліжэньня паміж Беларусьсю і Эўропай, калі ў Менску практычна кожны тыдзень знаходзіліся прадстаўнікі ўсіх ключавых эўрапейскіх арганізацый, прэзыдэнт Лукашэнка скасоўвае кульмінацыю працэсу – візыт камісара ЭЗ Беніты Фэрэры-Вальднэр за суткі да яго пачатку і накіроўваецца ў Армэнію – істотна менш значную эканамічна і палітычна для Беларусі.

У Масквы ў Беларусі інтарэсы эканамічныя
Журналісты стандартна пішуць пра “руку Масквы”, якая не дапускае збліжэньня сваіх партнэраў з Эўропай. Беларуская апазыцыя не хавае задавальненьня – мы ж папярэджвалі. Беларускі і заходнія аналітыкі рассылаюць рэкамэндацыі, што дапамогу Лукашэнку трэба даваць толькі ва ўзнагароду за правядзеньне трывалых дэмакратычных рэформаў. Тэарэтычна правільна, практычна невыканальна.
Эўрапейскім дыпляматам дастаткова было б паразмаўляць з крамлёўскімі калегамі, каб спыніць зьдзіўленьне раптоўным паваротам беларускага прэзыдэнта. У Масквы ў Беларусі інтарэсы эканамічныя, а не палітычныя, але стратэгія перамоваў грунтуецца на прынцыпе даваньня дапамогі ў абмен на жорсткія ўмовы. Але пры ўсёй меркаванай залежнасьці Менску ад Масквы Крэмль атрымлівае несувымерна менш укладзеным высілкам і сродкам.

Больш за 10 гадоў Масква змагалася за кантроль над “Белтрансгазам”, да якога дагэтуль атрымала толькі частковы доступ. Фармаваньне адзінай паветранай абарончай прасторы – другі ключавы элемэнт расейскага ціску – больш за 8 гадоў пасьпяхова сабатуецца Беларусьсю, зараз на практычным узроўні. Расейскія кампаніі ня толькі ня здолелі набыць беларускія эканамічныя актывы en masse, як імкнуліся, але знайшлі беларускі рынак закрытым для шэрагу тавараў і інвэстыцый, ня гледзячы на існаваньне мытнага саюзу. І ўсё гэта – нягледзячы на выстаўленьне Масквой жорсткіх, зразумелых і дакладных умоваў для усіх відаў дапамогі, якія, больш таго, беларускі бок клятвенна і ўрачыста прымаў, каб ня выканаць чарговы раз, спасылаючыся на безьліч прычынаў.

Пацяпленьне стасункаў з ЭЗ пасьля дзесяцігодзьдзя “ледніковага пэрыяду” адбывалася паводле падобнага сцэнару, але больш мяккага з боку Эўропы і таму больш выніковага для яе. Лукашэнка вызваліў палітычных вязьняў, падпісаўся на праграму антыкрызісных эканамічных рэформаў МВФ, узяў на сябе адказнасьць за дэвальвацыю беларускага рубля і зьмякчыў умовы для свабоды слова і арганізацый.

Больш плённа было б гуляць з Лукашэнкам у паддаўкі
Эўразьвяз у адказ прыпыніў санкцыі на перасоўваньне беларускіх чыноўнікаў і заявіў аб патэнцыйнай гатоўнасьці уключыць Беларусь у праграму Ўсходняга партнэрства, што здавалася неверагодным яшчэ год таму.Эўракамісія, зразумела, заўважае палітыку “крок наперад і два назад” беларускага прэзыдэнта. Расчараваная ягоным дэмаршам, яна прыслухоўваецца да галасоў прыхільнікаў падыходу “я табе – ты мне” і пачынае выстаўляць Беларусі ўмовы, як некалі Масква. Больш плённа было б гуляць з Лукашэнкам у паддаўкі, што дазволіла б яму выглядаць пераможцам у вачах уласных выбаршчыкаў, а Эўразьвязу без фанфараў распаўсюдзіць свае палітычныя і эканамічныя каштоўнасьці.

Адмовы ад сустрэчы з камісарам ЭЗ – усяго толькі ход ў гульні, якую вынайшаў і па-майстэрску выконвае беларускі прэзыдэнт. Лукашэнка паказвае, хто ў доме гаспадар. Лукашэнка ўзьнёс ідэю беларускай незалежнасьці і сувэрэнітэту ў абсалют і на тым стаіць. Галоўная палітычная задача сучаснай Беларусі – захаваць сувэрэнітэт, а значыць – не асацыявацца зь ні водным усясьветным лідэрам на Захадзе ці на Ўсходзе. Любое патрабаваньне зь іх боку трактуецца як пагроза сувэрэнітэту і ў выніку адкідаецца. Узаемадзеяньне магчымае для эканамічнага выжываньня, але пры гэтым беларускі прэзыдэнт заўсёды павінен выглядаць гаспадаром становішча.

Выстаўленьне кіраўніцтву Беларусі умоваў у такой сытуацыі беспэрспэктыўнае паводле
вызначэньня
Выстаўленьне кіраўніцтву Беларусі умоваў у такой сытуацыі беспэрспэктыўнае паводле вызначэньня, і любое празьмернае збліжэньне будзе кампэнсавацца дэманстратыўным адштурхоўваньнем, што бачна на прыкладзе візыту Фэрэры-Вальднэр.

Калі ў ЭЗ ёсьць палітычная воля да збліжэньня зь Беларусьсю, найбольш разумнай уяўляецца тая стратэгія, у межах якой ЭЗ пагодзіцца прыняць выгляд пацярпелага боку і згубіць некаторыя пазыцыі, але пры гэтым будзе мякка спрыяць зьмене дзелавога і сацыяльнага заканадаўства без выразнага ўцісканьня інтарэсаў прэзыдэнта. Іншымі словамі, выніковай будзе палітыка пашырэньня “расколінаў у сьцяне”, якая дазволіць прэзыдэнту Лукашэнку захаваць прымальны для яго фасад. Гэта вельмі няпроста, бо беларускі прэзыдэнт – інтуітыўны, разумны і вопытны палітык, які ўмее трымаць уладу. Але пакуль Эўразьвязу ёсьць, чым яго зацікавіць, ён можа пасьпяхова весьці гэтую складаную гульню.

Хто ня хоча пахваліцца тым, што справіўся з Лукашэнкам?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG