Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ня хочуць мець пасярэднікаў у размовах з Эўропай


Сёньня ў Брусэлі цягам чатырох гадзінаў гаварылі пра Беларусь. Тут прайшла дыскусія на тэму дачыненьняў Беларусі з Эўразьвязам.

Яе актуальнасьць вызначаецца тым, што ў сярэдзіне красавіка заканчваюцца шэсьць месяцаў, на якія былі прыпыненыя санкцыі з боку Брусэля супраць некаторых высокіх беларускіх чыноўнікаў.

Сёньняшняя дыскусія праводзілася ў будынку Эўрапарлямэнту, паколькі сярод арганізатараў былі і эўрапейскія дэпутаты. А яе адметнасьцю стаў непасрэдны ўдзел у спрэчках амбасадара Беларусі ў Бэльгіі і пры эўрапейскіх структурах Уладзімера Сянько. Раней на падобныя мерапрыемствы звычайна прыходзіў шэраговы супрацоўнік амбасады, садзіўся дзе-небудзь у куточку залі і старанна занатоўваў усё, што чуў і бачыў.

Сёньня, як расказаў па тэлефоне з Брусэлю прадстаўнік Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Сяргей Мацкевіч, спадар Сянько нават выступаў:

“Менш за ўсё жаданьня рухацца наперад выказалі прадстаўнікі беларускай улады. Тым ня менш сёньня іх пазыцыя была дастаткова стрыманай, без агрэсіі. Засталося ўражаньне, што беларускі бок надзвычай зацікаўлены ва ўдзеле ў праграме «Усходняе партнэрства». І на пытаньне, якія праблемы ў правах чалавека беларускія ўлады гатовыя абмяркоўваць, яны адказалі, што любыя”.

Менш за ўсё жаданьня рухацца наперад выказалі прадстаўнікі беларускай улады.
Я спытаў спадара Мацкевіча, чым скончылася дыскусія:

“Я не скажу, што было нейкае падсумаваньне дыскусіі. Галоўнае, што бакі выказаліся. Усе, каго запрашалі ўдзельнічаць у дыскусіі, прыйшлі. У прынцыпе ўсе казалі тое, што гаварылі і раней. Але вельмі важна, што яны пачулі адзін другога.

Мы, напрыклад, выказалі сваю занепакоенасьць толькі кропкавымі зьменамі, якія яшчэ ня сталі сыстэмнымі. Прадстаўнікі Эўрапарлямэнту і Эўракамісіі адзначылі, на іх думку, станоўчыя зрухі. Яны заклікалі беларускія ўлады працягваць у тым жа самым духу”.

Аднак падключыць да дыялёгу з Эўропай грамадзянскую супольнасьць і палітычную апазыцыю беларускія ўлады не гатовыя, лічыць Сяргей Мацкевіч:

“Было заяўлена, што яны ня бачаць пакуль нейкіх пасярэднікаў ні зь ліку апазыцыі, ні зь ліку грамадзянскай супольнасьці. Маўляў, у нас ёсьць непасрэдныя камунікацыі з Эўропай і мы можам іх працягваць. А тых структураў, якія мы стварылі, кшталту, грамадзка-кансультатыўнай рады, у прынцыпе дастаткова, каб пачуць меркаваньні”.

Жанна Літвіна выклала ўдзельнікам дыскусіі сытуацыю з мэдыямі, Алесь Бяляцкі — з правамі чалавека, Сяргей Мацкевіч — з няўрадавымі арганізацыямі і асацыяцыямі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG