Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама мяняе стыль Белага дому


Першы дзень Барака Абамы ў Авальным кабінэце
Першы дзень Барака Абамы ў Авальным кабінэце

Чыноўнікі прэзыдэнцкай адміністрацыі ў Вашынгтоне крыху расхваляваліся, калі ўбачылі, што ў першы дзень свайго прэзыдэнцтва Барак Абама дазволіў сфатаграфаваць сябе ў Авальным кабінэце безь пінжака. Такога ў Белым доме даўно ніхто ня помніў.

Папярэднік Барака Абамы, Джордж Буш, строга патрабаваў, каб усе службоўцы мужчынскага полу ў Белым доме былі ў гарнітурах і пры гальштуках, як і ён сам. Паводзіны Абамы ў гэтых адносінах, паводле сёньняшняга выданьня „International Herald Tribune”, шакавалі вэтэранаў адміністрацыі прэзыдэнта Буша.

Падчас выбарчай кампаніі Абама абяцаў амэрыканцам прынесьці ў Вашынгтон зьмены. Пасьля першага тыдня прэзыдэнцтва Абамы аказваецца, што гэтыя зьмены датычаць ня толькі некаторых сутнасных пытаньняў палітыкі ягонага папярэдніка, але і стылю, у якім гэтыя пытаньні вырашаюцца.

Спачатку зьбянтэжаныя дараднікі Абамы спрабавалі тлумачыць журналістам здымкі прэзыдэнта безь пінжака „натуральнымі прычынамі”. Маўляў, Абама паходзіць з Гаваяў і прывык да цёплага клімату, а ў Вашынгтоне яму крыху захоладна. Таму Абама паставіў на тэрмастаце ў Авальным кабінэце крыху завысокую тэмпэратуру, яму стала загорача і ён зьняў пінжак. „Ён любіць, калі яму цёпла. У яго кабінэце можна вырошчваць архідэі” — растлумачыў газэце „International Herald Tribune” дараднік Абамы Дэвід Аксэльрод.

Але прыйшоў першы канцатыдзень новага прэзыдэнта ў Белым доме, і Абама выдаў нефармальны „дэкрэт” наконт вопраткі для чыноўнікаў у Белым доме ў суботы і нядзелі. Зьмест гэтага „дэкрэту” найлепей перадае фраза — „прыходзьце у чым хочаце”.

Абама таксама зьмяніў распарадак прэзыдэнцкага працоўнага дня ў параўнаньні з Бушам. Абама прыходзіць на працу а дзявятай гадзіне (Буш прыходзіў на дзьве гадзіны раней). Свой дзень Абама пачынае ў 6.45 фізычнай разьмінкай з гірамі і трэнажорамі (Буш разьмінаўся ў сярэдзіне працоўнага дня).

Працоўны дзень Буша пачынаўся з справаздачы выведных службаў аб пагрозах бясьпецы ЗША, якая складалася шэсьць разоў на тыдзень. Абама ўвёў гэты брыфінг і ў нядзелі, але гэтыя справаздачы не заўсёды пачынаюць яго працоўны дзень.

Буш быў прыхільнікам строгай пунктуальнасьці. Усе заплянаваныя спатканьні і мерапрыемствы з удзелам прэзыдэнта пачыналіся і сканчаліся з дакладнасьцю да аднае хвіліны. Усе ў Белым доме помняць, як калісьці Буш не пусьціў на спатканьне ўраду дзяржсакратара Коліна Паўэла толькі таму, што той прыпазьніўся на некалькі хвілін.

У Абамы ўсе спатканьні, паводле „International Herald Tribune”, пачынаюцца пунктуальна, але ніхто дакладна ня ведае, калі яны могуць скончыцца.

Аднае рэчы, як заўважае газета, Абама не зьмяніў. Раз на тыдзень, як і пры Бушу, Абама абедае зь віцэ-прэзыдэнтам. І Абама не зьмяніў абсталяваньня і рэчаў, якія былі ў Авальным кабінэце пры Бушу, уключна з аздобнымі талеркамі, пастаўленымі там Лорай Буш. Але, відаць, зьменіць. „Мне трэба нешта зрабіць з гэтымі талеркамі. Я ня вельмі каб захапляўся талеркамі” — сказаў Абама, паводле аднаго сьведка, падчас спатканьня ў сваім кабінэце з адстаўнымі генэраламі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG