Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што Барак Абама зрабіў за першы тыдзень прэзыдэнцтва?


Барак Абама, 44-ты прэзыдэнт Злучаных Штатаў, прыступіў да выкананьня сваіх абавязкаў вельмі дынамічна, адразу на наступны дзень пасьля сваёй інаўгурацыі, якая адбылася перад сядзібай амэрыканскага Кангрэсу ў Вашынгтоне 20 студзеня.

21 студзеня Барак Абама падпісаў распараджэньні, якія ўвялі новыя, больш патрабавальныя правілы празрыстасьці і этычнасьці ў дзеяньні ўраду і яго інстытутаў. Адным росчыркам пяра новы прэзыдэнт замарозіў памер зарплаты для сваіх найбліжэйшых дараднікаў, абмежаваў уплыў лабістаў на ўрад і паддаў ўрадавыя інстытуты больш строгаму публічнаму кантролю. Пасьля падпісаньня распараджэньняў, Абама заявіў:

“Празрыстасьць і вяршэнства закону будуць пробнымі камянямі гэтага прэзыдэнцтва. Наша абяцаньне адкрытасьці абазначае ня толькі, што мы будзем больш інфармаваць амэрыканскі народ пра тое, як прымаюцца рашэньні. Яно абазначае, што ўрад ня мае адказаў на ўсе пытаньні, і што ўрадавым асобам трэба будзе шукаць адказаў сярод людзей”.

Ён таксама паабяцаў, што грамадзянам цяпер будзе значна лягчэй атрымаць інфармацыю ад ураду, чым падчас прэзыдэнцтва ягонага папярэдніка, Джорджа Буша:

“Доўгі час у гэтым горадзе было зашмат сакрэтнасьці. Старыя правілы сьцьвярджалі, што калі існаваў нейкі апраўданы аргумэнт, каб не адкрываць нечага амэрыканскаму народу, дык інфармацыя не адкрывалася. Гэта эпоха ўжо мінула. Пачынаючы ад сёньняшняга дня, кожнае агенцтва і кожны дэпартамэнт павінны ведаць, што гэтая адміністрацыя стаіць на баку ня тых, хто імкнецца схаваць інфармацыю, а тых, якія хочуць яе абнародаваць”.

Наступнага дня, 22 студзеня, прэзыдэнт Абама споўніў яшчэ два абяцаньні са сваёй выбарчай кампаніі. Ён падпісаў распараджэньні аб закрыцьці турмы Гуантанама на Кубе цягам бліжэйшага году і забароне катаваньняў у адносінах да асобаў, якія падазраюцца ў тэрарызме.

У турме Гуантанама амэрыканскія ўлады ўтрымліваюць 245 асобаў, якія падазраюцца ў тэрарызме або змаганьні супроць амэрыканцаў у Аўганістане і Іраку на баку Талібану і Аль-Кайды. Адмысловая камісія, створаная Абамам, мае вырашыць надзвычай складаную палітычную, дыпляматычную і юрыдычную праблему, што зрабіць з гэтымі вязьнямі, у якіх, у сьвятле амэрыканскіх законаў, няма ні статусу ваеннапалонных, ні статусу падазраваных.

Потым пайшлі далейшыя рашэньні новага прэзыдэнта.

22 студзеня новаабраны прэзыдэнт прызначыў былога сэнатара Джорджа Мічэла адмысловым пасланьнікам на Блізкі Ўсход.

Абама таксама прызначыў дасьведчанага дыплямата, Рычарда Голбрука, адмысловым пасланьнікам у Пакістан і Аўганістан. Падчас выбарчай кампаніі Абама абяцаў, што ЗША будуць паступова выводзіць войскі зь Іраку і засяроджваць увагу на Аўганістане і Пакістане, тэрыторыі якіх дасюль зьяўляюцца надзейным апірышчам для Аль-Кайды.

А 26 студзеня прэзыдэнт падпісаў назначэньне Тода Стэрна адмысловым амбасадарам цяперашняй адміністрацыі ў справах зьмены клімату і аховы прыроднага асяродзьдзя. Гэтае прызначэньне мае наўпроставую сувязь з новай энэргетычнай палітыкай, якую Абама абяцаў Амэрыцы ў часе выбарчай кампаніі і пра якую згадаў учора:

„Амэрыка ня будзе заставацца закладніцай усё меншых энэргетычных рэсурсаў, варожых рэжымаў і глябальнага пацяпленьня. Мы не адмовімся ад дзеяньня толькі таму, што яно вельмі балючае. Наступіў час рабіць цяжкія выбары. Наступіў час глянуць у вочы выкліку на гэтым скрыжаваньні гісторыі і выбраць будучыню, якае будзе больш бясьпечнай для нашай краіны, заможнейшай для нашай плянэты і ўстойлівай”.

У дадатак, за гэты першы тыдзень у Белым доме Барак Абама пасьпеў даць інтэрвію арабскаму тэлевізійнаму каналу „Аль-Арабія”, дзе сказаў, што хоча пераканаць мусульманаў, што Злучаныя Штаты не зьяўляюцца іхнім ворагам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG