Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уцекачы з паласы Газа вярнуліся ў Беларусь


Ізраільскія войскі пашыраюць наземную апэрацыю ў паласе Газа з мэтай нэўтралізаваць “вярхушку” тэрарыстычнай арганізацыі ХАМАС. Паводле зьвестак ААН, ад пачатку апэрацыі ўжо забітыя больш за 600 палестынцаў, чвэрць ахвяраў — мірныя жыхары. Ёсьць забітыя і параненыя сярод ізраільцаў. Як у Беларусі рэагуюць на гэтую вострую сытуацыю дасьведчаныя асобы?

Многія экспэрты ў Беларусі лічаць, што Ізраілю ўзяць пад кантроль паласу Газа будзе досыць праблематычна. Да 2005 году ў гэтым анкляве Палестынскай аўтаноміі былі габрэйскія паселішчы, аднак тагачасны прэм’ер-міністар Арыэль Шарон сваім загадам вывеў адтуль і пасяленцаў, і вайскоўцаў. Ад таго часу вызваленая тэрыторыя апынулася пад кантролем больш ці менш радыкальных арабскіх груповак, некаторыя зь якіх не падпарадкоўваліся нават ХАМАСу. Без цэнтралізаванага кантролю пачасьціліся абстрэлы ізраільскіх гарадоў ракетамі “Касам”, а 19 сьнежня 2008 году кіраўніцтва ХАМАС заявіла, што спыняе ранейшае замірэньне з Ізраілем.

Амбасадар Дзяржавы Ізраіль у Беларусі Зэеў Бен-Ар’е кажа, што гэтым крокам ХАМАС чарговым разам прадэманстраваў сьвету сваё сапраўднае аблічча. І ён перакананы: у дадзеным выпадку нельга спэкуляваць на “гуманным” ці “адэкватным” складніку ў сілавых дзеяньнях ізраільскага ўраду:

“Мы зусім ня ўсьцешаныя кровапраліцьцем, але мы прыпёртыя да сьцяны. Таму я лічу, што гэты адказ цалкам лягічны. Проста сама фармулёўка, калі пытаньне стаіць пра жыцьці людзей, крыху некарэктная.
Наш адказ ХАМАСу ня можа быць адэкватным ці неадэкватным. Ён проста адзіна магчымы і неабходны ў гэтых умовах.
Наш адказ ХАМАСу ня можа быць адэкватным ці неадэкватным. Ён проста адзіна магчымы і неабходны ў гэтых умовах. І апэрацыя будзе працягвацца, пакуль ХАМАС не перастане забіваць ізраільцаў. Таму пытаньне пра адэкватнасьць ці прапарцыянальнасьць, на мой погляд, — гэта проста рэч цынічная”.

У Беларусі палестына-ізраільскі канфлікт ацэньваецца досыць стрымана. Кіраўніцтва краіны занятае фінансавым крызісам і дэвальвацыяй рубля, голасу дэмакратычных актывістаў у калядныя вакацыі таксама амаль не чуваць. Выбіваецца з гэтага шэрагу хіба зварот да ізраільскага ўраду праз амбасадара Зэева Бен-Ар’е з боку старшыні Духоўнага ўпраўленьня мусульманаў у Беларусі Ісмаіла Варановіча. Муфцій піша: мусульмане “з абурэньнем і горыччу ўспрымаюць генацыд палестынскага народу, з болем глядзяць на пакуты адзінаверцаў, якія гінуць пад бомбамі ізраільскай арміі”. Ісмаіл Варановіч ад імя мусульманаў патрабуе спыніць забойства палестынскага насельніцтва і ваенныя дзеяньні:

“Уся грамадзкасьць — ня толькі ў нас у Беларусі, але і сусьветная — абураная дзеяньнямі Ізраілю. Няўжо можна так з народу зьдзекавацца? Няўжо чымсьці апраўданыя такія ахвяры? Пераваліла ўжо за 600 чалавек забітымі! І яны яшчэ параўноўваюць з чатырма забітымі на тэрыторыі Ізраілю! Як можна параўноўваць? І чаму ад 1948 году і дагэтуль не даюць магчымасьці Палестынскай аўтаноміі арганізаваць сваю дзяржаву? Ва ўсім найперш вінаватыя палітыкі, а бедны народ пакутуе, гіне. Гэта будзе бясконца цягнуцца. Няўжо пакаленьне, якое цяпер расьце ў Палестыне, абыякава ўспрыме гэтыя падзеі, няўжо яны не застануцца ў яго памяці? Гэта якое зараз гора — людзі ня маюць ні вады, ні харчаваньня, ні мэдычнай дапамогі. Як можна такое дапусьціць? І нашае абурэньне зусім ня тое, якое патрэбнае. Мы маем магчымасьць абурыцца толькі ў пісьмовым выглядзе. Ніякіх іншых захадаў зрабіць ня можам. Як і не разумеем, чаму іншыя дзяржавы так спакойна гэта ўсё ўспрымаюць”.

Адказ ізраільскага амбасадара чакаць сябе не прымусіў: “Як і Вы, мы таксама не абыякавыя да пакутаў. Толькі нас у першую чаргу хвалююць пакуты нашых адзінаверцаў — грамадзянаў Ізраілю — і злачынствы супраць чалавечнасьці, якія ўчыняюцца палестынскімі тэрарыстычнымі арганізацыямі”.

У інтэрвію Радыё Свабода спадар Бен-Ар’е яшчэ раз падкрэсьлівае: Ізраіль у выпадку з паласой Газа пазбаўлены выбару:

“Вы таксама зразумейце простыя рэчы. Калі ў мірнай дзяржаве, як Беларусь, дзякуй Богу, ад часоў Другой сусьветнай вайны людзі ня ведаюць, што такое ракеты і снарады, то ў Ізраілі сытуацыя прынцыпова іншая. На нашай тэрыторыі, у нашых гарадох штодзённа рвуцца дзясяткі — да 80, да 100 — снарадаў і ракетаў, кожная зь якіх сьмертаносная і можа забраць не адно чалавечае жыцьцё”.

Трывогу беларускіх мусульманаў падзяляе і амбасадар Палестыны ў Беларусі Амунтасэр Абу Зэйд. Па словах дыплямата, палестынцы сьвята вераць у сваю праўду і ня пойдуць на саступкі “агрэсару”, які сваёй сутнасьцю нагадвае спадару Абу Зэйду ня надта даўняе мінулае:

Гэта каляніяльная агрэсія. Ізраіль дагэтуль акупуе Заходні бераг ракі Ярдан і паласу Газа.
“Гэтая агрэсія дакладна паўтарае нямецкую агрэсію ў 1941-1945 гадох супраць Савецкага Саюзу, супраць Беларусі. Гэта фашысцкая агрэсія, гэта каляніяльная агрэсія. Ізраіль дагэтуль акупуе Заходні бераг ракі Ярдан і паласу Газа, акупуе сірыйскія землі, акупуе лібанскія землі. Тым самым ён парушае нормы міжнароднага права, ігнаруючы ўсе рэзалюцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Таму ўсе іхныя заявы наконт „адсутнасьці выбару“ — гэта спробы прыкрыць свае злачынствы супраць палестынскага народу”.

Чарговая хваля гвалту ў неспакойным рэгіёне павялічыла колькасьць уцекачоў. Перадусім паласу Газа пакідаюць дзеці, жанчыны — якія родам з краінаў СНД і выйшлі колісь замуж за палестынцаў. Аднак назіраецца і іншая тэндэнцыя — з Ізраілю зьяжджаюць тыя, хто ў 1990-х пасьля адкрыцьця “ідэалягічных шлюзаў” масава ехаў на Сьвятую Зямлю. Як расказвае Ігар Шнэйдэр, які да нядаўняга часу жыў у Бээр-Шэве, ягонае рашэньне вярнуцца ў Беларусь прадыктаванае якраз бясьпекай сваёй сям’і. Калі летась яшчэ былі нейкія сумневы — ці варта пакідаць наседжанае месца, то пасьля таго як на Бээр-Шэву пачалі падаць палестынскія ракеты “Касам”, пытаньні вырашыліся самі сабой. Мой суразмоўца кажа, што ягоны прыклад пераймаюць і іншыя ізраільскія знаёмыя — ня вераць, што ў агляднай пэрспэктыве ў рэгіёне можа штосьці наладзіцца:

“Калі нават раптам там і будзе калі-небудзь, у агляднай будучыні (у чым я моцна сумняюся) падпісанае нейкае мірнае пагадненьне, то ўсё роўна знойдуцца адзіночкі, нават сярод ізраільскіх арабаў, якія па-ранейшаму будуць ладзіць розныя правакацыі. Я ўвогуле баюся, каб там не дарасло да чагосьці больш сур’ёзнага. Бо навокал яшчэ тыя краіны — адзін Іран чаго варты. Каб зь ядзернай зброяй яшчэ не пачалі спрэчкі вырашаць калі-небудзь. Усё можа здарыцца. Калі на тое пайшло, то самі ізраільцы ня лезуць на ражон, гэта ж арабы вечна першыя пачынаюць са сваімі „Касамамі“. Было перамір’е, але ж самі палестынцы яго і парушылі. Таму наконт хуткага міру ў рэгіёне моцна сумняюся”.

Праўда, Ігар Шнэйдэр зазначае, што нават двух-трох гадоў жыцьця ў Ізраілі дастаткова, каб прызвычаіцца да небясьпекі. Нават цяпер пры размовах зь сябрамі, якія засталіся ў Ізраілі,
Пра вайну ўзгадваюць толькі пасьля пытаньняў пра сям’ю ды здароўе.
пра вайну ўзгадваюць толькі пасьля пытаньняў пра сям’ю ды здароўе:

“Кантактуем па-ранейшаму. Часам сябры тэлефануюць, але мы гэтыя вострыя тэмы намагаемся асабліва не закранаць. Дый справа ў тым, што там ужо народ да такога экстрыму прызвычаіўся, амаль што ўвагі людзі не зьвяртаюць. Ну, адбываецца дзесьці штосьці, а народ жыве сваім жыцьцём. Таму, як і бальшыня ізраільцаў, асноўныя навіны пра сытуацыю ў Газе атрымліваю з тэлевізара”.

Паводле афіцыйных зьвестак, ад пачатку ваеннага канфлікту жаданьне пакінуць паласу Газа выказалі чацьвёра грамадзян Беларусі. Таліна Махдзі з трыма сынамі расейскім самалётам 3 студзеня прыляцела ў Маскву. А 5 студзеня сям’я нарэшце дабралася да Наваполацку. Паказальна, што ў красавіку мінулага году ў дом Таліны і Нідаля Махдзі (абое — выпускнікі Віцебскага мэдынстытуту) трапіла ізраільская ракета. Будынак быў моцна пашкоджаны, але ніхто, на шчасьце, не пацярпеў. Яшчэ раз выпрабоўваць лёс беларуска не рызыкнула.

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG