Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забітага ў Чэхіі палітуцекача пахавалі на радзіме ў Беларусі


Арыштавалі падазраваных у забойстве былога прадпрымальніка Канстанціна Раманюка, які два гады таму атрымаў палітычны прытулак ў Чэхіі. Урну з прахам Канстанціна Раманюка ў нядзелю пахавалі на ягонай радзіме ў Крупскім раёне. Канстанціну было 24 гады.

Паводле бацькі Раманюка Канстанціна Фёдаравіча, ягоны сын не належаў ні да якай палітычнай партыі, але палітыка не абмінула і яго. У Беларусі Раманюк-малодшы ўдзельнічаў у мерапрыемствах культурніцка-адраджэнскага характару, а калі зьехаў у Чэхію, браў удзел у пікетаваньні беларускай амбасады. Асноўным заняткам Канстанціна Раманюка быў кампутарны бізнэс. Як у Беларусі, гэтак потым і ў Чэхіі яму з гэтым не шанцавала, згадвае бацька ўцекача:

“Тут яго разарылі. Прыйшла праверка Дзяржкантролю, арыштавалі рахункі, загадалі да заўтра заплаціць вялікі падатак і наклалі штраф, большы за кошт усёй маёмасьці фірмы. Вось і ўсё”.

Шлях Канстанціна Раманюка на захад быў дастаткова тыповы для беларускіх уцекачоў: спачатку ва Ўкраіну, адтуль пад выглядам турыста ў Чэхію, дзе папрасіў палітычнага прытулку.

Як згадвае Раманюк-старэйшы, атрымаўшы статус уцекача, Канстанцін уладкаваўся ў фірму, якая займалася зборкай кампутараў, усё ў яго ішло добра, але раптам фірма закрылася і пачаліся праблемы.

24-га жніўня, як паведаміла праская сяброўка Канстанціна, ён выйшаў з дому, прыхапіўшы з сабой манітор кампутара, які зьбіраўся прадаць, а назад не вярнуўся. Праўда, асабліва гэтым паказаньням Раманюк-старэйшы ня верыць. Бо, як цяпер высьветлілася, сяброўка сына пераблытала даты.

Чэскія мэдыі у канцы жніўня пісалі, што пад Прагай знайшлі часткі цела мужчыны. Празь некаторы час экспэртыза высьветліла, што яны належаць Канстанціну Раманюку. Яшчэ праз два месяцы ў праскім аэрапорце паліцыя арыштавала двух грамадзянаў Казахстану, якіх абвінавацілі ў забойстве беларуса. Цяпер справа рыхтуецца да суду, кажа бацька забітага. Ён не выключае, што будзе дамагацца грашовай кампэнсацыі.

Мастак Алесь Пушкін, які жыве ў Крупскім раёне, ведаў Канстанціна Раманюка. Алесь Пушкін кажа пра трагічны лёс знаёмага:

“Цёмная справа. А што ты хочаш? Жыў, меў працу і ўсё згубіў. А жыць жа трэба… Такое можа быць і ў Маскве, і ў Празе, дзе заўгодна”.

Паводле праваабаронцаў цэнтру “Вясна”, колькасьць палітуцекачоў зь Беларусі з 1994-га году налічвае некалькі тысяч чалавек. Дакладнай статыстыкі не існуе, гэтаксама ніхто не сыстэматызуе зьвестак пра лёсы гэтых людзей, кажуць праваабаронцы.

Лёсы некаторых палітуцекачоў складваюцца трагічна. У 2005 годзе у швайцарскіх Альпах загінуў былы беларускі адвакат, уцякач Арсен Скаруліс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG