Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Віктар Карамазаў, Міхась Тычына, Зьміцер Цехановіч


Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 22 лістапада


ЗЬМІЦЕР ЦЕХАНОВІЧ: “Я ЗЬБІРАЮ АФАРЫЗМЫ ЗНАКАВЫХ АСОБАЎ БЕЛАРУСІ”

Усе мы са школы ведаем, што казалі з той ці іншай нагоды знакамітыя грэкі, рымляне, французы, ангельцы, расейцы, а вось словаў мудрых беларусаў вучыць на памяць нам не задавалі. Не было і кнігаў крылатых выслоўяў нашых знакамітых папярэднікаў. Выправіць сытуацыю ўзяўся Зьміцер Цехановіч – эканаміст паводле прафэсіі і знаўца айчыннай мудрасьці паводле захапленьня. Анталёгія афарызмаў, укладзеная Цехановічам, і сталася нагодай для сустрэчы зь ім Валянціны Аксак.

Валянціна Аксак: “Калі ў вас узьнікла ідэя сабраць афарызмы слынных беларусаў?”

Зьміцер Цехановіч: “Такая ідэя ўзьнікла ў 2002 годзе падчас размовы з маім старэйшым сябрам, беларускім бібліяфілам Сяргеем Язерскім. З таго часу я спрабую больш-менш сыстэмна займацца гэтай працай”.

Аксак: “І што ўяўляе зь сябе гэтая больш-менш сыстэмная праца?”

Цехановіч: “Мая праца – у працэсе чытаньня. На жаль, я не магу сабе дазволіць чытаньне дзеля чытаньня. Але калі вольнага часу вельмі мала, а душа патрабуе, то выйсьце я для сябе знайшоў у чытаньні нясьпешным, рафінаваным, калі можна чытаць кнігу з маркерам у руках, знаходзіць тыя думкі, якія табе падабаюцца, пазначаць іх і сыстэматызаваць. Падчас збору калекцыі мяне чакала нямала адкрыцьцяў. Да прыкладу, можна меркаваць, што прынцыпы стварэньня Эўрапейскага саюзу былі распрацаваныя і агучаныя яшчэ ў пачатку 1924 году на паседжаньні Сойму Польшчы беларускім дзяржаўным дзеячам, пісьменьнікам, навукоўцам Браніславам Тарашкевічам. Услухайцеся ў ягоныя словы: “Свабодныя камунікацыі і палёгкі ў абмене каштоўнасьцямі павінны быць адной з галоўных мэтаў саюзу народаў, да якога павінна ісьці Эўропа”.

Аксак: “Колькі на сёньня ў вас ужо сабрана аўтараў і афарызмаў?”

Цехановіч: “Недзе каля ста дзесяці аўтараў, менавіта тых аўтараў, якія падабраныя мною паводле канцэпцыі кнігі. А канцэпцыя – гэта збор афарыстычных выслоўяў людзей, якія зьяўляюцца знакавымі асобамі для Беларусі, і творчасьць якіх апрабаваная часам. Гэта тыя людзі, якія ўжо пайшлі ад нас. Мною сабрана больш за тысячу афарызмаў ста дзесяці такіх асобаў гісторыі, літаратуры, культуры Беларусі. Працоўная назва зборніка: “У прытчах затоена мудрасьць: калекцыя афарызмаў”. Дарэчы, першая частка назвы – словы Францішка Скарыны”.

Аксак: “Які самы раньні афарызм у вашай калекцыі?”

Цехановіч: “Самыя раньнія афарызмы належаць Кірылу Тураўскаму, а таксама Эўфрасіньні Полацкай. Да прыкладу, мне дужа падабаецца наступнае выслоўе Кірылы Тураўскага: “Эвангелічнае слова – гэта вусны плод, што прапануецца на інтэлектуальным абедзе”.

Аксак: “А скажыце, калі ласка, ці займаўся хто-небудзь раней падобным калекцыянаваньнем?”

Цехановіч: “Да гэтага я ведаў толькі адну падобную працу – гэта выдадзеная ў 1960 годзе невялікая кніжачка літаратурных афарызмаў, сабраных Фёдарам Янкоўскім. Але цяпер я ведаю ўжо крыху болей. І ведаю, што Арнольд Міхневіч у 2002 годзе выпусьціў зборнік афарызмаў Якуба Коласа, які называецца “Якуб Колас разважае, радзіць, сьмяецца”. А таксама нашы літаратуразнаўцы Ніна Гаўрош і Ніна Нямковіч падрыхтавалі да друку кнігу “Афарыстычныя выслоўі беларускіх пісьменьнікаў”, якая налічвае каля чатырох тысячаў афарызмаў”.

Аксак: “Чым ваша праца адрозьніваецца ад згаданых?”

Цехановіч: “Кніжка Арнольда Міхневіча носіць больш вузкую скіраванасьць – гэта менавіта Коласаўскія афарызмы. Што датычыць падрыхтаванай да друку кніжкі Ніны Гаўрош і Ніны Нямковіч, то гэта кніга афарыстычных выслоўяў толькі беларускіх пісьменьнікаў. Я вырашыў абраць больш шырокі абсяг для пошуку афарызмаў. Сярод аўтараў, чые выслоўі я зьбіраю ў сваю калекцыю, ёсьць і палітычныя дзеячы (да прыкладу, кароль Міндоўг, канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега), і літаратары, і эканамісты, і рэлігійныя дзеячы – людзі самых розных зацікаўленасьцяў, але самае галоўнае, што ўсе яны зьяўляюцца тымі асобамі, якія зрабілі вельмі важны інтэлектуальны ўнёсак у нашу агульную беларускую скарбонку”.

Аксак: “Ці адыгрывала нейкую ролю ў вашым выбары мова арыгіналу выслоўяў?”

Цехановіч: “Пэўную ролю, вядома ж, адыгрывала, але тыя афарызмы, якія я зьбіраю, гэта найперш беларускамоўныя афарызмы. Разам з тым адной з адметных рысаў нашай беларускай культуры зьяўляецца яе мультыкультурнасьць. Вельмі шмат нашых продкаў пісалі па-лацінску. Польскамоўных пісьменьнікаў таксама ў нас багата, але пісалі яны пра Беларусь і для беларусаў і пачувалі сябе ліцьвінамі, ці, як па-сёньняшняму казаць, беларусамі. Таму я не лічу, што для ўкладаньня такой кнігі афарызмаў мова павінна мець нейкае ключавое значэньне. Самае важнае, каб асоба аўтара была знакавай для Беларусі”.

Аксак: “Вы падаяце гэтыя выслоўі на мове арыгіналу ці ў перакладзе?”

Цехановіч: “У перакладзе на сучасную беларускую мову”.

Аксак: “Сярод сабраных вамі залацінак беларускай мудрасьці якія для вас улюбёныя?”

Цехановіч: “У мяне шмат улюбёных афарызмаў. Напрыклад, мне вельмі падабаецца выслоўе Кузьмы Чорнага, датаванае 1943 годам: “Кожная дарога куды-небудзь вядзе, але ты выбірай тую, якая не вядзе ў прорву”. У многіх з нас самыя сьветлыя пачуцьці выклікае імя знакамітай акторкі Стафаніі Станюты. У маёй калекцыі ёсьць і яе афарызмы. Да прыкладу, такі: “Што ёсьць час? Усё. І нічога”. Дужа падабаюцца мне афарызмы нашага незабыўнага Ўладзімера Караткевіча. Аднойчы ён напісаў: “Аптымізм беларускі ў тым, што калі мы, нягледзячы на ўвесь пэсымізм і безнадзейнасьць мінулага, усё ж жывём, значыць у нас ёсьць падставы гаварыць аб лепшым будучым”.

АЎТАР І ТВОР

ВІКТАР КАРАМАЗАЎ: “МЫ НЕ ПАВІННЫ АДПРЭЧВАЦЬ СВАІХ ГЕНІЯЎ”


Віктар Карамазаў
На паліцах кнігарняў зьявілася новая кніга Віктара Карамазава, які апошнім часам стварае літаратурныя партрэты мастакоў. Ужо выйшлі ў сьвет ягоныя аповесьці пра В. Бялыніцкага-Бірулю, Г. Вашчанку, А. Бархаткова. Гэтым разам увагу слыннага празаіка прыцягнула асоба мастака Станіслава Жукоўскага – галоўнага героя аповесьці “Мой брат духоўны” і эсэ “Краса і воля”. Зь іх аўтарам сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Спадар Віктар, рэдкі выпадак – пад адной вокладкай два рознажанравыя творы з адным героем – аповесьць і эсэ. Чым вас так прывабіў Станіслаў Жукоўскі, што вы двойчы прайшлі ягоным жыцьцёвым шляхам?”

Віктар Карамазаў: “Прывабіў мяне Жукоўскі вельмі моцна. Наогул, калі мяне не прываблівае прататып, герой, то тады сумна пісаць, неахвота за стол садзіцца. З Жукоўскім я сустрэўся, шукаючы Бялыніцкага-Бірулю, калі рыхтаваўся пісаць кнігу пра Вітольда Каятанавіча. А Бялыніцкі-Біруля і Жукоўскі – вельмі блізкія сябры. Яны прайшлі разам усё жыцьцё – ад вучобы ў вучэльні жывапісу і дойлідзтва ў Маскве і да самага скону. Яны былі аднадумцамі і ў жывапісе, і ў чалавечых адносінах. Яны жылі ў прыродзе, яны пісалі прыроду з натуры, і крытэры ў іх былі адны. Чаму два творы пад адной вокладкай? У аповесьці я ішоў да душы Жукоўскага, да ягонай псыхалёгіі. Але ж была патрэба паглядзець на гэтага чалавека ў шырыню, так бы мовіць, геаграфічна-гістарычна. Такім чынам я напісаў яшчэ й эсэ пра Жукоўскага, і думаю, што гэтыя два творы ўзаемадапаўняюцца”.

Скобла: “У расейскіх выданьнях можна прачытаць: Жукоўскі – расейскі мастак, у Польшчы пішуць, што ён паляк. А сам ён сябе да якой нацыянальнасьці адносіў?”

Карамазаў: “Жукоўскі пісаўся палякам, але ён бачыў сябе патрыётам свайго роднага краю. А ягоны родны край – Гарадзеншчына, ён нарадзіўся пад Ваўкавыскам, жыў пад Пружанамі. І адусюль, дзе ні жыў, ён вяртаўся на радзіму – на Палесьсе, на Нёман, на Сьвіслач, у Белавескую пушчу. І ўсе свае самыя любімыя творы ён напісаў у Беларусі. Прыкладам, карціну “Чырвоная вада Белавежы”. І для нас гэта павінна быць істотна. Жукоўскі – беларус душою, сваім сумленьнем, калі хочаце”.

Скобла: “Гэтым летам мне давялося пабываць у Маскве, у Трацякоўскай галерэі. Сярод соцень і соцень палотнаў знакамітых і ня вельмі знаных мастакоў я сустрэў толькі дзьве карціны землякоў – Бялыніцкага-Бірулі і Жукоўскага. І то віселі яны ў нейкіх закутках, нягледзячы на тое, што абодва – акадэмікі Расейскай акадэміі жывапісу. А якое месца Жукоўскаму ў беларускім жывапісе адводзіце вы?”

Карамазаў: “У Маскве вы бачылі па адной працы, а ў нашым Мастацкім музэі вісіць дзьве карціны Жукоўскага. Увогуле, у фондах захоўваецца каля сарака ягоных працаў. Два гады таму было 130 гадоў зь дня ягонага нараджэньня, і мы нідзе ніводным словам не згадалі гэтага геніяльнага мастака. Не было яго выставы, працы нават не дасталі з фондаў. Калі я з мастацтвазнаўцамі заводзіў размову на гэтую тэму, яны адказвалі ў адзін голас: “А Жукоўскі ня наш. Ён расейскі жывапісец!” Бачыце, да чаго мы, беларусы, дайшлі… Мы не павінны адпрэчваць сваіх геніяў. Жукоўскі для мяне – адзін з самых вялікіх мастакоў Беларусі, адзін з самых вялікіх мастакоў Польшчы і адзін з самых вялікіх мастакоў Расеі.

Я чытаў прэсу пачатку ХХ стагодзьдзя. Што тады пра Жукоўскага пісалі? Сава Мамантаў: “Жукоўскі – гэта сьвята”. Бенуа: “Жукоўскі зноў чаруе Расею”. Брэшка-Брэшкоўскі: “Плаціна” Жукоўскага – гэта шэдэўр расейскага жывапісу”. Пісалі, што “Жукоўскі валодае таямніцамі Чэхава і Куінджы”, што Жукоўскі “пераўзышоў Левітана”. Так гэта ці ня так, але ва ўсякім выпадку, Левітан (настаўнік Жукоўскага і Бялыніцкага-Бірулі) у сваёй кватэры меў толькі адзін твор сваіх шматлікіх вучняў. І гэтым творам была карціна Жукоўскага”.

Скобла: “І ўсё ж ці ня самы славуты беларускі пэйзажыст – Бялыніцкі-Біруля. Два ягоныя музэі адчыненыя – у Магілёве і Бялынічах, пленэры праводзяцца. А ці рупіцца яшчэ нехта, апрача вас, каб годна ўшанаваць і памяць Жукоўскага?”

Карамазаў: “На Пружаншчыне пачаўся рух услаўленьня Жукоўскага. Нядаўна я вярнуўся з Пружанаў, езьдзіў паказаць сваю кнігу, і акурат у той дзень кіраўніцтва Пружанскага раёну ў вёсцы Старая Воля, дзе мастак правёў маладыя гады, адкрывала помнік Жукоўскаму. На Пружаншчыне з ахвотай набываюць маю кнігу, шануюць свайго знакамітага земляка. Гэта мяне радуе. На жаль, пакуль што на Ваўкавышчыне, дзе Жукоўскі нарадзіўся, яго постацьцю не зацікавіліся”.

Скобла: “У вашай кнізе “Краса і воля” трохі больш за сотню старонак. Што праўда, у ёй зьмешчана каля 30 якасных каляровых рэпрадукцый, якія даюць уяўленьне пра мастака Жукоўскага. Што засмучае, дык гэта кошт кнігі – у кнігарнях яна прадаецца амаль за 30 000 рублёў. Ці разыходзіцца яна?”

Карамазаў: “Мяне не палохае той факт, што кніга ня вельмі хутка раскупляецца. Галоўнае, што яна існуе ў нашым жыцьці, і той, каму яна сапраўды патрэбная, знойдзе магчымасьць яе набыць. Мяне палохае іншае – якасьць самога кнігагандлю. Выдаў я кнігу пра народнага мастака Беларусі Гаўрылу Вашчанку і завёз на рэалізацыю ў ягоную карцінную галерэю ў Гомелі, там ёсьць і крамка, дзе прадаюцца карціны, буклеты, кнігі. Дык вось, за два гады яны там не прадалі ніводнай кнігі! А Вашчанка падараваў гораду больш за 400 сваіх працаў... Вось так у нас папулярызуецца творчасьць нашых мастакоў. За гэты час я адзін распаўсюдзіў 2 500 кніг – амаль увесь наклад”.

ВІКТАР КАРАМАЗАЎ. ДЫЯЛЁГ ПЕРАД КАРЦІНАЙ

Да карціны у пашэрхлым старым багеце наблізіўся чалавек. I падышоў другі – спыніўся побач. Першы ўважліва паглядзеў на другога і прывітаў: «Здрас-те!..»

Другі адказаў зь лёгкім паклонам: «Дзень добры, пан!..»

Першы зьвярнуў увагу другога на карціну: «Станіслаў Жукоўскі. Легенда і загадка жывапісу. На жаль, легенда аднымі забытая, другімі яшчэ не адкрытая».

«А ёсьць тыя, хто бачыў мастака і не забудзе да сьмерці», – заўважыў другі.

Першы пагадзіўся: «Так. На пачатку дваццатага стагодзьдзя кумірам расейскага пэйзажу быў Левітан, але гадоў празь дзесяць казалі і пісалі пра Жукоўскага, што ў калярыце, сьвятле і тоне ён пераўзышоў Левітана. А што такое калярыт, сьвятло і тон у пэйзажы?..»

«Амаль усё...»

У багеце датлявала, як прысак вогнішча, вяснова-летняя ноч, расьсеяным сьвятлом пад чэзлай поўняй ледзь вызначаўся блакітна-пэрлямутравы ранак, на тонкім, нібы лязо нажа, зьбегу ночы ды раніцы туманіўся вялікі, як для старое вёскі, драўляны дом з шасьцю высокімі ў фасадзе вокнамі і белымі, блакітна-белымі пілёнамі на ганку пасярод фасаду. У вокнах стомлена, як ад аплылых за ноч сьвечак, трывожна-аранжавымі мазкамі дагарала сьвятло, і гэтая агняная трывога з вокан рэфлексавала па сьценах дому, па пілёнах ганку, па шыкоўных кустах расквітнелага бэзу, па лаўцы насупраць вокнаў і белай сукенцы на жанчыне, якая сядзела, прылёгшы на руку і сьпінку лаўкі, стамлёная бяссонніцай.

Першы чалавек прадоўжыў: «Зьвярніце ўвагу на вокны. Вам не здаецца, што знутры пакоі дома асьвятляе жывы зварушлівы агонь?..»

Другі слухаў уважліва, згодна ківаў галавою, але ўсьмешка ў куточках вуснаў і ў вачах блукала, выдаючы ахвоту сказаць штосьці сваё. І... нарэшце:
«Так, пан. Жукоўскі – чарадзей!.. Але чарадзей Польшчы. Ён сам казаў і пісаў, што паляк. I нарадзіўся ў Польшчы. I тлен яго ў зямлі Варшавы. А дзе тлен – там дух!»

Першы чалавек, пакуль казаў другі, таксама ўсьміхаўся, не без іроніі як быццам, але, выслухаўшы, пазмрачнеў і адказаў, як з выклікам на спрэчку:
«Ён нарадзіўся пад Ваўкавыскам, вырас на Палесьсі, а гэта была Імпэрыя Расея. Масква, дзе вучыўся, таксама пакуль яшчэ ня Польшча. Яго настаўнікі – Каровін, Паленаў, Левітан, здаецца, не палякі? А далей, пасьля вучобы – Таварыства перасоўнікаў, Саюз расейскіх мастакоў, Акадэмія мастацтва Расеі...»

Другі знайшоў і тут чым адказаць: «У дваццаць трэцім ён уцёк з Расеі ў Польшчу. Будзем шчырыя – ад турмы і ад сумы, як у вас кажуць».

«I сьмерць знайшоў у Польшчы...»

«На барыкадах за волю Польшчы!»

На ўслончыку, што стаяў перад карцінаю за сьпінамі спрэчнікаў, заварушыўся ціхі чалавек, якога тыя ў заўзятай спрэчцы не заўважалі. Ён спакойна адкашляўся, падняўся, абодвум пакланіўся нізка, нават, магчыма, празьмерна нізка: «Маё вам шанаваньне, панове!.. Я чуў, прашу прабачыць, вашу размову пра майго земляка, і, можна сказаць, рады, што вы, расеец і паляк, яго таксама любіце. Але... Але... – Тыя пераглянуліся і насьцярожыліся. А нечаканы для абодвух трэці, яшчэ раз керхнуўшыў кулак, прадоўжыў: – Расея, Польшча – вялікія краіны ды народы. Але ж ёсьць, браточкі, Бог і ёсьць у Бога воля, каб паміж вамі, Польшчай ды Расеяй, жыла Літва, хоць і з назовай новай, маскоўскай, Белая Русь».

Паляк не прамінуў заўважыць: «Кароль Уладыслаў з войскам стаяў пад сьценамі Масквы...»

Не ўпусьціў свайго выпадку і расеец: «А казакі гулялі па Варшаве».

Паляшук ухмыльнуўся аднаму, потым другому, абхапіў абодвух, пакуль не пасварыліся, за плечы: «Бог у нас адзін, мужыкі-панове. Не грашыце. Пакіньце наша нам, а ваша хай застанецца вам. На карціне, якую вы глядзіце, – Палесьсе, Старая Воля пад Пружанамі. Вас трывожыць агонь у вокнах? Там вольны дух літоўскай збройнай шляхты – Жукоўскіх. Той дух у сэрцы мастака ад бацькі і яго братоў – вояў за волю Бацькаўшчыны пад штандарамі Кастуся Каліноўскага. Гэтым агнём мастак жыў, кахаў, пісаў свой родны паляшуцкі край. Літву ці Беларусь? Назовы мяняюць улады, а Родны Край — адзін!»

«Пісаў і Польшчу», – заўважыў другі чалавек.

«I Расею», – пасьпяшаўся не адстаць першы.

«І Польшчу, і Расею, – зь імі пагадзіўся трэці. – Але ж пісаў усё і ўсюды душою, сэрцам беларуса-палешука!.. Тут – уся загадка чарадзея...»

У Старой Волі пад Пружанамі, у вокнах дома Жукоўскіх агонь мацнеў. Яго разьдзьмухваў Сам Гаспадар.

КРЫТЫКА

МІХАСЬ ТЫЧЫНА. ПРАЗ МАСКВУ ДА БЕЛАРУСІ


Міхась Тычына
Скарыніч: Літаратурна-навуковы гадавік. Выпуск 7. – М.: Советский писатель, 2008. – 216 с. – Укладальнік Аляксей Каўка.

Штогоднік “Скарыніч” мае ўсе падставы называцца “Скарынічы”. Яго ўжо 17 гадоў пасьпяхова выпускаюць тыя, хто робіць Скарынаву справу, ідзе па сьлядах Францішка Скарыны ў Маскву, каб вярнуцца, як добра сказаў каардынатар праекту Віктар Чайчыц, “праз Маскву да Беларусі”.

Сярод скарынічаў – укладальнік Аляксей Каўка, аўтары – Сімяён Полацкі, Пятро Бяссонаў, Аляксандар Твардоўскі, Мікалай Улашчык, Радзім Гарэцкі, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Уладзімер Дамашэвіч, Валянцін Аскоцкі, Мікола Ермаловіч, Масей Сяднёў, Генадзь Кісялёў... Усе яны, сейбіты вечнага, удзельнічаюць у культурна-цывілізацыйным дыялёгу двух народаў і культураў, ствараючы адчуваньне яго ўнутранай цэласнасьці і ўзаемнай зацікаўленасьці.

Размаітыя па зьмесьце і форме матэрыялы яднае думка пра Беларусь, імкненьне разьвеяць міты пра “агульныя гістарычныя і культурныя карані”, пра непрымальную тэорыю “старэйшага брата”, пра “славянскае братэрства”, “агульную рэлігію”, “агульную дзяржаву”, “падабенства мовы” і г.д.

Камэртонам да кнігі зьяўляецца ўрывак з “Хронікі Быхаўца”, дзе гаворка ідзе пра вялікага князя Альгерда Гедымінавіча і пра “копие литовское”, якое “стояло под Москвою”. Так можа мовіць толькі той, хто ўладу мае і валодае ісьцінай. “Слова, яже Христос распятый на кресть мовил...”, Сімяёна Полацкага выводзіць дзяржаўнае мысьленьне на ўзровень агульначалавечай мудрасьці. Менавіта пра беларуса Сімяёна Полацкага, творчая дзейнасьць якога склала эпоху ў гісторыі расейскага асьветніцтва, сказаў гісторык М. Ключэўскі: “Заходнеэўрапейская культура прыйшла ў Расею ў адзеньні “заходнерасейскага” манаха, музыканта, вучонага”.

Пра “цудоўную моц і жывучасьць” асноўных пачаткаў беларусаў, пра шматбаковасьць іх культурнага разьвіцьця, дзівосную ўплывовасьць і яднаньне народных сілаў, пра ўменьне на роўных правах ужывацца з такімі моцнымі народамі, як літоўцы, палякі, габрэі і нават немцы, пісаў у свой час фальклярыст П. Бяссонаў. “Не скараючы іх зброяй, наадварот, самі скораныя і пакорныя, яны пастаянна то змагаліся зь імі дзеля сяброўскага яднаньня, то сябравалі дзеля ўнутранага самавызначальнага змаганьня і, увесь час, крок за крокам, пасьпявалі перамагаць сваім духоўным, маральным, моўным, творчым, побытавым, грамадзянскім, сэнсатворным і асьветніцкім уплывам”.

Калі П.Бяссонаў зьвяртаўся да расейскага чытача, то Іван Луцкевіч, пад псэўданімам Геб. Палісандэр, у артыкуле “Нібы памёрлая Беларусь”, апублікаваным у 1904 годзе ў часопісе “Ruthenische revue” і перакладзеным зь нямецкае мовы Пётрам Садоўскім, адрасаваўся да заходнеэўрапейскага чытача. Аўтар сьцьвярджае, што “беларускае пытаньне ня ёсьць прыдумкай апошніх гадоў”, і што “яно такое ж даўняе, як літоўскае, польскае ці ўкраінскае (русінскае)”. Далей падаюцца гістарычныя зьвесткі, прыклады разьвіцьця беларускай літаратуры і нацыянальнага адраджэньня, ствараецца “партрэт народу, які жыве ў Эўропе”. І робіцца выснова: “Гэта самая цёмная карта змрочнай Расеі. Але ж менавіта гэты народ, які пасьля паярэмленьня Ўкраіны татарамі і разбурэньня паўночных рэспублік маскавітамі, застаўся зьвязаным з Заходняй Эўропай з ХVІ ст., і, нават больш за тое, пераказваў у Эўропу свае рэфарматарскія ідэі”.

Слухача, пэўна ж, зьдзівяць развагі Барыса Савінкава “Пра Беларусь” (публікацыя Віталя Скалабана), напісаныя ў 1921 годзе. Пра яго ў савецкай энцыкляпэдыі сказана адназначна: “кіраўнік антысавецкіх змоваў і мецяжоў, белаэмігрант”. А ён, між тым, пісаў вершы і прозу і думаў над “беларускім пытаньнем”, робячы ўпэўненую выснову: “Хто прызнае незалежнасьць Латвіі, Эстоніі, Грузіі, Украіны, той павінен непазьбежна прызнаць права на незалежнасьць і народа беларускага. Трэцяга не дадзена. Альбо “гром победы раздавайся”, альбо абавязкова прымусовае далучэньне Латвіі, Эстоніі, Грузіі, Украіны і г.д. да Расеі...”

Акадэмік Радзім Гарэцкі ва ўспамінах “Масква Гарэцкіх” падае адысею вандраваньняў, самастойных і вымушаных, гэтай унікальнай беларускай сям’і зь Беларусі ў Маскву і з Масквы ў Беларусь, шчасьлівыя і нешчасьлівыя эпізоды, згадвае факты дабратворнага ўплыву маскоўскіх інтэлектуалаў на творчае станаўленьне беларусаў і шчодры падарунак беларусаў расейскай навуцы і адукацыі. Гэта найперш навуковыя адкрыцьці акадэміка Гаўрылы Гарэцкага, дзясяткі кніг, падручнікаў Усяслава Гарэцкага – ад “Буквара” і “Азбукі” да “Русского слова” і “Чытаем самі, абмяркоўваем разам”, сапраўднага “донара расейскай навукі”, як назваў яго аўтар успамінаў.

У адкрытую і жорсткую палеміку з А.Салжаніцыным уступае Іван Ласкоў. Адначасова з А.Сідарэвічам ён у сваім лісьце знакамітаму пісьменьніку і змагару з таталітарызмам аргумэнтавана абвяргае надзіва лёгкаважныя характарыстыкі “нацыяналаў” аўтара “Як нам уладкаваць Расію”, яго незразумелую зашоранасьць, элемэнтарную недасьведчанасьць, калі гаворка пераходзіць да развагаў пра “нацыянальныя ўскраіны”, “агульную гісторыю”, “усходнеславянскую сям’ю”. Галоўнай прычынай гэтых абмовак А.Салжаніцына І.Ласкоў справядліва называе “імпэрскую амбіцыйнасьць” расейскай гістарыяграфіі.

Да чаго прыводзіць абыякавасьць да гісторыі суседзяў, наглядна сьведчыць анэкдатычныя выпадак з “Подарком Бориса Ельцина”, апісаны ў “Скарынічы” В.Кебічам.

Злыбеды беларусаў, якія сталі не па сваёй волі расейцамі, маскавітамі, уражліва апісаны ў згадках навукоўцаў Віктара і Алеся Чайчыцаў, якія робяць цікавыя высновы: “Масква паспрыяла нашай беларускасьці”, “паляшук, ён і ў Маскве паляшук”, “адрозьненьне – вялікая перавага”.

Аляксей Каўка ў дакладзе “Тэма “маскаля” ў беларускай літаратуры” тлумачыць самім масквічам, што гэта нібыта абразьлівае для расейцаў слова азначае насамрэч. У разьдзеле “Архіў. Эпісталярыя” размова пра шляхі беларускасьці ў Расеі працягваецца. Дакумэнты наглядна пераконваюць у беспадстаўнасьці многіх мітаў. Востры боль чуецца ў словах ці не з апошняга прыжыцьцёвага ліста Генадзя Кісялёва, расейца паводле нараджэньня і беларуса па сваім духоўным складзе і выніках дасьледчай працы.

Літаратурны крытык і грамадзкі дзеяч Валянцін Аскоцкі згадвае словы Васіля Быкава, які нібыта падводзіць вынік зробленаму “скарынічамі”: “Мы з Расеяй акадэміка Сахарава, Сяргея Кавалёва. Але не з камуністычнай Расеяй сталіністаў”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG