Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыянэр? Падай дэклярацыю аб даходах!


Управа дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў па Магілёўскай вобласьці завяла адміністрацыйную справу на актывіста незарэгістраванай Партыі свабоды і прагрэсу Аляксандра Сілкова. Яго вінавацяць ва ўхіленьні ад падачы дэклярацыі аб даходах і маёмасьці. Актывіст заяўляе, што не падасьць дэклярацыі, пакуль яму не патлумачыць падставаў для гэтага.


Управа дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў запатрабавала ад Сілкова дэклярацыі ў ліпені, калі ён зьбіраў подпісы выбарцаў, каб стаць кандыдатам у дэпутаты палаты прадстаўнікоў.

Аляксандар Сілкоў ставіць пад сумнеў законнасьць патрабаваньня дэпартамэнту й зьвязвае яго з сваёй палітычнай дзейнасьцю.

“Ні я, ні мае сваякі не зьяўляемся фігурантамі крымінальных спраў, зьвязаных з эканамічнымі злачынствамі. Акрамя таго, я не займаюся прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Толькі ў такіх выпадках заканадаўства дае права дэпартамэнту патрабаваць дэклярацыі”, — заяўляе актывіст.

Спадар Сілкоў ужо скардзіўся ў пракуратуру Магілёўшчыны. Тая адказала, што, згодна з законам Беларусі “Аб дэкляраваньні фізычнымі асобамі даходаў і маёмасьці”, органы дзяржаўнага кантролю не абавязаныя тлумачыць падставы іх патрабаваньня. Цяпер актывіст мае скардзіцца ў генэральную пракуратуру Беларусі.

Сёньня Аляксандар Сілкоў азнаёміўся з матэрыяламі справы. Яе разгляд прызначаны на трэцяга сьнежня. Яму пагражае штраф да аднаго мільёна сямісот тысяч рублёў з патрабаваньнем запоўніць дэклярацыю.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG