Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: актывісты судзяцца з старшынём гарвыканкаму


Ленінскі суд Магілёва пачаў разгляд скаргі, пададзенай актывістамі незарэгістраванай партыі Свабоды й Прагрэсу Аляксандрам Сілковым і Аляксандрам Ірхо.


Актывісты вінавацяць старшыню Магілёўскага гарвыканкаму Віктара Шорыкава ў перавышэньні паўнамоцтваў ды парушэньні закону “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.

Спадары Сілкоў і Ірхо 7 сакавіка падалі на імя Шорыкава заяўку на правядзеньне мітынгу й шэсьця да гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці БНР й не атрымалі адказу дагэтуль. Гэта й сталася нагодай для суду.

Праз суд актывісты намагаюцца абавязаць гарвыканкам разгледзець заяўку зноў і адказаць ім, як таго вымагае заканадаўства.

Прадстаўніца гарвыканкаму Ала Галушка прэтэнзіі актывістаў не прызнала. Паводле яе слоў, усім заяўнікам адказ быў адпраўлены поштай. Пацьвердзіць адпраўку лістоў яна, аднак, ня здолела. Спаслалася на тое, што гарвыканкам толькі рэгіструе звароты грамадзянаў, а рэгістрацыі адказаў не вядзе.

За ходам суду назіралі двое асоб у цывільным.

Цяпер судзьдзя Галіна Кужалева абвясьціла ў судовым працэсе перапынак да 16 гадзінаў.

Учора гэтая ж судзьдзя не задаволіла скаргі актывіста Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Мікалая Расюка. Той намагаўся праз суд прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці кіраўніка справаў гарвыканкаму Ігара Аўсеенку. Гэты чыноўнік, на думку Расюка, перавысіў свае паўнамоцтвы, забараніўшы мітынг і шэсьце да Дня Волі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG