Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“200—400 тысяч для мужчыны — не заробак”


Фінансавы крызіс, як прагназуюць адмыслоўцы, у бліжэйшыя два гады найбольш закране насельніцтва малых гарадоў. Тут невысокія заробкі й найбольш складаная сытуацыя на рынку працы.


Нядаўна урад Беларусі прыняў дзяржаўную праграму спрыяньня занятасьці насельніцтва ў 21 са 187 невялікіх паселішчаў. На Гомельшчыне ў згаданую праграму ўключаны Калінкавічы, Васілевічы, Акцябрскі, а таксама мястэчка Ільіч Рагачоўскага раёну.

Афіцыйна ўзровень беспрацоўя ў тых жа Калінкавічах невысокі. Начальнік аддзелу эканомікі мясцовага райвыканкаму Васіль Барысенка апавёў, што спрыяньне працоўнай занятасьці вядзецца найперш у двух кірунках:

“У нас паляпшэньне занятасьці насельніцтва вядзецца шляхам стварэньня працоўных месцаў на дзейных і новых прадпрыемствах. Другі важны фактар — разьвіцьцё індывідуальнай працоўнай дзейнасьці, індывідуальнага прадпрымальніцтва”.

Тым часам жыхары райцэнтра зазначаюць, што працу ў райцэнтры можна знайсьці і цяпер. Праблема ў іншым — ва ўзроўні яе аплаты.

Гаворыць сябра АГП, беспрацоўны настаўнік Дзяніс Рабянок:

“У кожным нумары нашай афіцыйнай мясцовай газэты ёсьць аб’явы, што і на той жа мясакамбінат патрабуюцца людзі дзесяці-пятнаццаці спэцыяльнасьцяў, і на малочны завод, і на мелькамбінат патрабуюцца. Дайшло да таго, што праз газэту шукаюць
Працаваць ёсьць дзе, але людзі зьяжджаюць у Расею, ва Ўкраіну.
галоўных інжынэраў і галоўных энэргетыкаў на гэтыя прадпрыемствы. Працаваць ёсьць дзе, але людзі зьяжджаюць у Расею, ва Ўкраіну. Навошта чалавеку ісьці працаваць цэлы месяц за трыста рублёў, калі ў Маскве ён заробіць тысячу даляраў? Ніякія праграмы зьніжэньня беспрацоўя не дапамогуць, пакуль ня будуць выраўненыя заробкі хаця б з той жа Польшчай, Расеяй ці Прыбалтыкай”.

Сам спадар Рабянок настаўнікам уладкавацца ў райцэнтры ня можа. А езьдзіць у вясковую школу, каб атрымаць тыя ж 300 тысяч рублёў, таксама не выпадае:

“Калі Калінкавічы ўключылі цяпер у гэтую праграму занятасьці, то пайду афіцыйна зарэгіструюся на біржы і пагляджу, што гэтая праграма мне можа даць”.

У суседнім райцэнтры, Акцябрскім, на ўліку значыцца 50 беспрацоўных. Пераважна гэта жанчыны. Паводле афіцыйных зьвестак, узровень беспрацоўя складае 1,2 адсотка ад актыўнай часткі мясцовага насельніцтва. Усяго на адну сотую частку вышэй, чым у сярэднім у рэгіёне. Мясцовыя кіраўнікі нават зьдзіўляюцца, чаму райцэнтар патрапіў у дзяржаўную праграму спрыяньня занятасьці. Але тут, як і ў Калінкавічах ды ў іншых месцах, ня ўлічваюць схаванае беспрацоўе, калі людзі ў пошуках заробку едуць за межы Беларусі.

Жыхары былога райцэнтру Васілевічы гэтаксама не ідуць на біржу працы. Выйсьце, як сьцьвярджае жыхар Васілевічаў, яны шукаюць найперш у Расеі:

“Моладзь у асноўным зьяжджае ў Расею. Для мужчыны 200—400 тысяч рублёў складана назваць заробкам. Таму асноўная частка людзей працуе ў Расеі, хто не дэградаваў, ня страціў памяці і мае магчымасьць паехаць”.

Паводле суразмоўцы, каб местачкоўцаў сапраўды заняць дома, трэба аднавіць прадпрыемствы, якія былі зьліквідаваныя ў 90-я гады.

“Дапусьцім, Васілевіцкі цагляны завод. Гліна вакол Васілевіч — вельмі высокай якасьці. Напачатку 90-х быў гатовы да пуску бульбаперапрацоўчы завод. Яго таксама няма, толькі адна труба засталася. Можна было б аднавіць сыраробчы альбо маслазавод, які быў раней”, — лічыць жыхар Васілевічаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG