Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Галерэя Ады” перамагла на фэстывалі ў Францыі


Уладзімер Колас і Ада Райчонак
Уладзімер Колас і Ада Райчонак

Увечары 10 лістапада на фэстывалі дакумэнтальных фільмаў у францускім Ля-Рашэлі кінарэжысэр Уладзімер Колас атрымаў галоўны прыз са стужкай “Галерэя Ады”.


Наш карэспандэнт датэлефанаваўся спадару Коласу ў Францыю літаральна праз некалькі хвілінаў пасьля абвяшчэньня вынікаў:

“Гэта супэрперамога, проста фантастыка. Не магу да канца яшчэ адысьці ад навіны, але гэта насамрэч проста неверагодна — столькі краінаў, столькі вельмі салідны канкурэнтаў… Спачатку ў дзясятку лепшых я ўвайшоў і ўрэшце атрымаў галоўны прыз… Гэта, яшчэ раз кажу, проста фантастыка…”

Карэспандэнт: “Прыз мае нейкую адмысловую назву?”

Колас: “Не, тут ніякіх намінацыяў няма, проста галоўны прыз фэстывалю…”

Сёлета ў верасьні стужка “Галерэя Ады” ужо стала ляўрэатам у катэгорыі “Нацыянальны характар” падчас тэлевізійнага фэстывалю “Залаты бубен” у расейскім Ханты-Мансійску. У кастрычніку чарговы посьпех прыйшоў да стваральнікаў стужкі падчас бэрлінскага “Europe Prix” — аднаго з самых аўтарытэтных эўрапейскіх конкурсаў тэле- і радыёпраграмаў.

Па словах спадара Коласа, адразу з Францыі стужка выправіцца на конкурс у Стамбул, а пры канцы лістападу будзе дэманстравацца ў рамках панарамы 30 фільмаў у Амстэрдаме. Амстэрдамскі фэстываль лічыцца ў кінадакумэнталістаў адным з “топавых”, таму для любога рэжысэра сам факт удзелу ў ім пачэсны.

У дакумэнтальна-публіцыстычным фільме “Галерэя Ады” праз лёс 70-гадовай Ады Райчонак — былога вязьня Віцебскага гета, колішняй вясковай настаўніцы — паказанае жыцьцё беларускай глыбінкі. Спадарыня Ада даглядае немалую гаспадарку, а ў перапынках паміж увіханьнем ля парасятаў склікае на чарговы плэнэр у Германавічы, што ў Шаркаўшчынскім раёне Віцебшчыны, вядомых беларускіх і замежных мастакоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG