Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Янка Саламевіч, Барыс Пятровіч, Язэп Янушкевіч


Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 1 лістапада.


АЎТАР І ТВОР

БАРЫС ПЯТРОВІЧ: “ШВЭДЫ ХОЧУЦЬ ВЫДАВАЦЬ БЕЛАРУСКУЮ ЛІТАРАТУРУ ПА-ШВЭДЗКУ”


У швэдзкім выдавецтве “Ramus” выйшла кніга прозы Барыса Пятровіча. Гэта першы ў гісторыі пераклад на швэдзкую беспасярэдне зь беларускай. Аўтар быў запрошаны ў Стакгольм на прэзэнтацыю кнігі, сустрэчы з чытачамі адбыліся і ў іншых гарадах Швэцыі. Па вяртаньні на радзіму Барыс Пятровіч падзяліўся ўражаньнямі зь Міхасём Скоблам.

Міхась Скобла: “Барыс, як вас прымалі ў Швэцыі, як прайшла прэзэнтацыя вашай кнігі?”

Барыс Пятровіч
Барыс Пятровіч:
“Уражаньні засталіся незабыўныя. Шчыра прызнацца, я ехаў туды зь нейкай насьцярожанасьцю і хваляваньнем. Былі сумненьні: якая там цікавасьць можа быць у швэдаў да нейкага аўтара зь Беларусі? Але сустрэчы прайшлі, дзякуючы арганізатарам, на найвышэйшым узроўні. Арганізатары – гэта, найперш, выдавец Пэр Бэргстром, міжнародны сакратар швэдзкага Саюзу пісьменьнікаў Генрык Карл Энбом і перакладчык Дзьмітры Плакс. Адбылося ўсяго пяць сустрэчаў, зь іх дзьве – у Стакгольме, тры – на поўдні Швэцыі. У Стакгольме былі сустрэчы ў Міжнароднай бібліятэцы і ў тэатры “Гільяцін”.

Скобла: “Калі параўнаць сустрэчы ў Стакгольме з тымі сустрэчамі, якія адбыліся ў іншых швэдзкіх гарадах – ці адрозьніваюцца там сталічныя і правінцыйныя аматары літаратуры?”

Пятровіч: “Мне падалося, што вялікіх адрозьненьняў няма, таму што я быў у найбуйнейшых гарадах – Гётэборгу і Мальмё, якія ў пэўным сэнсе спаборнічаюць са Стакгольмам, і правінцыйнымі іх цяжка назваць. Уразіла, што на сустрэчы прыходзіла даволі шмат людзей. Скажам, у тэатар “Гільяцін” прыйшло болей за сто чалавек, пры гэтым уваход быў платны і каштаваў недзе сем эўра. У Гётэборгу я ўдзельнічаў у міжнародным паэтычным фэстывалі. Гэта адзін зь вядомейшых і аўтарытэтнейшых фэстываляў у Эўропе, і туды запрашаюцца паэты з Заходняй Эўропы і Амэрыкі. Гэтым разам таксама былі прадстаўнікі Злучаных Штатаў, Вялікай Брытаніі, Францыі, Бэльгіі, Даніі, з Усходняй Эўропы быў толькі я адзін”.

Скобла: “А якім накладам выйшла ваша швэдзкая кніга?”

Пятровіч: “Каля тысячы асобнікаў. І пасьля нашых сустрэчаў выдавец мне сказаў, што калі ў Швэцыі за першы год кніга падобнага фармату і малавядомага замежнага аўтара разыходзіцца ў колькасьці сто пяцьдзесят асобнікаў, то гэта лічыцца вельмі добра. Ён сказаў, што мы на прэзэнтацыях прадалі якраз сто пяцьдзесят асобнікаў, такім чынам, праграма мінімум была выкананая толькі за гэтую паездку”.

Скобла: “А калі параўнаць грамадзкі статус пісьменьніка ў Швэцыі і ў Беларусі – дзе ён вышэйшы?”

Пятровіч: “Пісьменьнікі ў Швэцыі падтрымліваюцца дзяржавай, і дзе б мы ні былі, а ў нас праходзілі сустрэчы таксама ў Саюзе пісьменьнікаў, у выдавецтвах, у рэдакцыях часопісаў, усюды падкрэсьлівалася, што швэдзкіх літаратараў падтрымлівае дзяржава. Мы наведаліся ў гэтак званы Выдавецкі цэнтар, дзе выходзіць больш за сто часопісаў культурніцкага накірунку. Цэнтар арганізаваны дзяржавай і падтрымліваецца дзяржавай. Ён уяўляе зь сябе вялізныя памяшканьні, дзе стаяць кампутары, дзе працуюць людзі, якія дапамагаюць выдаваць часопісы ўсім жадаючым. Калі чалавеку ці групе людзей захацелася выдаць часопіс, яны могуць прыйсьці ў гэты цэнтар са сваёй ідэяй, ім дапамогуць выдаць часопіс, дапамогуць напачатку з распаўсюдам. І калі гэта будзе цікавае выданьне, калі яно будзе карыстацца попытам, то дзяржава і надалей яго падтрымае. І не патрэбная ні рэгістрацыя, ні ліцэнзаваньне… Прычым, такіх цэнтраў у Швэцыі чатыры – у Стакгольме, у Мальмё, у Гётэборгу і яшчэ ў адным горадзе на поўначы Швэцыі, я не запомніў яго назву. І ў кожным выходзяць выданьні на падобных умовах. Зь іх каля дзесяці адсоткаў – гэта літаратурныя выданьні.

Скобла: “Перад вашым прыездам у Швэцыю Нобэлеўскі камітэт у Стакгольме акурат прысуджаў Нобэлеўскія прэміі. Статус гэтай прэміі ва ўсім сьвеце традыцыйна высокі. А якое стаўленьне да Нобэлеўкі ў саміх швэдаў?”

Пятровіч: “Швэды ставяцца да самой прэміі, да пісьменьнікаў, якія атрымліваюць гэтую прэмію, з найвялікшай павагай. Іх кнігі распрадаюцца імгненна, адразу выходзяць некалькі выданьняў пісьменьнікаў-набілянтаў. Праўда, даўнавата прэмію не атрымлівалі самі швэды. Пэўна, яны, як і мы, беларусы, зачакаліся сьвята і на сваёй вуліцы”.

Скобла: “Ці ня першы крок па шляху беларуска-швэдзкага супрацоўніцтва зрабіў яшчэ Максім Багдановіч сто гадоў таму, пераклаўшы верш швэдзка-фінскага паэта Ёхана Людвіга Рунэбэрга “Паво”. А якімі бачацца вам пэрспэктывы беларуска-швэдзкіх стасункаў сёньня?”

Пятровіч: “Штогод зь лёгкай рукі амбасадара Швэцыі ў Беларусі Стэфана Эрыксана і фотамастачкі Марыі Сёдэрбэрг праводзяцца Дні літаратуры і культуры Швэцыі ў Беларусі. На гэтыя дні прыяжджаюць са Швэцыі пісьменьнікі, да гэтых дзён перакладаюцца на беларускую мову іх творы. І беларускія пісьменьнікі ахвотна далучаюцца, і іх творы перакладаюцца на швэдзкую мову. Скажам, сёлета такія сустрэчы праходзілі ў Полацку, Баранавічах, Лунінцы. З нашага боку ўдзельнічалі Вольга Іпатава, Уладзімер Арлоў, Валянцін Акудовіч, Віка Трэнас, Арцём Кавалеўскі. Летась у Пінску і Горадні былі Ўладзімер Някляеў, Леанід Дранько-Майсюк, Джэці, Віктар Жыбуль. Такім чынам, швэды, прынамсі, швэдзкія пісьменьнікі, ведаюць сучасную беларускую літаратуру. У Стакгольме мы сустракаліся з выдаўцом Б’ёрнам Лінэлем, ён пацікавіўся сёньняшнім станам беларускай літаратуры, і была размова пра тое, што варта скласьці сьпіс трыццаці найцікавейшых беларускіх літаратараў і перадаць яму. Швэды, у прынцыпе, хацелі б выдаваць сучасную беларускую літаратуру па швэдзку”.

Скобла: “У сьвятле сказанага вамі, можа, прыйшла пара нам забыцца на адну беларускую прыказку, якой, мабыць, гадоў трыста. Памятаеце: “Стуль маскалі, а стуль швяды – дзе падзецца з такой бяды?”

Пятровіч: “Яна, зразумела, страціла, сваю актуальнасць. Прынамсі, адносна швэдаў…”

БАРЫС ПЯТРОВІЧ. ФРЭСКІ

Гэтаняшчасьце?

Рука ўзьнятая – ён вітаецца, прыціснутая да грудзей – просіць прабачэньня. Жэсты простыя, як у неандартальцаў, як у малпавым статку – як у людзей. Словаў ня трэба, дастаткова мімікі. Непасрэднае – неапасродкавае – разуменьне. Нічога лішняга.

Хто сумняваецца, што ён пераможа? З тых, што бачаць яго цяпер – ніхто. Бо каб засумнявацца, трэба зрабіць намаганьне над сабою, а навошта... Усё зразумела, усё проста: ня варта прымушаць сябе ня верыць яму. Ён кажа: кожнаму мужу па жонцы, кожнай жонцы па ложку, кожнаму ложку па коўдры, кожнай коўдры... Як справядліва: кожнаму – кожнае! Мы нічога іншага і не жадаем. Мы хацелі пачуць толькі гэта.

Вы за каго? Я за яго! I я за яго! I я! I я! I я! I я!.. За яго!

Гэта сон? Не, гэта ява. Гэта жыцьцё, якое мы жывем. Прайшло дваццаць гадоў, прайшло трыццаць. Дзеці сталі бацькамі. Ён стаў дзедам. Ён таксама пражыў жыцьцё. Разам з усімі, разам з кожным. Дзеля чаго? Космас ня стаў бліжэй, зямля ня стала радней. Людзі не зрабіліся лепшымі, павуцінка не зрабілася таўсьцейшай. Мора засталося далёкім, а дзяцінства – недасягальным. |

А былі ж яшчэ мары. У кожнага – кожныя. Асабістыя з асабістых. Аднак прыйшоў ён і ўсе пачалі жыць так, як палічыў патрэбным ён, а тыя, хто не забыў пра сваё, хто думаў іначай, ужо даўно ня тут. Слова «супраціў» стала сынонімам слова «сьмерць». Ворагі! Так ім і трэба... I мяне гэта не датычыць. Мая хата – інтэрнат...

Я вельмі люблю яго. Больш за маці, за сваіх дзяцей... I я люблю толькі яго. I я! I я! I я!..

А я яшчэ больш люблю яго... А хто сумняваецца ў тым? Ніхто.

Жыць ды радавацца, радавацца і дзякаваць. Ці ж гэта ня шчасьце?

I баяцца толькі аднаго: як мы будзем жыць без Яго?

Мінус

У нашых кватэрах пуста – як у нашых душах. У нашых кватэрах, у нашых душах толькі дзеці – галодныя і хворыя. Яны ляжаць на халодных падлогах, прыкрытыя лахманамі. I мы сыходзім з хатаў, каб толькі ня бачыць іхнія пакуты. Мы даўно ня можам ім нічым дапамагчы. Ці ёсьць для бацькоў большае пакараньне, чымсьці гэтае?

Мы зьбіраемся на пляцы з надзеяй, што сёньня будзе праца. Але сярод нас больш віжоў, чым працадаўцаў. Кожны дзень зьнікаюць тыя, хто выказаў – хоць бы позіркам – сваю незадаволенасьць. Аднак нас ня меншае: месца бацькоў займаюць дзеці. Дзіўная заканамернасьць: чым большы голад – тым больш дзяцей. Беднаму Бог пакінуў адную радасьць – памнажацца.

Нашыя душы раскрытыя насьцеж. Нашыя кватэры даступныя ўсім. Нашыя жонкі – нашыя... Нашыя дзеці – нашыя... Толькі кожны з нас – паасобку: сам, адзін. Кожны мужчына – асобна, кожная жанчына – асобна, кожнае дзіцё – асобна.

Нам ніколі ня быць разам. Нас ніхто не ўратуе. Мы зьнікнем, быццам нас і не было.

Адныя пакідаюць пасьля сябе піраміды. Іншыя – кнігі, музыку, храмы, замкі, дарогі, каналы, няўдзячных нашчадкаў... проста памяць.

Нас ніхто не згадае. Нават, як кепскі прыклад. Пераможцы не памятаюць. Пераможаных. Таго, чаго не было – няма.

Нас не было і пакуты нашыя дарэмныя.

ЮБІЛЕІ

ЯНКА САЛАМЕВІЧ: “БЕЛАРУСКАГА ТЭЛЕБАЧАНЬНЯ ЦЯПЕР НЯМА”

29 кастрычніка Янку Саламевічу споўнілася 70 гадоў. Літаратуразнавец, фальклярыст, бібліёграф, перакладчык, ён вядомы найперш сваім унікальным слоўнікам беларускіх псэўданімаў і крыптанімаў XVI –XX стагодзьдзя. Пра мастацтва гетэраніміі і ня толькі са знаным навукоўцам гутарыла Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Спадар Янка, вы доўгі час працавалі ў выдавецтве “Беларуская энцыкляпэдыя”, а за ўдзел у падрыхтоўцы 12-томавай БелСэ ўзнагароджаныя ў 1976 годзе Дзяржаўнай прэміяй БССР. Цяпер у незалежнай ужо Беларусі выйшла 18-томавая Беларуская энцыкляпэдыя. Як адмысловец у гэтай справе, як вы ацэньваеце новае энцыкляпэдычнае выданьне?”

Янка Саламевіч: “Добра, што яна паявілася. Трэба, каб энцыкляпэдыі часьцей выходзілі. Праўда, да гэтага выданьня ў мяне ёсьць многія пытаньні, і памылкі ў ёй ёсьць. Ну, але бяз гэтага не бывае... Добра, што з 12 тамоў нацыянальная энцыкляпэдыя вырасла да 18-ці. Там – зусім другі зрэз, другія людзі ўвайшлі туды. Для чытача гэта важна”.

Аксак: “Вы – першы ў гісторыі беларускага літаратуразнаўства склалі і выдалі слоўнік беларускіх псэўданімаў і крыптанімаў XVI –XX стагодзьдзя. Якія самыя нечаканыя знаходкі пад час працы над гэтым слоўнікам вам патрапіліся?”

Саламевіч: “Прывяду некалькі прыкладаў псэўданімаў, якія мне падабаюцца. У Менску ў XIX стагодзьдзі жыў такі журналіст Дарафей Бохан. Ён падпісваўся – “Пешком Бегающий”. А з сучасных Лера Сом з Полацку падпісвалася “Халера Ясная”. Гэта вельмі рэдкі псэўданім. Ну, а Максім Багдановіч падпісваўся прозьвішчам сваёй бабкі – “Асьмак”.

Аксак: “Як фальклярыст, вы ў свой час сабралі і ўклалі беларускія народныя хуткагаворкі. Была такая цудоўная кніжка хуткагаворак, выдадзеная ў 1983 годзе: “Мама Мышка сушыла шышкі”. 25 гадоў з таго часу прайшло, вырасла новае пакаленьне беларускіх бацькоў, нарадзілася новае пакаленьне беларускіх дзетак. Ці зьвярталіся да вас выдаўцы з прапановай перавыдаць гэтую цудоўную і кніжку?”

Саламевіч: “На жаль, не зьвярталіся. Я ведаю толькі, што пару гадоў таму фальклярыст Валодзя Васілевіч уключыў у свой зборнік хуткагаворкі, запісаныя ім у розных раёнах”.

Аксак: “У 1979-88 гадах вы былі адным зь вядучых тэлечасопіса “Роднае слова”. Гледзячы сёньня на экраны беларускіх тэлеканалаў, як вы ацэньваеце стан роднай мовы на іх?”

Саламевіч: “Калі шчыра гаварыць, дык беларускага тэлебачаньня й няма, таму што яно ўсё русіфікаванае. Некалі Валодзя Содаль пісаў сцэнары для згаданага “Роднага слова”, і мы разам запісвалі праграму. Дык кіраўнік тэлебачаньня Генадзь Бураўкін даваў нам тэхніку перапісваць, калі зрабілі недзе хоць адну памылку ў вымаўленьні, таму што – гэта ж роднае слова!.. Я запомніў, калі я ў слове “выпадак” памылкова паставіў націск, дык ён сказаў перапісаць гэты сюжэт”.

Аксак: “Якая ваша самая вялікая нязьдзейсьненая на сёньня навуковая і творчая мара?”

Саламевіч: “Кажуць, што надзея памірае апошняй, дык спадзяюся яшчэ, што другое выданьне слоўніка псэўданімаў і крыптанімаў пабачу. Хоць духу, як кажуць, усё меней і меней, але хочацца патрымаць у руках гэты слоўнік”.

Аксак: “У першым яго выданьні было прыкладна чатыры тысячы псэўданімаў і крыптанімаў. А колькі будзе ў новым?”

Саламевіч: “Цяпер назьбіралася намнога болей – недзе каля дваццаці тысяч расшыфраваных. Я з 1961 году займаюся гэтым і знайшоў ужо, дзе хто нарабіў памылак з расшыфроўкай. Колькасна слоўнік павялічыўся да двух вялікіх тамоў”.

Аксак: “Аўтар такога ўнікальнага слоўніка і сам мае псэўданімы, не расшыфраваныя яшчэ. Падзяліцеся, калі ласка, таямніцай”.

Саламевіч: “У мяне многа псэўданімаў – недзе каля двухсот. Я некалі друкаваўся ў адрыўным календары “Родны край”, і каб не мільгала прозьвішча “Саламевіч”, многія артыкулы падпісваў псэўданімамі. Усякія там былі. “Кракоцкі” – гэта вядома ўжо, бо мая родная вёска называецца “Малая Кракотка” (гэта Слонімскі раён). І яшчэ я перабраў пад псэўданімы ўсе прозьвішчы з нашай вёскі, тады перайшоў на дыялектныя словы, расьліны, дрэвы”.

Аксак: “А самае мілае для душы якое было выдуманае прозьвішча?”

Саламевіч: “Псэўданім “Валін”, бо так маю маму звалі – Валя”.

КРЫТЫКА

ЯЗЭП ЯНУШКЕВІЧ. МІКОЛА ГУСОЎСКІ Ў СУПРАСЬЛІ

Язэп Янушкевіч
Мікола Гусоўскі. Песьня пра зубра. На лацінскай мове і ў перакладах на беларускую, літоўскую, расейскую і ангельскую мовы. – Супрасьль, 2007.

Клясыка – вечная. Бо чым больш прамінае стагодзьдзяў ад часу стварэньня таго ці іншага твора, тым больш прывабным і прыцягальным ён паўстае перад наступнымі пакаленьнямі.

У фаліянт «Pieśń o żubrze», апрача арыгінальнага лацінскага тэксту, увайшлі перастварэньні па-польску (Jana Kasprowicza), па-беларуску (Натальлі Арсеньневай), па-летувіску (B.Kazlauskas), па-расейску (Виктор Дорошкевич, Яков Порецкий, Язэп Семяжон), і па-ангельску (Michael J.Mikoś) – апошні пераклад пададзены фрагмэнтарна).

Выданьне паўстала, як адзначана на калянтытуле, «з ініцыятывы і пад рэдакцыяй Таварыства УРОЧЫШЧА (UROCZYSKO)». Таму мне пакуль незразумела, каму канкрэтна адрасаваць крытычныя закіды, што зьявіліся пасьля знаёмства з гэтым цудоўным фаліянтам у цьвёрдай карычнева-гнядой вокладцы, стылізаванай у нечым пад старадаўнюю скураную аправу сярэднявечных выданьняў.

Аднак, у адрозненьне ад «рэдакцыі», уступныя тэксты маюць канрэтнага аўтара – Кшыштафа Вольфрама (Krzysztof Wolfram). Свой «Уступ» ён назваў «Żubr na UROCZYSKU», што ў перакладзе беларускім перададзена літаральна «ЗУБР на ЎРАЧЫСКУ». Няцяжка зазірнуць у наш тлумачальны слоўнік і пабачыць, што беларускі адпаведнік гэтага слова – УРОЧЫШЧА. Лічу, так і належала перадаць па-беларуску. З мажлівым дадатковым тлумачэньнем-камэнтаром: «Урочышча – у старажытных славян мясьціна, зазвычай у пушчанскіх нетрах, зьвязанае з культам таго ці іншага боства, дзе адбываліся нарады, сходы, суды; часта ўспрымалася як месца-сядзіба злых духаў; у сучасным разуменьні – пустынная адлюдная мясьціна».

Яшчэ з кароткай, на дзьве кніжныя старонкі, але зьмястоўнай прадмовы, можна даведацца, што ў тым самым УРОЧЫШЧЫ цягам дзесяцігодзьдзя (1996–2006) адбываліся спатканьні-канфэрэнцыі, прысьвечаныя фаўне Белавежы. І першай пэрсаналіяй названы «konik polski». Па-беларуску (на с. 13) тэрмін гучыць сьціпла «конік». Я напачатку нават падумаў: ці не старажытны «тарпан» (дзікі конь, які вадзіўся ў Эўропе і быў вынішчаны ў канцы 19 стагодзьдзя) меўся тут на ўвазе? Паколькі далей ў пераліку аўтарам названыя «воўк, белы бусел, журавель, арол, лось, зубр». У лацінскай прадмове адпаведная мясьціна перададзена як eguuleus polonus (с.11), па-летувіску пакінута «konik polski» (с.15). І толькі расейскамоўнае «ВВЕДЕНИЕ» як бы набліжае да разуменьня прыроднага стварэньня: «полевой кузнечик». Што напомніла мне слынную показку ў асяродку беларускіх перакладнікаў, калі нашае «конікі стракацелі ў канюшыне» калегі-літаратары з Масквы пераклалі як «кони ржали в конюшне».

З польскамоўнай прадмоўкі даведваемся істотнае: старажытную «Песьню пра зубра» на польскую мову пераклаў Ян Каспровіч, і гэты пераклад «jedyny raz wydany według przekładu Jana Kasprowicza przez Białowieski Park Narodowy w 1994 roku». Аднак, па-беларуску гэта прагучала так: «апошні раз выдадзены паводле перакладу Яна Каспровіча». Тое самае і ў расейскім «Введении»: «Организаторы УРОЧЫСКО решили вспомнить стародавний эпос, посвященный зубру, последний раз изданный в переводе Яна Каспровича Беловежским Национальным Парком в 1994 г.». Тое самае чытаем і па-ангельску: «poem dedicated to a bison which was published for the last time in 1994 by The Białowieża National Park».

Чакайце, а дзе ж праўда? Бо вось і на-латыні падтрымана польскамоўная вэрсія пра першынство выданьня Каспровічавага перакладу менавіта Белавежай: «Moderatores Saltus antiguam epos bisonti dedicatum recordari constituerunt quod a Ioanne Kasprowicz translatorum, primo in lucem anno....» (с.12).

І гэта праўдзіва так. Бо, калі коратка аднатаваць рэдакцыйны камэнтар (с. 125–126) да польскамоўнай часткі ««Pieśń o żubrze» (с. 43–119), кангеніяльны пераклад Яна Каспровіча меў трагічную перадгісторыю: ён павінен быў быць апублікаваны ў верасьні 1914 году ў львоўскім часопісе «Лямус». Аднак, калі ўжо вёўся набор выданьня, Львоў быў заняты расейцамі; друкарня была зьнішчаная, набор рассыпаны. З таго ацалеў выпадкова толькі кавалак карэктуры а таксама фрагмэнт рукапісу. Гэтую рэліквію перахоўваў прафэсар Міхал Паўлікоўскі, а ў 1933 годзе – да 400-годзьдзя зь дня сьмерці Міколы Гусоўскага – дасьледнік Юзаф Біркенмаер меўся апублікаваць па-польску і на лаціне. Аднак і тады пераклад Яна Каспровіча не пабачыў сьвету.

Таму мы можам ганарыцца, што сёньня ў Беларусі існуе ўжо сама бедна тры пераклады “Песьні пра зубра”: Язэпа Семяжона, Уладзімера Шатона і Натальлі Арсеньневай (апошняя вэрсія апублікаваная яшчэ ў 1996 годзе БІНіМам). Ён і абраны-рэпрэзэнтаваны ад Беларусі ў гэтым дыхтоўным фаліянце. Напрошваецца пытаньне: чаму не шырокавядомы семяжонаўскі? Мажліва, складальнікам была вядомая прафэсійная ацэнка, дадзеная гэтаму ўзнаўленьню разважнай і таленавітай Натальляй Арсеньневай: «Пераклад Семяжона прачытала пару разоў. Ён добры з аднаго боку, але немагчымы – з іншых. Першае: ён цалкам супярэчыць асьведчаньням аўтара «Песьні». У адным месцы сам Гусоўскі кажа, што ён стараецца ўжываць толькі гэткія словы і выразы, якія будуць даспадобы ягонаму апекуну і працадаўцу біскупу Эразму Плоцкаму і «ў згодзе із станам сьвятарскім». А ў Семяжона раз-пораз гэткія выразы, як «нагой у азадак», «здрэйфіў», «адвальваў ня скупа» (гэта Вітаўт – сьвятарству!). Гэтаксама ў яго поўная супярэчнасьць з аўтарам у паглядзе на князя Вітаўта. Для Гусоўскага Вітаўт – ідэал, якім ён захоплены, а ў Семяжона Вітаўт – «князь-вар’ят», із «шалёнай прыхамацяй», «факельшчык войнаў са слабым, а з дужым – анёл-міратворца». Калі я скончыла чытаць, у мяне застаўся вялікі нясмак, ну і пратэст. У расейскім перакладзе нічога гэткага няма. Пераклад гэты спакойны, у меру паэтычны і амаль заўсёды ў згодзе з аўтарам «Песьні». Вітаўта Я. Парэцкі нідзе ня лае. Дый мова ягоная скрозь «у згодзе із станам сьвятарскім»...

Вось як загучала “Песьня пра зубра” ў перакладзе Натальлі Арсеньневай:

Будучы ў Рыме, зь вялізным натоўпам пасполу,
Бачыў аднойчы я гульні, што ўсе з захапленьнем віталі:
Жорсткую бойку быкоў, гледачам на пацеху.
Летныя стрэлаў раі ды бліскучыя дзіды
Ранілі целы жывёлаў i боль ім чынілі нясьцерпны,
Аж вар’явалі ахвяры, ix лютасьць, як пена ўскіпала...
Тут вось, пакуль я глядзеў на быкоў ашалелых,
Спуджаных болем ды пляскам далоняў з трыбунаў,
З нашых сказаў хтось: «Зусім, як на ловах зубровых!»
Я пагадзіўся i ўсьлед, тутка ж, пачаў успаміны
Ходаньняў, дзіўна падобных, із волатам-зьверам.
Як у той прыказцы, мне ж мой язык i пашкодзіў:
Ўсьлед атрымаў я загад без адмовы й адкладу
Выліць у верш мой спамін пра зубровыя ловы.
Бачыце, я – між паэтаў прыпадкам выбраны –
Песьню складаю аб нашым зьвяры невядомым,
Дзівам зь вякоў захаваным пад зоркай паўночнай...


Застаецца толькі пашкадаваць, што і сам пераклад Н. Арсеньневай нельга назваць эквілінеарным (адпаведным па колькасьці радкоў з арыгіналам), паколькі ён налічвае 1114 радкоў (на 42 радкі даўжэй за лацінскі тэкст). На сёньня эквілінеарнасьцю, апроч слыннага Каспровічавага ўзнаўленьня, могуць пахваліцца яшчэ летувісы, паколькі пераклад Б.Казлаўскаса таксама адпаведны арыгіналу: 1072 радкі.

Застаецца толькі пашкадаваць «пакрыўджаную» Ўкраіну, не рэпрэзэнтаваную ў супрасьлеўскім выданьні ані самім тэкстам, ані нават згадкамі. Ейнае месца чамусьці няслушна аддадзеная Расеі, да сучаснай тэрыторыі якой нібыта сягаў калісьці арэол распаўсюджваньня каралеўскіх «польскіх пушчаў» (с.13). Гэтаксама, калі верыць уступу К. Вальфрама, у Расеі Мікола Гусоўскі «трактуецца, як нацыянальны паэт» (с.10, 14, 18 і інш.). Такое трактаваньне можна, мякка кажучы, палічыць недакладным.

Ня кажучы пра тое, што замест няскончаных ангельскіх фрагмэнтаў варта было б падаць поўны ўкраінскі пераклад «Песьні пра зубра», выкананы Андрэем Садаморам.

Што ж, гэта справа будучыні. Як і доказ таго, быццам мясьцінай нараджэньня Гусоўскага льга называць Буда-Кашалёва. Пра што даводзіць дасьледніца беларускай старажытнай літаратуры Жана Некрашэвіч-Кароткая: «…толькі адно месца ў Беларусі адпавядае ўсім вышэйназваным патрабаваньням: блізкасьць да Дняпра, блізкасьць да тэрыторыі Ўкраіны, блізкае разьмяшчэньне населеных пунктаў на “Hus-” і “Us-”. Акрамя Ушы і Усы, вакол якіх часьцей за ўсё віруюць разважаньні дасьледчыкаў, у Беларусі ёсьць яшчэ рэчка Уза – правы прыток ракі Сож; яна працякае ў Гомельскім і Буда-Кашалёўскім раёнах. У тым жа Буда-Кашалёўскім раёне ёсьць мястэчкі Уза і Гусевіца… Такім чынам, зь вялікай доляй верагоднасьці месца нараджэньня Міколы Гусоўскага лякалізуецца ў Буда-Кашалёўскім раёне. Зьяўленьне зычнага “з” у назьве ракі і мястэчка (Уза) не пярэчыць, а нават адпавядае лацінскаму саманазову паэта “Ussovius”: згодна з граматыкай лацінскай мовы, літара “s” у становішчы паміж галоснымі вымаўляецца як [з]. Так што «Ussovius» па-беларуску – гэта, хутчэй, «Узоўскі», а не «Усоўскі».

Спадзяемся, што ў будучыні, дзякуючы намаганьням дасьледчыкаў-старажытнікаў, лякалізуецца праўдзівае месца народзінаў паэта. Гэтаксама ўдакладніцца ягонае сапраўднае імя (Гусоўскі ці Гузоўскі?). А эквілінеарны мастацкі пераклад «Песьні пра зубра» зачаруе не адно пакаленьне айчынных чытачоў вяртаньнем да свайго першагуку. Як мастацкі, духоўны подзьвіг хваласьпеву роднай краіне ў сузор’і іншых народаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG