Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Кіпель: Джо Байдан добра ведае беларускае пытаньне


Дырэктар Беларускага Інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку Вітаўт Кіпель не чакае рэзкіх зьменаў у амэрыканскай палітыцы адносна Беларусі.

Мы гутарым зь ім за некалькі гадзінаў да закрыцьця выбарчых участкаў у ЗША.

Абламейка: "Чым цяперашняя прэзыдэнцкая кампанія адрозьнівалася ад папярэдняй?"

Кіпель: "Сёлетнія выбары ў ЗША адзначаліся вялікай актыўнасьцю. Да гэтага спрычынілася выбарчая кампанія. Яна трывала доўга і вельмі інтэнсіўна. Асабліва з боку дэмакратаў. Там ішлі дзьве асобы – Барак Абама і Гілары Клінтан. Клінтан была вельмі папулярная і доўга не здавалася. Так што змаганьне паміж кандыдатамі-дэмакратамі ўжо прыцягнула ўвагу выбаршчыкаў. Ну і настрой навізны. На чале дэмакратаў ідзе чорны – гэта ўпершыню ў Амэрыцы. З боку рэспубліканцаў упершыню ідзе на пасаду віцэ-прэзыдэнта жанчына (з боку дэмакратаў жанчына ўжо была з Мандэлам у 80-х гадох). Другое, што прыцягнула ўвагу – дыямэтральныя выбарчыя праграмы. Маккейн стаіць за тое, каб не падымаць падаткаў, але зразаць любыя льготы, якія былі дасюль. Абама кажа, што трэба павялічыць падаткі для тых людзей, хто зарабляе больш за 250 тысяч. Тут загарэўся сыр-бор. Нехта зь яго каманды сказаў, што 200 тысяч, пасьля дайшлі да 120... Адным словам, падаткі падымуцца ў тых, хто зарабляе больш як 150 тысяч. А амэрыканцы вельмі адчувальныя на падатковыя праграмы”.

Абламейка: “Спадар Кіпель, некалькі гадзінаў назад вы прагаласавалі на выбарчым участку ў сваім горадзе Гаўард ля Нью-Ёрку. Па тэлевізіі кажуць, што актыўнасьць вельмі вялікая і настрой у людзей прыўзьняты. Ці гэта сапраўды так?”

Кіпель: “Сапраўды, выбары прайшлі на вельмі ўзьнятым настроі. У перадвыбарчай кампаніі ўпершыню ўдзельнічала вельмі шмат моладзі, маладых амэрыканцаў, якія былі зарэгістраваныя ўпершыню. Журналісты баяліся, ці тыя маладыя амэрыканцы будуць галасаваць. Але яны абсалютна ідуць на выбарчыя ўчасткі. Старыя таксама зацікаўленыя, бо тыя льготы, што маюць, могуць быць адмененыя. Ёсьць у праграмах абедзьвюх партыяў моманты, якія закранаюць побытавы аспэкт. Да таго ж моладзь хоча зьменаў. Прыпушчаю, што сёлетні ўдзел у выбарах будзе ў Амэрыцы рэкордны. Бо ў апошнія дзесяцігодзьдзі зацікаўленьне выбарамі замірала. А сёньня людзі бачаць, што гэта сапраўды адзіны спосаб выказаць свой пратэст ці згоду зь існуючым курсам дзяржаўнага кіраўніцтва”.

Абламейка: “Вядома, што прадстастаўнікі прынамсі старой часткі беларускай эміграцыі традыцыйна аддаюць свае галасы рэспубліканцам і, натуральна, маюць зь імі лепшы кантакт. Ці цяжка вам будзе наладжваць сувязі з дэмакратамі?”

Кіпель: “З пункту гледжаньня беларускага, бясспрэчна, беларусы заўсёды галасавалі за рэспубліканцаў. Думаю, што і сёньня яны больш прагаласавалі за іх. Чаму? Бо рэспубліканскі прэзыдэнт Буш ведаў беларускае пытаньне. Маккейн у часе выбарчай кампаніі некалькі разоў гаварыў пра Беларусь. Безумоўна, на першым пляне стаялі Грузія і Ўкраіна – Маккейн за тое, каб іх прыняць у НАТО, але тым ня менш Беларусь згадвалася. Беларусам-амэрыканцам гэта, безумоўна, падабаецца. Ад беларускіх арганізацыяў былі пададзеныя мэмарандумы як дэмакратычным кандыдатам, так і рэспубліканскім. Наколькі дэмакраты будуць спрыяць гэтаму – цяжка сказаць, але трэба лічыцца з тым, што Джо Байдан вельмі добра паінфармаваны ў справах нацыянальных рэспублік былога СССР , ён арыентуецца ў нацыянальных справах ня толькі Грузіі і Ўкраіны, ён добра ведае беларускае пытаньне, да яго мэмарандумы ад Беларуска-Амэрыканскага Заадзіночаньня іншлі ўвесь час. Так што спадзявацца, што нейкая рэзкая перамена будзе – цяжка. Хоць, безумоўна, навязаць кантакты будзе з дэмакратамі ня так проста дзеля таго, што з рэспубліканцамі гэтыя кантакты навязваліся дзесяцігодзьдзямі, пачынаючы ад Ніксана”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG