Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барысаўская тэлекампанія замахнулася на сэрыял


Барысаўская тэлестудыя “Скіф” і ўзорны тэатар-студыя “Трыюмф” пачалі працу над 48-сэрыйным фільмам “Школа №1”. Днямі ў Барысаве адбылася прэзэнтацыя праекту, на якой была паказаная дэма-вэрсія фільму.

Такім чынам “Скіф” заявіў аб сваім удзеле ў Міжнародным сацыяльна-культурніцкім праекце па разьвіцьці рэгіянальнага тэлебачаньня “Школа”. Мяркуецца, што рэгіянальныя студыі розных краінаў будуць супрацоўнічаць і абменьвацца сваімі працамі.
Прадусар праекту Натальля Голава не зьбіраецца ўступаць у канкурэнцыю з Бразыліяй, Мэксыкай і нават з Кіевам, сэрыялы якіх запаланілі ўсе тэлеканалы сьвету:
“Той фільм, які мы здымаем – ён не для Цэнтральнага тэлебачаньня. Гэта не камэрцыйны праект, і ён задуманы не дзеля таго, каб зарабіць шмат грошай. Ён накіраваны на тое, каб актывізаваць магчымасьці ў правінцыі. Тут ёсьць людзі, якія любяць кіно, якія хочуць здымаць кіно, і ў якіх ёсьць прафэсійныя, творчыя магчымасьці. І праект скіраваны на тое, каб даць магчымасьць гэтым людзям рэалізаваць сябе”.
У сэрыяле будуць здымацца акторы мясцовай тэатральнай студыі “Трыюмф”. Гэта гісторыя аб каханьні і здрадзе, аб школьных гадах. Дзеяньне адбываецца ў невялікім гарадку Запольску дзесьці на постсавецкай прасторы. У фільме шмат гумару і нават гратэску, кажа Натальля Голава.
Ці магчыма на рэгіянальнай тэлестудыі зьняць якаснае кіно, калі нават нацыянальная студыя “Беларусьфільм” перажывае зараз ня лепшыя свае часы? Кінакрытык Максім Жбанкоў выказаў такое меркаваньне:
“Тэхнічна магчыма ўсё. Ці магчыма гэта з пункту гледжаньня якасьці канчатковага прадукту – гэта іншае пытаньне. Сэрыялы могуць паўставаць за сьмешныя грошы, зь нікому не вядомымі акторамі і танным сцэнарам. Дарэчы, як я разумею, гэта і адбываецца ў дадзеным выпадку. Хутчэй за ўсё, гэта такое другаснае, правінцыйнае, таннае кіно, і, натуральна, у рэгіёнах велічэзнай Расейскай Фэдэрацыі ён можа знайсьці пэўны попыт.”
Ігар Забара, беларускі актор і рэжысэр, які зьехаў працаваць ва Ўкраіну, дзе сытуацыя зь кіно больш спрыяльная, і дзе здымае пасьпяховыя сэрыялы (“Анёл-ахоўнік”, “Дзядуля маёй мары”, “Родзічы”), перакананы, што і ў правінцыі можна ствараць:
“Можна. Таму што калі гэта робяць таленавітыя людзі, то сэрыял можна зьняць аматарскай камэрай. Галоўнае, каб гэта быў таленавіты сцэнар, каб гэта рабілі таленавітыя людзі, у якіх нешта ўнутры баліць. Я лічу так”.
Рэжысэр сэрыялу Сяргей Сергіенка і прадусар Натальля Голава пасьля пасьпяховай прэзэнтацыі дэма-вэрсіі ў Барысаве яшчэ больш пераканаліся, што ўсё ў іх атрымаецца:
“Мы замахнуліся на 48 сэрыяў. Я разумею, што гэта дзіўна гучыць, асабліва для рэгіянальнага тэлебачаньня, асабліва на тле той сытуацыі эканамічнай, якая зараз склалася ў сьвеце, але тым ня менш...”
І ўсё ж, чаму, да прыкладу, у Кіеве і Маскве ў шматлікіх тэлесэрыялах пасьпяхова здымаецца палова беларускіх актораў, туды зьяжджаюць беларускія рэжысэры? Чаму ў Беларусі не паставіць на паток вытворчасьць сэрыялаў? Кінакрытык Максім Жбанкоў кажа, што ў Кіеве, і ў Маскве ўжо іншыя ўмовы, так бы мовіць, капіталізм, а ў Беларусі...
“У нас сапраўднага кінарынку няма, сапраўдных камэрсантаў на глебе кіно таксама няма, недзяржаўных крыніцаў фінансаваньня няма. У гэтых умовах нават каб наладзіць якасны канвэер другаснага кіно, якім зьяўляюцца і сэрыялы, няма ніякіх падстаў. Няма ні тэхнічных, ні фінансавых, ні, дарэчы, крэатыўных рэсурсаў”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG