Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраваць Палатай будуць рэгіянальныя “вэртыкальнікі”


Старшынём Палаты прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня сёньня абраны 59-гадовы Ўладзімер Андрэйчанка. Дагэтуль ён ачольваў Віцебскі аблвыканкам.

Ягоным намесьнікам стаў 53-гадовы Валеры Іваноў, які раней працаваў старшынём Шклоўскага райвыканкаму. Абедзьве кандыдатуры абраныя на безальтэрнатыўнай аснове.

За кандыдатуру Ўладзімера Андрэйчанкі пры патаемным галасаваньні выказаліся 107 дэпутатаў. Адзін выказаўся супраць, а яшчэ адзін бюлетэнь прызналі несапраўдным.

Уладзімер Андрэйчанка
Новы сьпікер заявіў: галоўнае ў заканатворчым працэсе на бліжэйшыя чатыры гады вызначыў Аляксандар Лукашэнка — ствараць якасныя законы. Зыходзячы з гэтага, спадар Андрэйчанка сфармуляваў перад Палатай наступную трыяду:

“Нам неабходна так весьці заканатворчую працу, каб яна, па-першае, мацавала і цэмэнтавала беларускую дзяржаўнасьць, пераводзіла на мову законаў прыярытэты ўнутранай і зьнешняй палітыкі Беларусі; па-другое, каб была прагматычнай, зыходзіла з жыцьцёвых рэаліяў; і, па-трэцяе, увасабляла ў канкрэтныя заканадаўчыя рашэньні інтарэсы і чаканьні людзей”.

Тое, што менавіта Ўладзімер Андрэйчанка стане новым сьпікерам Палаты, на сайце “Белорусский партизан” прагназавалі яшчэ чатыры месяцы таму. Аглядальніца гэтага сайту Сьвятлана Калінкіна кажа: сёньняшняе абраньне толькі пацьвярджае, што “ў нас добрыя крыніцы інфармацыі”.

Сьвятлана Калінкіна
“Мы даведаліся пра тое, што Андрэйчанка сыходзіць з губэрнатарскай пасады, тады, калі яшчэ нават не было вядома, ці будзе ягонае прозьвішча ў сьпісе кандыдатаў у дэпутаты. Наколькі мы ведаем, ва ўльтыматыўнай форме Андрэйчанку прапанавалі новую пасаду. І, наколькі я ведаю, да апошняга рабіўся выбар паміж ім і намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі спадаром Папковым. Але зараз мы ўжо ведаем, на карысьць каго ён зроблены”.

Валеры Іваноў, фота house.gov.by
Кандыдатуру Валерыя Іванова на пасаду віцэ-сьпікера прапанаваў Уладзімер Андрэйчанка. Вынікі патаемнага галасаваньня наступныя: “за” — 105 дэпутатаў, “супраць” — 4. Перад галасаваньнем спадар Іваноў адзначыў:

“Перамогі, атрыманыя ў акругах, гэта сьведчаньне здаровага настрою ў грамадзтве, яго вернасьці палітычнаму і сацыяльнаму курсу, які быў абраны ў 1994 годзе”.

Аналітыкі зьвярнулі ўвагу на тое, што ў кіраўніцтве новай Палаты прадстаўнікоў няма сталічных чыноўнікаў. Іхныя месцы занялі людзі з рэгіёнаў.

Аляксандар Фядута, які мае досьвед працы ва ўладных структурах, тлумачыць гэта так:

Аляксандар Фядута
“Кіраўнічая эліта, на мой погляд, кансалідуецца напярэдадні вельмі цяжкіх часоў. Зразумела, што ў эканоміцы будзе адбывацца нешта, што не зусім спрыяе палітычнай сытуацыі. Таму трэба абапірацца на людзей, якія ведаюць, што адбываецца ў рэгіёнах”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG