Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Індзейскае лета ў Парыжы <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Аўтар у Люксэмбургскім садзе
Аўтар у Люксэмбургскім садзе

23 кастрычніка. Працяг фотаблогу з Парыжу.


У часе службовага знаходжаньня ў Парыжы я знайшоў гадзіны, каб пахадзіць па мясцовых парках і сквэрах. Ад гэткай спакусы нельга было адмовіцца, бо на пачатку 20-х чыслаў кастрычніка ў Парыжы было сапраўднае бабіна лета, ці як кажуць французы, “індзейскае лета”.

Зямля ў Парыжы надта дарагая, таму кожны парк ці сквэр дагледжаны, упарадкаваны, чысты, упрыгожаны творамі мастацтва, прыстасаваны да рэкрэацыйных патрэбаў людзей.

Дрэвы тут – сваеасаблівы аб’ект дызайну, шэрагі іх раўняюць, кроны пастрыгаюць з густам. У парку Цюільры стаяць радочкі дрэў з кронамі-шарамі. А ў Люксэмбургскім садзе – з простакутнымі кронамі. Яны пакідаюць больш сонца для іншых расьлін і людзей.

Простакутныя кроны дрэў у Люксэмбургскім садзе

У Парыскіх парках не сьпяшаюцца сабраць апалую лістоту, ёю можна задуменна шамацець нагамі. У тутэйшых парках і сквэрах можна пасядзець ці паляжаць на траве, пагуляць зь дзецьмі ў мяч.

Парк на Марсавым полі. Адпачынак на траве

Затое тут нельга выпіваць віно ці піва. Такі знак варта экспартаваць у беларускія паркі.

Знак у парку на Марсавым полі

Дарожкі ў парыскіх парках у большасьці натуральныя пясчаныя ці падсыпаныя спэцыяльным пясочкам. Асфальту імкнуцца пазьбягаць, тым болей звыклай для нас бэтоннай пліткі.

Пясчаныя дарожкі ў парку Цюільры

Паркі вельмі прывабліваюць мастакоў, якія разьмяшчаюць тут свае скульптуры, інсталяцыі ў самых розных сучасных формах.

Клясычны мармуровы Геракл і твор сучаснага мастацтва – драўляны будан на дрэве – сышліся ў каралеўскім парку Цюільры

Часам паркавыя скульптуры ўражваюць сваімі маштабамі, як вось гэтая гіганцкая галава прарока. Аўтар яе мастак Луі Дэрбэ заклікае кожнага наведніка парку інтэрпрэтаваць ягоны твор па-свойму.

Эгіпецкі прарок у Люксэмбургскім парку

Калі не хапае месца для дрэваў на вуліцах у самых заціснутых дамамі месцах, сквэры могуць узьнікаць і ў нечаканых месцах. Як бачна на гэтым здымку, хтосьці разьбіў сквэр на даху дома.

Сквэр на даху дома на вуліцы Клішы

А гэта не парк і не сквэр, але месца, якое мне спадабалася найбольш – лінія пасадкі дрэваў на набярэжкнай Сены. Тут сьветла, радасна і спакойна. І гэтым настроем хачу падзяліцца з чытачамі сайту “Свабоды”.

Набярэжная Сены непадалёк ад выспы Сітэ

На гэтым пакуль усё. Заўтра хачу сабраць для вас мазаіку самых розных парыскіх цікавостак.


Геаграфія Беларусі на Трыюмфальнай арцы


Аўтамабілі з разэткамі

Фотаблог з Парыжу

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG