Амаль кожная пятая аварыя ў Менску адбываецца з удзелам і часьцей за ўсё па віне нецьвярозага кіроўцы, прычынай кожнага трэцяга наезду аўтамабіля на мінака таксама ёсьць алькаголь. З-за яго сёлета на дарогах ўжо загінула 15 чалавек, паведамілі ў гарадзкой міліцыі. Тыдзень барацьбы з п’янствам сярод кіроўцаў працягнецца да 16-га кастрычніка. У гэты пэрыяд больш экіпажаў ДАІ будзе дзяжурыць на дарогах, найперш на небясьпечных участках, пільней будзе наркалягічны кантроль, у тым ліку міліцыянты раздадуць ўдзельнікам руху памяткі аб адказнасьці за кіраваньне ў п’яным стане.
Супрацоўніца прэсавай службы ДАІ Менска Жана Трайно распавяла пра асаблівасьці сёлетняй акцыі:
“Паспрабавалі арганізаваць так званыя маршруты цьвярозасьці. На аўтобусах і тралейбусах, дзе ёсьць інфармацыйнае табло і моўныя інфарматары, мы разьмясьцілі нашы тэксты – лекцыі аб шкодзе. Хто будзе ехаць, паслухае, можа пазнае што новае для сябе”.
Паводле прэсавай службы, антыалькагольныя “ролікі” начыталі прафэсійныя радыёжурналісты і аздобілі тэксты музычным суправаджэньнем.
Гэтымі ж днямі сталічная міліцыя праводзіць акцыю “Менск – тэрыторыя цьвярозасьці”, накіраваную на прафіляктыку п’янства ня толькі за рулём, а увогуле ў жыцьці. У гэтай справе міліцыянты таксама ўзялі на ўзбраеньне музыку – духавы аркестар сталічнай управы міліцыі ладзіць канцэрты на прахадных заводаў. Такія канцэрты ўжо прайшлі каля трактарнага заводу і камвольнага камбінату. Кіраўнік прэсавай службы менскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі:
“Міліцыя прыкоўвае ўвагу людзей жывым гукам да таго, што жыцьцё добрае. Можа пасьля гэтага хто ня пойдзе у краму за віном і гарэлкай, а купіць дзіцёнку чакалядку ды прыйдзе дадому раней і цьвярозым”.
Адказнасьць за кіраваньне аўтамабілем ў нецьвярозым стане апошнім часам значна павялічылася: за паўторнае парушэньне цягам году могуць асудзіць і да ў турмы. Вядуцца размовы і пра больш жорсткія меры. Што больш эфэктыўна ў такой барацьбе: адміністрацыйныя захады ці лекцыі ды канцэрты? Вось што кажуць мінакі ў Менску.
Мужчына сталага веку: “Як каму. Камусьці і слова хопіць, а камусьці патрэбны штраф. Але, як кажуць зараз, што будуць назаўсёды забіраць правы, дык гэта зашмат. Ну як ў сучаснага чалавека забіраць правы?”
Малады мужчына: “Відаць, штраф больш эфэктыўныя. Калі чалавек будзе ведаць, што ён згубіць вялікія грошы, гэта больш падзейнічае”.
Ці варта ў змаганьні з алькагалізмам ужываць такія захады, як канцэрты агітбрыгад, што падымаць настрой стомленым на працы людзям?
Працаўнік: “Праз канцэрт гэтага наўрад ці можна дамагчыся. Канцэрт ёсьць канцэрт, прычым тут нейкія тлумачэньні пра п’янства?”