Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля выбараў візы не даюць


Улады пасьля выбараў вяртаюцца да ранейшай практыкі вядзеньня дыялёгу з эўрапейскімі структурамі?


Беларускія ўлады адмовілі ва ўезьдзе на тэрыторыю краіны віцэ-сьпікеру парлямэнту Эстоніі, віцэ-старшыні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Крыйстыне Оюланд. Ці азначае гэта, што ўлады пасьля выбараў вяртаюцца да ранейшай практыкі вядзеньня дыялёгу з эўрапейскімі структурамі?

Як віцэ-прэзыдэнт Панэўрапейскай лібэральнай партыі спадарыня Оюланд плянавала наведаць Менск найбліжэйшымі днямі й сустрэцца з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі і амбасадарам Францыі, якая прадстаўляе ў Беларусі старшынёўства Эўразьвязу. Візыт быў падрыхтаваны некалькі месяцаў таму і меў на мэце пашырэньне кантактаў. Спадарыню Оюланд таксама цікавіла сытуацыя ў Беларусі пасьля выбараў. Аднак беларускія ўлады адмовілі ёй у візе.

“Гэта не азначае, што мы скароцім нашыя кантакты з нашымі сябрамі ў Беларусі, — сказала ў інтэрвію “Свабодзе” Крыйстына Оюланд. — Мы знойдзем месца ў розных дзяржавах. У Эўропе можна сустракацца. Вядома, мне было б вельмі прыемна, і я асабіста вельмі хацела прыехаць у Менск. Я ня ведаю, што я зрабіла супраць вашай дзяржавы альбо тым больш супраць вашага народу”.

Нагадаем, падчас выбарчай кампаніі ў Беларусі Аляксандар Лукашэнка неаднаразова паўтараў, што пэрсанальныя склады місіяў назіральнікаў не карэктаваліся, што дазволілі прыехаць усім.

Аднак пасьля выбараў, атрымліваецца, улады вяртаюцца да старой практыкі? На гэта спадарыня Оюланд сказала:

“Я зьдзівілася, што падчас выбараў далі візы тым людзям, якім звычайна адмаўлялі. Але гэта была паказуха, з аднаго боку. А з другога — яны былі сябрамі дэлегацыі АБСЭ. Лукашэнку было б цяжка адмовіць тым, хто быў сябрам дэлегацыі АБСЭ. Гэта быў палітычны манэўр, палітычная гульня”.

Спадарыня Оюланд заявіла, што выбары ў Беларусі не былі дэмакратычнымі. А для таго, каб далучыцца да Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, Беларусі трэба трымацца эўрапейскіх стандартаў і прынцыпаў. Спадарыня Оюланд ёсьць сябрам падкамітэту па Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы і лічыць неабходным працяг дыялёгу. Як яна ставіцца да адмены санкцыяў адносна Беларусі?

“Пазыцыя пакуль яшчэ ня ясная. Розныя краіны Эўразьвязу абмяркоўваюць пытаньне. І ў гэтым сэнсе вельмі шкада, што мне не ўдалося прыехаць на гэтым тыдні, бо ў нас у парлямэнце таксама абмяркоўваюць гэтае пытаньне. Так што вельмі шкада”.

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў адносна прычынаў адмовы ў візе парлямэнтару Крыйстыне Оюланд сказаў:

“Міжнародная практыка дазваляе нам не камэнтаваць такіх выпадкаў. І мы хацелі б ёю скарыстацца”.

Палітоляг Юры Чавусаў нагадвае, што не пускаць парлямэнтароў у Беларусь — звыклая практыка беларускіх уладаў:

“У свой час нават спадар Маккейн ня быў дапушчаны ў Беларусь. Рэгулярна такія канфлікты адбываюцца з польскімі парлямэнтарамі. Усе ведаюць, што існуе дастаткова вялікі сьпіс замежных грамадзкіх актывістаў, якія ня могуць наведаць Беларусь. У дадзеным выпадку гэта сьведчаньне таго, што беларускі рэжым не мяняецца. А тыя крокі, якія Беларусь спрабуе зрабіць у заходнім кірунку, прадэманстраваць нейкую большую адкрытасьць — гэта збольшага выключна дэманстратыўныя дзеяньні. І правая рука ня ведае, што робіць левая”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG