Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“EUobserver”: большасьць краінаў ЭЗ – за паслабленьне санкцыяў супраць Менску


Экспэрты Эўразьвязу разглядаюць варыянты паслабленьня санкцыяў супраць Менску.

Нягледзячы на недэмакратычнасьць і непразрыстасьць беларускіх парлямэнцкіх выбараў 28 верасьня, у аднаўленьні дыпляматычных сувязяў з рэжымам зацікаўленая большасьць краінаў эўрапейскай супольнасьці. Пра гэта паведамляе брусэльскае інтэрнэт-выданьне “EUobserver”.

На ўчорашняй сустрэчы ў камітэце Эўрапейскага Зьвязу ў пытаньнях палітыкі і бясьпекі эўрапейскія міністры замежных справаў заклікалі COEST (аб’яднаную рабочую групу Эўразьвязу па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі) выпрацаваць экспэртную ацэнку сытуацыі. Яна павінна быць сфармуляваная ў найбліжэйшы чацьвер на паседжаньні так званай “працоўнай групы” COEST.

У прыватнасьці, размова ідзе пра спыненьне забароны ЭЗ, уведзенай у 1997 г., на сустрэчы з высокімі беларускімі чыноўнікамі і пра скарачэньне сьпісу асобаў, якім забаронена выдаваць візы на ўезд у Эўразьвяз. У гэтым сьпісе цяпер 41 чалавек.

Экспэрты могуць таксама прапанаваць часовае прыпыненьне ўсёй візавай забароны, каб зрабіць магчымай сустрэчу на самым высокім узроўні – з прэзыдэнтам Лукашэнкам, хаця тэарэтычна такі крок дазволіць трапіць у Эўразьвяз людзям кшталту Віктара Шэймана, якога Рада Эўропы абвінавачвае ў дачыненьні да зьнікненьня ў Беларусі шэрагу палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў.

“Ніхто ня хоча пускаць у ЭЗ людзей з крывёй на руках, аднак ніхто ня хоча пакідаць Беларусі ў вакуўме ізаляцыі, – сказаў у размове з карэспандэнтам “EUobserver” адзін эўрапейскі дыплямат. – Мы ведаем, што расейскі прэм’ер Пуцін мае намер наведаць Менск 6 кастрычніка, але ня маем ніякай магчымасьці зрабіць нейкія контрапрапановы”.

На ўчорашняй сустрэчы ў Брусэлі прадстаўнікі 27 краінаў ЭЗ пагадзіліся з вэрдыктам АБСЭ адносна неадпаведнасьці беларускіх парлямэнцкіх выбараў дэмакратычным стандартам. Адначасна было зазначана, што Беларусь зрабіла некаторыя станоўчыя крокі, уключаючы вызваленьне палітвязьняў і неўмяшаньне сілавых структураў у мірныя вулічныя акцыі. Што да пытаньня адносна далейшых кантактаў з рэжымам, то тут кансэнсус ня быў дасягнуты.

“Большасьць краінаў выказалася за паслабленьне санкцыяў або дала зразумець, што ня будзе супраць гэтага”, – цытуе “EUobserver” словы дыплямата.

Паводле гэтай крыніцы, Польшча і Літва настойваюць на прагрэсе ў дачыненьнях дзеля таго, каб Беларусь пасьля каўкаскіх падзеяў цалкам ня трапіла пад уплыў Расеі ў новай сытуацыі халоднай вайны.

Што да Нямеччыны, то яна займае нэўтральныя пазыцыі. Найбольшыя праціўнікі паслабленьня санкцыяў – Данія і Нідэрлянды. Пра канчатковае рашэньне адносна санкцыяў, хутчэй за ўсё, стане вядома падчас сустрэчы эўрапейскіх міністраў замежных справаў 13 кастрычніка, паведамляе “EUobserver”.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG