Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Клімовіч: “У мяне няма 20-ці год, каб сядзець і чакаць зьменаў”


На гэтым тыдні нашым грамадзкім рэдактарам была пяцікурсьніца Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтва Саша Клімовіч. Яна - будучы тэатральны рэжысэр. Вучобу ў прэстыжнай вну дзяўчына спалучае з актыўнай працай у культурніцкай камісіі грамадзкага аб'яднаньня БНФ “Адраджэньне”.


Яна мае магчымасьць назіраць як за палітызаванай моладзьдзю, так і за тымі. Хто далёкі ад палітыкі. Паводле Сашы, шмат каго з гэтых юнакоў і дзяўчат лучыць жаданьне ўладкаваць свой лёс на захадзе. Таму грамадзкі рэдактар тыдня замовіла журналістам Свабоды падрыхтаваць перадачу на тэму “Выбар маладых: вучыцца і жыць на радзіме або за мяжой?”

Барыс Гарэцкі: “Я не парадую наш КДБ навіной пра ад'езд за мяжу!”

Масавы выезд беларускіх юнакоў і дзяўчат на вучобу за межы краіны распачаўся пасьля закрыцьця ў Менску Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Гэты працэс прадоўжыўся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году і акцыяў пратэсту на Кастрычніцкай плошчы сталіцы. За гэты час замежную адукацыю атрымалі і працягваюць атрымоўваць сотні маладых беларусаў. Ці шмат зь іх скарыстаюцца магчымасьцю не вярнуцца ў Беларусь?

Актывіст Маладога фронту, студэнт Менскага палітэхнічнага каледжу Барыс Гарэцкі апынуўся на вуліцы вясной 2006 году. Разам зь іншымі былымі абаронцамі намётавага лягеру, павыключаных з розных ВНУ краіны, распачаў навучаньне ў Польшчы паводле праграмы Кастуся Каліноўскага. Аднак неўзабаве вярнуўся на радзіму і вось як тлумачыць сваё рашэньне :

“Ня стаў навучацца ў Польшчы, бо не хацеў увесь гэты час заставацца па-за межамі краіны, па-за межамі тых палітычных і дэмакратычных працэсаў, якія адбываліся і адбываюцца зараз у Беларусі. Таму я выбраў для сябе завочнае навучаньне і вярнуўся, каб удзельнічаць у гэтых працэсах, у грамадзкім жыцьці. І сваімі дзеяньнямі спрабаваць зьмяніць сытуацыю ў краіне”.

Барыс Гарэцкі зараз навучаецца на завочным аддзяленьні пэдагагаічнага ўнівэрсытэту ў Вільні. Яшчэ адзін студэнт-каліновец пасьля падзеяў вясны 2006 году быў звольнены з працы ў Наваполацкім гарадзкім доме культуры. Зараз ён студэнт трэцяга курсу беларускай філялёгіі ў Беластоку. Аднак усе буйныя палітычныя акцыі ў Беларусі не праходзяць без ягонага ўдзелу. Заставацца за мяжой ён таксама ня мае намеру:

“Калі зьявілася праграма, то я падумаў, а чаму б не? На год, на два паглядзець, што і як. Я на трэцім курсе, але ўжо ехаць нікуды ня хочацца, ня кажучы пра нешта большае. Канечне, не, ні ў якім разе не застануся. Можа быць, гэтага некаму б і хацелася, скажам, з нашай мясцовай вэртыкалі ці мясцовага аддзелу КДБ. Але я іх такімі навінамі не парадую. І я ўжо казаў, што застануся тут і буду жыць тут”.
За трэці год дзейнасьці праграмы імя Кастуся Каліноўскага навучаньне ў ёй праходзяць больш за чатырыста чалавек. Ці выкарыстоўваюць яны магчымасьць замежнага навучаньня з мэтай назаўжды пакінуць Беларусь, цікаўлюся ў адной з супрацоўніц праграмы Эніры Браніцкай:

“Я, канечне, не магу сказаць за ўсе сто адсоткаў, якія туды паехалі, але бальшыня ўсё ж паехалі туды, каб атрымаць адукацыю, бо ў іх няма магчымасьці атрымаць яе тут. Але, насамрэч таксама разумеем, што хтосьці з тых, хто скончыць там навучаньня, у іх можа зьявіцца жаданьне застацца там і працаваць. Гэта ў нечым натуральны працэс. Таксама там ёсьць такія навучэнцы, якія ня могуць вярнуцца ў Беларусь, Перадусім, гэта тычыцца юнакоў, якія тут былі адлічаныя паводле палітычных прычынаў, страцілі адтэрміноўку ад вайсковай службы, а зараз апынуліся пад крымінальнай справай у гэтым пытаньні. Канечне, мы разглядаем гэтых людзей, перадусім, як патэнцыял для будучай, свабоднай Беларусі. І акрамя таго, яшчэ не прайшоў той час, каб меркаваць застануцца яны там альбо не”.
Навучаньне беларускіх студэнтаў за межамі краіны мае як станоўчае, так і адмоўнае значэньне, мяркуе былы прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Анатоль Паўлаў:

“Канечне, з гледжаньня усясьветных тэндэнцый, у тым ліку і ў галіне адукацыі, гэта вельмі станоўчы працэс. Паколькі наша моладзь бачыць перадавую навуку, бачыць эўрапейскія каштоўнасьці, у тым ліку свабоду асобы, правы чалавека - яны гэта адчуваюць на сабе. Гэта вельмі важна і шкада, што мы, на жаль, сёньня на дзяржаўным узроўні не ўдзельнічаем у гэтым працэсе. Адначасна з гледжаньня агульнадзяржаўнага, гэта, канечне, адмоўны працэс, калі маладыя людзі, фактычна, уцякаюць з краіны. Але гэта ўжо ўладзе трэба думаць пра гэта. І забаронамі, указамі і пагрозамі гэты працэс не спыніць. Бо ёсьць такая прымаўка: рыба шукае дзе глыбей, а чалавек - дзе лепш”.

Камэнтуе Саша Клімовіч:

- У нас выключаюць студэнтаў за грамадзкую актыўнасьць, і шмат хто зьяжджае з краіны па праграме Каліноўскага. І адначосва хапае такіх, хто адмаўляецца. Яны знаходзяць варыянты тут. Напрыклад, у завочным навучаньні.

Ну а як бы я зрабіла - зьехала б ці засталася?

Хутчэй за ўсё апошняе. Бо калі ты маеш грамадзянскую пазыцыю і змагаесься, то паступіць інакш - гэта паддацца ўладзе.
Дарэчы, ёсьць яшчэ трэці варыянт - “коласаўскія” ліцэісты. Яны нават фактычна ніколі і не спрабавалі паступаць у беларускія вну. Такую пазыцыю ня вельмі падзяляю. Бо часта тыя маладыя людзі прыходзяць туды ня дзеля атрыманьня добрай адукацыі, а - магчымасьці зьехаць на захад.

Вольга Шастакова: “Калі ў вас не хапае волі сысьці з клёвай вечарынкі, ня варта думаць пра замежную кар'еру”

Дзеля справядлівасьці варта адзначыць, што ў Беларусі хапае і не палітызаванай моладзі, якая папросту хоча атрымаць добрую адукацыю, да прыкладу, у Эўропе. Што для гэтага трэба рабіць, як рыхтавацца? Зь якімі цяжкасьцямі можна сутыкнуцца?

Журналістка “Комсомольской правды” в Белоруссии” Вольга Шастакова - аўтар дапаможніка “Адукацыя за мяжой”. Яна перакананая:
“Па-першае, няма нічога немагчымага. Самае галоўнае - жаданьне, і ўсё дасягальнае: і Бэрлін, і Стакгольм, і Оксфард з Кэмбрыджам, і ўсё на сьвеце. Па-другое, аказалася, што грошы - хоць і важная ўмова для навучаньня за мяжой, але не галоўная. А галоўны капітал будучага студэнта - усё ж такі ён сам, ягоны розум”.

Таму самы першы запавет стары, як сьвет: вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца. Веды - галоўны крытэр. У першую чаргу, веданьне мовы той краіны, у якую зьбіраецеся, ну і пажадана ангельскай мовы. Вольга Шастакова працягвае:

“Калі каротка сфармуляваць, то гэта, я думаю, веданьне мовы і дасканалае веданьне свайго прадмета. І па-трэцяе, вы павінны ўсьведамляць, што высілкаў для гэтага патрэбна вельмі і вельмі многа. І пачынаць трэба тут, у Беларусі, таму што наша сыстэма адукацыі, на жаль, не супадае з эўрапейскай, і пасьля школы мала куды можна паступіць. Так што будзьце гатовыя: рыхтавацца трэба год, другі і нават трэці і пачынаць тут. І калі воля ў вас моцная, хопіць упартасьці сысьці з вечарынкі, нават самай клёвай і сесьці за падручнік - усё ў вас атрымаецца”.

Сяргей Марчык пасьпяхова вучыцца ўжо чатыры гады на факультэце права Варшаўскага ўнівэрсытэту. Паступіў на агульных падставах. Прызнаецца, што спачатку было вельмі цяжка. Першая складанасьць, кажа Сяргей Марчык...

“Моўнае пытаньне. Ты сутыкаесься з фактам, што трэба проста зь людзьмі размаўляць, трэба купіць ежу, вырашыць нейкія праблемы ва ўнівэрсытэце. Потым тое, што гэта іншая краіна, зь іншай культурай, зь іншымі традыцыямі. Ня гледзячы на ўсе плюсы, тут таксама хапае розных хібаў, да якіх цяжка прызвычаіцца”.

Што тычыцца самога навучальнага працэсу, за мяжой ён шмат у чым адрозьніваецца ад беларускага. За мяжой ніхто цябе не кантралюе, не прымушае наведваць заняткі, адпрацоўваць пропускі. Тут галоўнае - самастойнасьць і самакантроль. Вольга Шастакова суцяшае
“Па-першае, калі чалавек сам ужо паступіць - у яго ёсьць самакантроль вельмі моцны. А па-другое, калі ты недзе нешта не здасі, атрымаюцца “хвасты” - ты сам будзеш сябе самакантраляваць”.

Студэнт факультэта права Варшаўскага ўнівэрсытэту Сяргей Марчык кажа, што ня ўсе, хто самастойна паступіў вучыцца, давучваюцца да канца. Ён тлумачыць:

“Цяжка тым людзям, у тым ліку і мне, якія ўжо вучыліся на Беларусі. Бо тут заняткаў у нашым разуменьні мала, але патрабуецца самастойнасьць, патрабуецца вялікая колькасьць часу, праведзенага ў бібліятэках, пошук дадатковага матэрыялу, заняткаў мала: тры - чатыры разы на тыдзень па 2 - 3 гадзіны, пры гэтым даводзіцца вельмі шмат сядзець над падручнікамі, вельмі шмат розных матэрыялаў пісаць. І гэтая самастойнасьць ў пэўным сэнсе разбэшчвае, бо калі ты бачыш, што заўтра цябе ніхто не спытае, ты проста перастаеш штодня рыхтавацца. Т гэта была асноўная памылка студэнтаў, якіх выключылі”.

Што да фінансавых праблем, добра, калі шанцуе, і чалавек атрымлівае стыдэндыю, інтэрнат. Ідэальна, калі ёсьць грошы хаця б на першы - другі сэмэстар, каб адразу ж ня бегчы шукаць падпрацоўку, а крыху асвоіцца.

Вольга Шастакова аўтар дапаможніка “Адукацыя за мяжой”, кажа:

“Можна ісьці падпрацоўваць. І ў большасьці краінаў колькасьць гадзінаў, якія можа працаваць студэнт, рэглямэнтаваная. Напрыклад, 20 гадзін у месяц ці колькі-та гадзін у год - больш табе не дазваляюць. Ад тваёй трываласьці залежыць, будзеш ты гэта рабіць ці не, і ці зможаш вучыцца”.

Дарэчы, дапаможнік “Адукацыя за мяжой” зараз прадаецца ў беларускіх кнігарнях. Там шмат карысных парадаў і інфармацыі для ахвочых вучыцца за мяжой.

Натальля з Горадні: “Іхныя студэнты больш адукаваныя ў сваёй спэцыяльнасьці, а нашыя - часта ў спэцыяльнасьці нулі”

Дык чым адрозьніваюцца беларускія студэнты ад замежных? Ці могуць яны на роўных вучыцца зь імі? Ці насамрэч беларуская сыстэма адукацыі не дазваляе атрымаць сапраўдную прафэсійную падрыхтоўку?

Першае й самае важнае - вучэбны працэс. Высьвятляецца, нават гэта розьніцца прынцыпова. Адныя вывучаюць прадметы, непасрэдна зьвязаныя зь іхняй спэцыяльнасьцю, іншыя шмат часу трацяць на агульнаадукацыйныя дысцыпліны.

Яўген -студэнт філялягічнага факультэту Варшаўскага ўнівэсітэту.

- Прадметы ў нас выключна датычныя спэцыяльнасьці, няма нічога лішняга - нават эканоміку, філязофію й іншыя мы можам вывучаць толькі па жаданьні.

Пяцікурсьніца Натальля з Гарадзенскага ўнівэрсітэту імя Янкі Купалы ў гэтым сэнсе па-добраму зайздросьціць польскім студэнтам.
- У нас палова такіх прадметаў, якія непатрэбныя па маёй спэцыяльнасьці, да прыкладу, “правы чалавека”, “ахова працы”, “ідэалёгія” й іншыя такога кшталту.

Яўген у Варшаве можа атрымаць любую кнігу ў бібліятэцы, мае свабодны доступ да інтэрнэту. У Горадні студэнты таксама карыстаюцца сецівам бясплатна, а вось з падручнікамі значна горш, зазначае Натальля:

- Кніг увогуле не хапае й менавіта па спэцыяльнасьці, па ангельскай мове.

- І як выходзіце з гэтага становішча?

- Раздрукоўваем усё й ксэрым. Палова стыпэндыі ідзе на гэта.

Дарэчы ў Польшчы яна складае прыкладна 100 даляраў, а ў Беларусі - 100 тысячаў рублёў.

Яўген распавядае, што ў Польшчы амаль усе студэнты працуюць і дамаўляцца з выкладчыкамі, калі прапускаюць заняткі. Зарабляюць у выніку столькі, што могуць нават цалкам аплочваць сваю адукацыю, калі яна платная.

- Да прыкладу, некаторыя развозяць ваду старым людзям. За табой заяжджаюць машынай, возяць па горадзе, а ты толькі заходзіш у кватэры й разносіш ваду. У месяц можна стабільна зарабіць 600 даляраў.

Студэнтка юрыдычнага факультэту Гарадзенскага ўнівэрсытэту Аляксандра таксама працуе, але - сама плаціць за вучобу, у год гэта 1млн.300 тысяч, і пражыць са свайго заробку ня ў стане.

- Калі б у мяне не было маці, якая мне дапамагае, то я б ня ведала, што рабіць.

Натальля жыве ў інтэрнаце й перад пасяленьнем давала распіску, што ня будзе парушаць правіла пражываньня, а гэта азначае - госьці да яе могуць прыходзіць толькі да дзясятай увечары, ні ў якім выпадку не расьпіваць сьпіртнога і не паліць.

Сёлета ёй прапанавалі паставіць подпіс пад яшчэ адным дакументам.

- Мы падпісалі паперы, што ня супраць, каб да нас падсялілі чацьвёртага чалавека, паколькі першакурсьнікам не хапае месцаў.

У сваю чаргу Яўген расказвае іншае: у Польшчы няма забаронаў у інтэрнаце на ўжываньне сьпіртнога ці паленьне, але паколькі там высокая культура, то й праблемаў такіх не існуе.

- Любы чалавек, любы сябра можа да цябе прыйсьці й нават пераначаваць. Калі ня здолееш дамовіцца з вахцёрам, то трэба заплаціць за гэта 10 злотых, цалкам афіцыйна.

Я запытаў маіх суразмоўцаў: чым розьняцца беларускія й замежныя студэнты? Яўген:

- Самастойнасьцю. Некаторыя беларускія студэнты езьдзяць на добрых машынах, сядзяць у рэстаранах, але гэта за бацькоўскія грошы. А польскі студэнт працуе сам і сам распараджаецца гэтым бюджэтам.

Натальля:

- Іхныя студэнты больш адукаваныя ў сваёй спэцыяльнасьці, ведаюць яе, што называецца ад зубоў, а ў нас усё увогуле - і нічога спэцыяльнага.

Камэнтуе Саша Клімовіч:

- Умовы навучаньня за мяжой значна лепшыя. Калі параўнаць, напрыклад, зь беларускімі інтэрнатамі, стыпэндыямі… Беларускія студэнты ў большасьці ня ведаюць пра тыя ўмовы і не дабіваюцца стварэньня такіх самых у сябе. Праблема мэнталітэту, як бачым, ёсьць і ў студэнтаў.

Што непасрэдна да вучобы, дык за мяжой вучаць тое. што ім сапраўды патрэбна ў абранай прафэсіі. А наша сыстіэма адукацыі вымушае вучыць усё, як кажуць. І часта ты не разумееш - навошта тыя веды ў тваёй будучай справе? Напрыклад, мяне вельмі зьдзіўляе, калі ў некаторых гуманітарных вну (дзякуй Богу - ня ў нас) вучаць вышэйшую матэматыку - проста дзікунства!

Нам тлумачаць: тое трэба, каб называцца ўнівэрсытэтам. А па мне дык трэба больш увагі надаваць непасрэдна будучай спэцыяльнасьці.
Трэба спэцыялістаў гадаваць, а не людзей, якія ўсё ведаюць па вярхам.


Сяргей Галубоўскі: “Дома мне не падабаецца пачуцьцё столі па грошах і пачуцьцё столі ў разьвіцьці”

Здараецца, што і адукацыя ў чалавека на радзіме - вышэйшая ды паводле айчынных стэрэатыпаў - пэрспэктыўная ды прэстыжная. І праца нібыта неблагая, на хлеб ды масла хапае і яшчэ застаецца. А яму ўсё адно яшчэ нечага не хапае. І - зьяжджаюць. Хто за чым. Вяртаюцца рэдка. Чаму зьяжджаюць, чаго шукаюць і што знаходзяць?

Аляксей Шуплякоў атрымаў у Менску вышэйшую эканамічную адукацыю. Пайшоў працаваць па спэцыяльнасьці, - у “Белдзяржстрах”. Літаральна праз некалькі год вырас да начальніка аддзелу. Можна было чакаць і далейшага пасьлядоўнага кар'ернага росту. Але Аляксей з'ехаў у Маскву. Тлумачыць, чаму:

“Перастрахаваньне ў Беларусі ў апошнія гады - у сур'ёзным заняпадзе знаходзіцца. Калі б я там застаўся, я проста б імхом парос бы. А гэтага вельмі не хацелася”.

У Маскве Аляксей працуе ў той жа галіне. Пачувае сябе на сваім месцы ў прафэсійным сэнсе. Па Менску, сям'і і сваякам сумуе, але вяртацца магчымасьцяў не бачыць:

“Хацелася б вельмі канчаткова застацца і жыць у Менску. Але калі б я меў магчымасьць мець нейкія прапановы там, хаця б параўнальныя з тым, што я маю цяпер і тут”.

Параўнаньня не вытрымліваюць і тыя ўмовы эмігранта, у якіх жыве Натальля Трафімовіч, колішняя мінчанка, сёньняшняя жыхарка Бэрліну. Таксама скончыла эканамічны унівэрсытэт, тады ён называўся “Нархоз”. Скончыла магістратуру, пісала дысэртацыю на тэму замежных інвэстыцый у беларускую эканоміку. Адначасова працавала галоўным бугальтарам, фінансава пачувала сябе няблага. Але не хапала ў жыцьці адрэналіну, хацелася паглядзець сьвет. Па праграме DAAD паехала працягваць вучыцца ў Нямеччыну, стыпэндыі не атрымала, вымушана была працаваць і вучыцца адначасова, пра што не шкадуе:

“Мне ўдалося пабачыць жыцьцё простых студэнтаў нямецкіх, як гэта выглядае па сутнасьці. Сыстэма навучаньня ў Германіі мала адрозьніваецца ад іншых эўрапейскіх краін. Адначасова прыходзілася працаваць, бо стыпэндыі не было, а жыць на нешта было трэба”
Да эўрапейскага стылю жыцьця Натальля прыстасавалася. Працуе сёньня яна ў немаленькай фірме галоўным бугальтарам. То бок, яе сацыяльны статус тут і там застаўся на адным і тым роўні. Толькі падстаў для пэўнасьці ў заўтрашнім дні тамашні бугальтар мае значна болей:

“Нават калі маё працоўнае месца скароцяць, скасуюць ці фірма абанкруціцца, я цягам году буду атрымліваць датацыю як беспрацоўная памерам у 70% ад майго заробку на апошнім месцы працы, гэта сур'ёзная сума грошай, якая дазволіць мне сябе адчуваць нябедна. Мэдыцынскае страхаваньне таксама вельмі зручная справа - штомесяц працадаўца робіць выплату на мэдстрахоўку - мне асабіста клапаціцца пра гэта ня трэба”.

Сяргей Галубоўскі, дызайнэр па прафэсіі мае няскончаную вышэйшую мастацкую адукацыю. Разьвітацца з радзімай яго прымусіла нуда і адчуваньне “застою” у прафэсійным росьце.

“Пачуцьцё столі, - яго я дасягнуў вельмі хутка, літаральна за пару год. Пачуцьцё столі па грошах і пачуцьцё столі ў разьвіцьці. На той момант у лепшых рэклямных агенцыях Менску дызайнэрам плацілі вельмі сярэднія грошы пры тым усім аднолькавыя. Седзячы ў хаце, я зарабляў больш, але і там адчуваў - і тут столь”.

Узьнікала пытаньне, - а я чым горшы за іх? У Маскве Сяргей працуе і жыве меней за 2 гады. Жыцьцёва - прафэсійнымі дасягненьнямі ў Маскве задаволены вельмі.

“Крэдыт...Факт відавочны: мы яго ўжо аформілі, на кватэру. Тое, што я не мог зрабіць у Менску, пражыўшы там доўга, тут зроблена проста і хутка за паўтары гады. Заробкі растуць пастаянна, і паводле прагнозаў аналітыкаў бліжэйшымі гадамі павялічацца амаль удвая”...
Ніхто з маіх суразмоўцаў не разглядае варыянтаў вяртаньня дадому. Аргумэнт адзін: немэтазгодна. Маўляў, рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек - дзе лепей.

Камэнтуе Саша Клімовіч:

- Вядома, больш пэрспэктыўна ўладкавацца на добрую працу за мяжой у тых, хто там і вучыўся: за гады вучобы людзі набываюць сувязі, прызвычайваюцца да законаў, традыцый іншай краіны. Яны атрымоўваюць адукацыю, адаптаваную да умоваў працы ў гэтай краіны.
Але ёсьць людзі, якія адвучыўшыся ў Беларусі зьяжджаюць працаваць за мяжу. Бывае - на час, бывае - назаўсёды. І, атрымліваецца, таксама знаходзяць сабе месца для працы.

Вядома, усё залежыць ад асабістасных здольнасьцяў, падрыхтоўкі, бо на рынку працы ня так істотна, зь якой ты краіны - важна, які ты спэцыяліст.

Я ня вельмі радая, што грамадзяне нашай краіны зьяжджаюць за мяжу вучыцца ці працаваць. Хоць і магу іх зразумець… Эміграцыя паказвае, што ў краіне ёсьць праблемы з адукацыяй, з умовамі жыцьця, з дабрабытам - гэта ўсё трэба вырашаць.
Вядома, калі чалавек паехаў на падпрацоўку за мяжу, ёсьць надзея, што калі ён вернецца назад, то будзе працаваць на сваю краіну, і будзе карысным тут. І куды менш надзеі на вяртаньне тых, хто выпраўляецца ў далёкі сьвет атрымоўваць адукацыю. Бо праз год пяць-дзесяць жыцьця там губляецца эмацыйная сувязь з радзімай, і лёс пачынае складвацца на чужыне.

Я выбіраю заставацца тут. Упэўненая: зьмены ў краіне будуць. У мяне няма 20-ці, нават 10-ці год, каб чакаць гэтых зьменаў. Таму гатовая шмат папрацаваць на тое, каб яны паскорыліся.

Магчыма, гэта ўзроставае. Але тое жаданьне ў нас ёсьць. Ёсьць зараз. Таму мы і гатовыя змагацца за будучыню і сваёй краіны, і сябе.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG