Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рэвалюцыі сёньня не адбудзецца”


Свой погляд на выбарчую кампанію прапануе галоўны рэдактар аналітычнага бюлютэню кампанію БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.


Дракахруст: “Прадстаўнік КХП БНФ Валеры Буйвал заявіў у інтэрвію Свабодзе , што выбары не адбыліся, галасаваць прыйшло менш за 50% выбаршчыкаў. ЦВК падаў свае дадзеныя на 18-00 – паводле яго на гэты час прагаласавала 66.7% выбаршчыкаў. Напярэдадні выбараў дзяржаўныя дасьледныя цэнтры абнародавалі свой прагноз яўкі - 85%. Незалежныя сацыёлягі падавалі больш сьціплыя лічбы: паводле лябараторыі НОВАК рэальна галасаваць мелі намер 63% выбаршчыкаў, базаваны ў Літве НІСЭПД у апытаньні, праведзеным напачатку верасьня, атрымаў лічбу 61%. Якія дадзеныя падаюцца вам больш праўдападобнымі?”

Класкоўскі: “Тут галоўнае пытаньне, на якія лічбы будуць арыентавацца назіральнікі, найперш назіральнікі БДІПЧ АБСЭ. Яны будуць арыентавацца на афіцыйныя лічбы. Што да разьбежкі паміж лічбамі ЦВК і незалежных сацыёлягаў, то з савецкіх часоў вядомы такі мэтад, як дабраахвотна-прымусовы. І высокія лічбы датэрміновага галасаваньня на погляд апазыцыі адлюстроўваюць дзеяньне адміністрацыйнага рэсурсу. Што тычыцца заяваў тых, хто выступаў за байкот, што іх заклікі мелі плён, то выглядае, што яны выдаюць жаданае за існае. Іншая справа , што можна казаць пра апатыю большай часткі грамадзтва. Моладзь на плошчы спрабуе даць драйву, але ў цэлым сёлетняя кампанія праходзіла без аніякага драйву. Было ўражаньне , што кожны бакоў проста адбывае нумар”.

Дракахруст: “Аляксандар, пра апатыю, пра пасіўнасьць гавораць усе. Але 60% яўкі, якую прагназавалі сацыёлягі на паставе апытаньняў - гэта даволі шмат”.

Класкоўскі: “Сапраўды, актыўнасьць даволі вялікая. Цікава, што паводле апытаньняў вялікая доля выбаршчыкаў ня верыць у справядлівасьць гэтых выбараў. Я мяркую, што тут , скажам, у старэйшага пакаленьня працуе інэрцыя. Нездарма дзяржаўныя мэдыі кідаюць такое кодавае слова, як "грамадзянскі абавязак". А па-другое, і гэта паказваюць апытаньні, і рэйтынг кіраўніка дзяржавы даволі высокі і беларусы хутчэй задаволены, чым незадаволеныя сёньняшнім жыцьцём. І паход на выбары - гэта рытуал, усё стабільна, а ўсялякія пэртурбацыі - невядома да чаго гэта можа прывесьці”.

Дракахруст: “Сёньня на Кастрычніцкай плошчы сабраліся ад некалькі сотняў да тысячы чалавек. Гэта ўжо чацьверты раз, калі яна робіцца пляцоўкай дэманстраваньня пасьля галасаваньня – прэзыдэнцкія выбары 2000 году, рэфэрэндум і парлямэнцкія выбары 2004, прэзыдэнцкія 2006, калі плошча стала для некаторых Плошчай зь вялікай літары, і нарэшце сёньняшні дзень. Ваш прагноз – на што будзе падобная сёньняшняя плошча? Якое значэньне яна будзе мець?”

Класкоўскі: “Пляну няма і сюжэт на плошчы і вакол яе разьвіваецца спантанна. Зразумела, што рэвалюцыі сёньня не адбудзецца. Для апазыцыі гэта, калі казаць груба, то таксама рытуал, а калі патэтычна, то маральны імпэратыў. Шэраговы грамадзянін, нават калі ён не у захапленьні ад дзейнай улады, разумее, што нічога ня зьменіцца і гэта ня той выпадак, калі трэба перці на ражон.

Сёньняшняя плошча адлюстроўвае сёньняшні стан беларускага грамадзтва. Ёсьць невялічкая групка актыўных праціўнікаў ўлады і апалітычная, апатычная маса”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG