Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Калякін: Я лічу, яўка была намалявана


Паводле лідэра ПКБ, у назіральнікаў уражаньне, што адбываецца “сакрэтная вайсковая апэрацыя”.


На прэсавай канфэрэнцыі ў сядзібе БНФ кандыдат у дэпутаты ад адзінага сьпісу АДС Сяргей Калякін заявіў:
Сяргей Калякін


“Сам дзень галасаваньня ідзе даволі сумна. Самае цікавае ўжо адбывалася і будзе адбывацца вечарам. Цэлы дзень кіраўнік майго штабу патраціў на тое, каб яму далі зьвесткі пра вынікі датэрміновага галасаваньня на 41 участку. Бачна, што ўлада пастаралася нядрэнна. Абсалютны рэкорд — 97,2%. А вось там, дзе людзей наагул нельга было прымусіць пайсьці галасаваць, там, дзе жывуць пэнсіянэры, там ёсьць і 9% датэрміновага галасаваньня. Усе гэта праводзілася з адміністрацыйным рэсурсам”.

Паводле спадара Калякіна, сёньня падчас галасаваньня колькасьць тых, хто прагаласаваў, расьце, прычым назіральнікі не пацьвярджаюць, што фактычна галасавала гэтулькі людзей.

“У мяне такое ўражаньне, што даганяюць лічбы, якія яны назвалі па датэрміновым галасаваньні загадзя, — мяркуе С.Калякін. — Я лічу, што яўка была завышана, нават не з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу, а намаляваная. Гэта фора кандыдатам ад улады на выпадак, калі адкрытым будзе падлік галасоў. Пры форы ў 33% можна адкрыта лічыць галасы, дагнаць такую фору вельмі цяжка”.

Спадар Калякін адзначыў: улады нэрваваліся з-за таго, што людзі сёньня ня йдуць на галасаваньне.

“Зноў жа парадокс: быццам бы ўся краіна рванула галасаваць датэрмінова. А ў дзень галасаваньня — вельмі слаба”.

Паводле спадара Калякіна, у назіральнікаў уражаньне, што адбываецца “сакрэтная вайсковая апэрацыя”.

Таксама ён заявіў:

“Улада спрабуе працягнуць тэатралізаванае відовішча для міжнародных назіральнікаў. Асабліва для кароткатэрміновых. Вельмі хочуць ім паказаць: маўляў, усё чыста, буфэт, музыка, ідуць галасаваць... Зьнешне ўсё ідзе добра”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG