Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цяпло ў кватэрах — па загадзе вышэйшага кіраўніцтва


На якім узроўні прымаецца рашэньне аб пачатку ацяпляльнага сэзону, ці могуць людзі рэгуляваць тэмпэратуру ў сваіх кватэрах.


Сёлетні верасень ужо прынёс халодныя дні. Ізноў восень для беларускіх камунальнікаў прыйшла зьнянацку: у дзіцячых садках ацяпленьне ўключылі пасьля таго, як дзеткі пачалі хварэць, а бацькі – абурацца. На якім узроўні прымаецца рашэньне аб пачатку ацяпляльнага сэзону, якія існуюць нормы, ці могуць людзі рэгуляваць тэмпэратуру ў сваіх кватэрах, якія новыя энэргазьберагальныя тэхналёгіі існуюць – пра ўсё гэта ў досьледзе Іны Студзінскай.

Ёсьць дакумэнт, зацьверджаны Саветам міністраў у 2003 годзе. Ён называецца “Правілы падрыхтоўкі і правядзеньня асеньне-зімовага пэрыяду энэргазабесьпячальнымі арганізацыямі і спажыўцамі цеплавой энэргіі”. У гэтых “Правілах” прапісаныя ўсе ўмовы і нормы, кажа намесьнік начальніка дзяржаўнага прадпрыемства “Менская гарадзкая жыльлёва-камунальная гаспадарка Сяргей Пушкоў:

“Ёсьць правілы, якімі павінны кіравацца. І далей прымае рашэньне Менгарвыканкам па ўзгадненьні зь Міністэрствам энэргетыкі, Міністэрствам жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, Саветам міністраў – яны прымаюць рашэньне. Ад Белгідрамэту патрабуюць зьвестак. А потым мы кіруемся гэтым рашэньнем і ўключаем ацяпленьне”.

У ДЗІЦЯЧЫХ САДКАХ ЦЯПЛО ЎКЛЮЧЫЛІ. ПРАЎДА, НЕ ВА ЎСІХ…


Сёлета пачатак восені быў халодны і дажджлівы. Што да дзіцячых установаў, шпіталяў – цяпло уключылі толькі 25 верасьня, хаця нормы дакладна прапісаныя ў гэтых самых правілах, кажа санітарны лекар Нацыянальнага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя :

“У школе гэта можа быць спартовая заля, дзе патрабаваньні ад 15 да 18 градусаў, калі гэта навучальнае памяшканьне, лябараторыя – 18. У дзіцячых садках тэмпэратурныя патрабаваньні крыху вышэйшыя: у музычных і спартовых залях – 18 – 20 градусаў, калі гэта групавая ячэйка. Ёсьць розьніца, ясельная гэта група або дзеці крыху старэйшыя (розьніца – адзін градус): для меншых тэмпэратура мае быць ад 19 да 21 градуса”.

Менгарвыканкам прыняў пастанову аб уключэньні ацяпленьня толькі ў дзіцячых дашкольных установах, сацыяльных прытулках, лячэбна-прафіляктычных стацыянарах, дзіцячых дамах, спальных карпусах школ-інтэрнатаў. У школах ацяпленьне пакуль не ўключылі. Дый не ўва ўсіх дзіцячых садках цёпла, сьцьвярджае маці дваіх малалетніх дзетак:

“У Стасіка ў групе выхавацелька казала, што тэмпэратура 13 – 14 градусаў, то бок швэдар, джэмпэр трэба надзяваць, але ўсё роўна ручкі халодныя, спаць клаліся ў калготках. І яшчэ дакладна невядома, калі гэта ацяпленьне ўключыцца. Цяпер на дварэ цяплей, чым у групах у дзяцей”.

Карэспандэнтка: “А дагэтуль яшчэ цяпла не ўключылі?”

“Яшчэ не. Сёньня дакладна яшчэ не ўключылі”.

Яшчэ адна цікавая акалічнасьць: рашэньне аб уключэньні цяпла прымаецца цэнтралізавана, на самым высокім узроўні, узгадняецца зь некалькімі міністэрствамі і ведамствамі. У дэмакратычных краінах рашэньні па камунальных пытаньнях прымаюцца органамі мясцовага самакіраваньня, кажа старшыня грамадзка-асьветніцкага аб’яднаньня “Фонд імя Льва Сапегі” Міраслаў Кобаса:

“Адзін з элемэнтаў мясцовага самакіраваньня – гэта тое, што рашэньні прымаюцца самастойна і пад сваю адказнасьць. Што да таго, хто прымае рашэньне па камунальных пытаньнях, то гэта на ўзроўні мясцовага самакіраваньня. Ні прэзыдэнт, ні Савет міністраў такіх рашэньняў не прымаюць”.

КАБ ЦЯПЛО НЕ ВЫЛЯТАЛА Ў ТРУБУ

Ува ўсім сьвеце цяпер займаюцца энэргазьберажэньнем, будуюць дамы па новых сучасных энэргаэфэктыўных тэхналёгіях. Але што рабіць са старым жылым фондам? Адмыслоўцы сьцьвярджаюць, што калі замяніць звычайныя драўляныя вокны на так званыя шклопакеты, зьберагаецца да 50% цяпла. А калі ўцяпліць, да прыкладу, сьцены звычайных панэльных дамоў, эфэкт яшчэ больш заўважны. Намесьнік дырэктара ўнітарнага прадпрыемства “Інстытут НІПЦІС імя Атаева” Леанід Данілеўскі кажа:

“Пры выкарыстаньні ўцяпляльных матэрыялаў, калі ўзяць цеплаахову звычайнага дому за адзінку, калі мы ўцяпляем стары фонд, атрымліваецца цеплаахова ў 2 – 2,5 разы эфэктыўнейшая: цяпла празь сьцены выыходзіць у 2 – 3 разы меней”.

Але можна назіраць зімой і такую карціну: адчыненыя форткі, фрамугі – у кватэрах горача, жыхары ня могуць самастойна рэгуляваць тэмпэратуру. Атрымліваецца, што пры дарагоўлі газу, электраэнэргіі камунальнікі абаграваюць вуліцу. Былы кіраўнік жыльлёва-камунальнай гаспадаркі сталіцы Іван Анташкевіч кажа:

“У нас цэнтральная сыстэма ацяпленьня і падачы гарачай вады і ў старых, і ў новых дамах. Новыя дамы некаторыя будуюцца з аўтаномнай сыстэмай ацяпленьня, але гэта вельмі рэдкія выпадкі. Таму ўсё залежыць ад цепласетак”.

ЧАМУ ТЭМПЭРАТУРУ Ў КВАТЭРЫ НЕМАГЧЫМА РЭГУЛЯВАЦЬ?

А цепласеткі абсалютна ня ўлічваюць тэмпэратуры паветра на дварэ. Побач можа стаяць “старая панэлька” і сучасны дом, пабудаваны па энэргазьберагальных тэхналёгіях – а цяпло падаецца аднолькава. У сябе ў кватэры чалавек ня можа рэгуляваць тэмпэратуру, кажа Іван Анташкевіч:

“На Захадзе прыдумалі сыстэму індыкатараў, якія ставяцца на батарэі, і рэгулятараў на стаякі батарэяў. Гэта вялізная праца, якой у нас ніхто не займаецца (акрамя бязглуздых экспэрымэнтаў, якія правялі ў індывідуальных выпадках). Таму пра рэгуляваньне ўнутры кватэр няма й размовы. Мы знаходзімся пакуль у каменным стагодзьдзі”.

Але што тычыцца пэрспэктывы, наступным крокам будзе пераход да праектаваньня толькі энэргаэфэктыўных будынкаў. Першая ластаўка ўжо ёсьць – паводле праекту інстытуту “НІПЦІС” МАПІД пабудаваў дом у мікрараёне Чырвоны Бор, кажа намесьнік дырэктара інстытуту Леанід Данілеўскі:

“Наступнае пакаленьне – энэргаэфэктыўныя будынкі. Там устанаўляецца ўжо сыстэма прымусовай вэнтыляцыі са зваротам цяпла сыходзячага паветра. Яны забясьпечваюць паветраны камфорт памяшканьня, даюць сьвежае паветра”.

Такім чынам, цёплае паветра з кватэры ня будзе выветрывацца праз фортку, а вяртацца.

Ну, а ў жылых дамах уключаюць цяпло, калі сярэднясутачная тэмпэратура на працягу 5 дзён ніжэйшая за 8 градусаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG