Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лепш пражыць мала ды добра?


Сёньня адзначаецца Міжнародны дзень папярэджаньня самазабойстваў. Беларусь застаецца у ліку краінаў з высокім узроўнем суіцыдаў. Каля трох тысяч чалавек добраахвотна зыходзяць з жыцьця кожны год.

Сёлета за першую палову году скончыць жыцьцё самагубствам спрабавалі 154 чалавек да 18 год. Дзевяці маладым людзям гэта ўдалося і гэта на тры больш, чым летась. Сярод іх – 13-гадовы самазабойца, які жыў у адным з аграгарадкоў у Пухавіцкім раёне. Расказвае мясцовая жыхарка Ірына Сыч:
“У нашай вёсцы напачатку траўня здарылася такое няшчасьце. Маці – п’яніца, бацька таксама ня зь лепшых. І вось хлопчыку не было і 14 гадоў, а ён павесіўся. Бабуля ягоная казала, што ён апошнім часам намякаў на тое, што, маўляў, лепш пражыць мала ды добра, чым доўга ды абы як. Шкадуюць яго ўсе”.
Адказныя чыноўнікі заяўляюць, што колькасьць самазабойстваў у Беларусі застаецца на адным узроўні – каля трох тысяч чалавек штогод. Аднак сёлета толькі ў першым паўгодзьдзі добраахвотна пайшлі з жыцьця 1 414 чалавек. Гэта на 50 чалавек больш, чым летась. Чыноўнік у Міністэрстве аховы здароўя, які не пажадаў называць сваё імя, не пракамэнтаваў таксама і прычыны такога становішча:
“Такое адбываецца паўсюдна. Гэта ж справа асабіста кожнага чалавека. Тым ня менш, мы распрацоўваем праект закону аб псыхалягічнай дапамозе насельніцтву. Прычыны? Наконт гэтага цэлыя навуковыя пошукі праводзяцца, і тое ня могуць высьветліць. А што вы нас, мэдыкаў, чапаеце?”

Паводле афіцыйнай статыстыкі, летась у Беларусі адбылося 2 666 самазабойстваў – гэта 27,5 выпадка на 100 тысяч насельніцтва. А паводле Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, высокім лічыцца ўзровень, які перавышае 20 самагубстваў на 100 тысяч. Камэнтуе старшыня жаночай камісіі партыі БНФ Валянціна Сьвяцкая:

“Хутчэй за ўсё гэта незадаволенасьць жыцьцём даводзіць людзей да самагубства. А гэтая незадаволенасьць у тым, што чалавек ставіць мэту і ня можа яе дасягнуць. Бо ня можа “прабіць” галавой гэтую сьцяну. І мне падаецца, што добра было б увесьці па беларускаму тэлебачаньню і радыё праграмы спэцыяльнага накірунку для такіх людзей. Каб патлумачыць, што калі ты не дасягнуў нейкай пастаўленай мэты, то гэта ня ёсьць падставай, каб скончыць сваё жыцьцё самагубствам”.

Паводле Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, штогод самазабойцамі ў сьвеце становяцца каля мільёна чалавек. Суіцыд займае восьмае месца ў пераліку прычын сьмяротнасьці і першае сярод гвалтоўнай сьмерці. Найчасьцей самазабойцамі становяцца лекары-псыхіятры, музыкі, юрысты і прадстаўнікі малодшага афіцэрскі складу. Лідэрства па ўзроўню самазабойстваў сярод краінаў пасьлясавецкай прасторы трымае Расея.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG