Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наконт байкоту


Дыскусія наконт таго, ці трэба апазыцыі ўдзельнічаць у выбарах да самага канца, разгараецца ў дэмакратычным асяродку з новай сілай. Прычым аргумэнты прыхільнікаў байкоту носяць больш эмацыйны характар. Маўляў, паколькі выбары недэмакратычныя, то навошта ўдзельнічаць у фарсе, давайце назло рэжыму здымем усіх кандыдатаў і такім чынам падарвем легітымнасьць гэтых выбараў.

Такая пазыцыя даволі сумнеўная зь некалькіх прычын.

Па-першае, зьняць усіх кандыдатаў усё роўна ня ўдасца. Пачатак выбарчай кампаніі паказаў, што кіравальнасьць апазыцыйных сіл — ня ў лепшым стане. З боку апазыцыі ў выбарах удзельнічаюць два аб’яднаньні — АДС і Эўрапейская кааліцыя, дачыненьні паміж якімі даволі напружаныя. Самі гэтыя аб’яднаньні — ня столькі палітычныя блёкі, колькі каардынацыйныя структуры. Любая арганізацыя, якая ўваходзіць у кааліцыю, можа адмовіцца выконваць яе рашэньні, што ўжо і адбываецца. У некаторых акругах папярэднія дамоўленасьці наконт разьмеркаваньня кандыдатаў парушаныя. ПКБ на зьезьдзе пастанавіла ўдзельнічаць у выбарах да канца. Нават унутры партый кіравальнасьць працэсу пад пытаньнем, пра што сьведчаць пэрыядычныя скандалы і канфлікты. Частка кандыдатаў, якія паклалі шмат сілаў на кампанію, прынесьлі пэўныя ахвяры, адмовяцца здымацца, нават калі кіраўнічыя органы прымуць адпаведныя рашэньні. Тым больш ва ўмовах, калі зьявіліся чуткі, што кагосьці ўлады ўсё ж такі прапусьцяць у Палату прадстаўнікоў.

Другая праблема: як апазыцыйным кандыдатам зьняцца так, каб палітычны эфэкт атрымаўся станоўчым, а не адмоўным? Паводле чэрвеньскага сацыялягічнага апытаньня НІСЭПД 46% насельніцтва лічаць выбары свабоднымі і справядлівымі, а 35% — наадварот (гэта ў асноўным дэмакратычны электарат). Калі апазыцыя здымаецца з выбараў, то гэта трэба неяк растлумачыць народу. Чаму яны спачатку прасілі выбарцаў паставіць подпісы ў іх падтрымку, абяцалі бараніць іх інтарэсы, а потым сышлі? Адной заявы, якая распаўсюдзіцца праз інтэрнэт-сайты, недастаткова. Трэба будзе надрукаваць улётку і закінуць яе ў кожную паштовую скрыню. Калі гэтага не зрабіць, то электарату ўсё “растлумачаць” улады з дапамогай сваіх магутных мэдыяў. У такім разе палітычны эфэкт для апазыцыі будзе адмоўны.

І вось уявіце сабе задачу: надрукаваць каля двух мільёнаў улётак, прычым, хутчэй за ўсё, за мяжой, завезьці іх у краіну, разьвезьці па рэгіёнах і ўкінуць у кожную паштовую скрыню. І гэта ва ўмовах жорсткага процідзеяньня КДБ і міліцыі на кожным этапе. Прычым зрабіць усё гэта трэба ў кароткі тэрмін. Наколькі рэальная гэтая задача?

Пра байкот як сур’ёзную кампанію і казаць не выпадае. На гэта няма ўжо ні часу, ні рэсурсаў. Бо каб насамрэч арганізаваць байкот, то бок дамагчыся, каб менш за 50% выбарцаў прыйшло на ўчасткі, трэба значна больш намаганьняў, чым на выбарчую кампанію. Гэта пра легітымізацыю ўнутраную.

А цяпер наконт вонкавай легітымізацыі. Здаецца, гэтым разам назіральнікі АБСЭ прыехалі з пазытыўным настроем. Вось на сайце naviny.by начальнік палітычнага аддзелу генэральнага сакратара Рады Эўразьвязу сп-ня Шміт заявіла, што калі выбары ў Беларусі пройдуць лепш, чым папярэднія, то гэта дасьць новы імпульс разьвіцьцю нашых дачыненьняў. То бок плянка патрабаваньняў зьніжана, правядзеньня дэмакратычных выбараў як умовы паляпшэньня стасункаў ЭЗ ужо не патрабуе. Галоўнае, каб яны былі трохі лепшыя за папярэднія.

Калі спрасьціць, то ацэнка выбараў складаецца зь дзьвюх частак: у якіх умовах праходзіла выбарчая кампанія і ці справядлівы быў падлік галасоў пасьля галасаваньня? Дык вось, па першай частцы ўжо цяпер можна ставіць станоўчую адзнаку. Самі прадстаўнікі апазыцыі адзначаюць, што гэтым разам значна менш адмоваў было і пры рэгістрацыі ініцыятыўных груп, і пры рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты ад дэмакратычных сілаў. Факты ціску на сябраў ініцыятыўных груп з гледзішча эўрапейскага юрыста цяжка давесьці і пацьвердзіць. Бо, напрыклад, пагрозы звальненьня з працы адбываюцца не публічна, сам-насам, чыноўнікі не пацьвярджаюць іх.

Адзінае, што застаецца апазыцыі, гэта дачакацца дня галасаваньня і паказаць замежнікам, як адбываецца падлік галасоў, як назіральнікаў пазбаўляюць магчымасьці назіраньня. Калі ж апазыцыя здымаецца з выбараў, то патрэба ў фальшаваньні вынікаў галасаваньня адпадае. Тады ня трэба будзе гнаць людзей на датэрміновае галасаваньне. Тады дадуць поўную свабоду назіральнікам, дапусьцяць іх да самага стала зь бюлетэнямі, няхай глядзяць, якія ў нас справядлівыя выбары. І ў назіральнікаў не застанецца ніякіх іншых варыянтаў, як зафіксаваць адсутнасьць парушэньняў.

Парадокс сытуацыі ў тым, што давесьці недэмакратычнасьць выбараў можна толькі пры ўмове ўдзелу ў іх апазыцыі да самага канца. Але прыхільнікі байкоту, якія хочуць такім чынам дэлегітымізаваць выбары, дамогуцца якраз адваротнага.

І дарэчы, калі апазыцыя здымаецца з выбараў, то супраць чаго тады пратэставаць у дзень галасаваньня? Супраць фальсыфікацый? Дык іх якраз і ня будзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG