Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У мэдалях Беларусь пераўзышла вынік Сыднэю-2000


Сёньня скарбонка алімпійскай каманды Беларусі папоўнілася яшчэ двума мэдалямі.

Як і напярэдадні, узнагароду беларусам здабылі весьляры: на дыстанцыі 500 мэтраў канаісты Раман Петрушэнка і Вадзім Махнеў паказалі трэці час. У індывідуальным шматбор’і ў мастацкай гімнастыцы Іна Жукава заваявала другое месца. Такім чынам, беларускія спартоўцы пераўзыйшлі вынік самай пасьпяховай для Беларусі Алімпіяды 2000 году ў Сыднэі.

Цяпер у беларускай калекцыі 18 мэдалёў рознай вартасьці. Пабіты рэкорд у алімпійскім золаце – дагэтуль не ўдавалася атрымаць больш за тры вышэйшыя ўзнагароды. На Алімпіядзе ў Пэкіне залатых мэдалёў здабыта чатыры.

На посьпех Іны Жукавай заўзятары калі і разьлічвалі, то казалі пра свае спадзяваньні досыць асьцярожна. Пасьля першых практыкаваньняў Іна ішла на чацьвёртай пазыцыі, што ўжо лічылася добрым вынікам. Аднак у апошнім выступе са стужкамі Жукава сканцэнтравалася і на фінішы зусім нязначна саступіла расейскай спартоўцы. У гэтым відзе спаборніцтваў дзяўчаты далі фору спартовай гімнастыцы, дзе пазыцыі Беларусі зусім сьціплыя. Гаворыць майстар спорту ў спартовай гімнастыцы, чэмпіёнка СССР Тамара Аляксеева:

“У іх усё ж захаваўся той стыль працы, які яны культывавалі раней. Вось яны як заклалі падмурак у сваёй дзейнасьці, так і працягваюць яе разьвіваць. І пры гэтым вучацца ў іншых. Да таго ж, там крыху прасьцей, таму што ў нас чатыры снарады, тут і сіла і ўсё астатняе патрэбна, а ў дадзеным выпадку важна гнуткасьць і перадусім харэаграфія, балет, валоданьне прадметам, канечне. Яны ў гэтым сэнсе вялікія малайцы, таму што ўсё ж захавалі свой стыль працы. Як мне падаецца, ўва ўсім павінна быць сыстэма. Вось у іх гэтая сыстэма засталася, якую яшчэ Крыленка заклала. Уласна кажучы, у іх харэографы вельмі добрыя. Крыленка ў гэтым сэнсе, канечне, малайчына, і гэтую справу падхапіла Ляпарская – якая была вучаніцай у Крыленкі як трэнэр”.

Заўтра адбудуцца заключныя выступы мастацкай гімнастыцы ў камандных спаборніцтвах. Пасьля двух папярэдніх этапаў Беларусь займае першае месца.

У трох фінальных заплывах канаістаў фартуна сёньня павярнулася да беларусаў толькі аднойчы – двойка ў складзе Рамана Петрушэнкі і Вадзіма Махнева прыйшла да фінішу трэцяй. У індывідуальных спаборніцтвах Аляксандар Жукоўскі прыйшоў пятым, а алімпійскім чэмпіёнам Пэкіну Аляксандру і Андрэю Бандановічам да бронзавай узнагароды не хапіла літаральна некалькі тысячных сэкунды. Як бы там ні было, веславаньне для зборнай Беларусі атрымалася самым мэдаляёмістым – за два дні ў агульную скарбонку каманды яны паклалі два золаты і адну бронзу. Як лічыць трохразовы алімпійскі чэмпіён у веславаньні Ўладзімер Парфяновіч, гэтае дасягненьне павінна дадаць папулярнасьці віду спорту, які на сёньня незаслужана апынуўся ў загане:

“Можа, пасьля гэтага сапраўды штосьці здарыцца, адбудуюць нашы маленькія базы, якія раскіданыя па нашых вёсачках. Чаму мы і здолелі зрабіць гэтую перамогу? Таму што змаглі пакінуць у веславаньні ўсіх дзяцей, якія займаюцца веславаньнем. І ўсе хлопцы працуюць так, як патрэбна працаваць у спорце. Каб гэтак жа працавалі і нашы футбалісты, нашы хакеісты, дык, я думаю, ніхто нават і побач не стаяў бы”.

Карэспандэнт: “То бок, прынамсі ёсьць астатнім з каго браць прыклад”.

“Ёсьць, і яшчэ як”.

Немалыя спадзяваньні сёньня былі зьвязаныя з жаночай эстафэтай 4х400 мэтраў. Пасьля правалу ў забегу 4х100 мэтраў прадстаўніцы Беларусі скокнулі вышэй за галаву ўжо ў паўфінале, саступіўшы па часе толькі прызнаным фаварытам – зборным ЗША і Ямайкі. Сёньня заўзятары чакалі паўтарэньня гіпатэтычна бронзавай спробы, але ў рэальнасьці беларускія спартоўкі прыйшлі чацьвёртымі, саступіўшы прызнаным сусьветным фаварытам – зборным Расеі, ЗША і Ямайкі.

Вынікі Алімпійскіх гульняў у Пэкіне штаб беларускай зборнай ацэньвае як пасьпяховыя. Перадусім пераўзыйдзенае дасягненьне васьмігадовай даўнасьці ў Сыднэі, калі на рахунку беларускіх спартоўцаў было 17 мэдалёў. Пасьля срэбра Іны Жукавай у актыве беларускай каманды стала 18 узнагародаў.

Але галоўнае, што істотна адкарэктаваная статыстыка залатых узнагародаў – калі дагэтуль самымі пасьпяховымі лічыліся Гульні ў Аўстраліі, дзе высілкамі Кацярыны Карстэн, Яніны Карольчык і Эліны Зьверавай былі здабытыя тры залатыя ўзнагароды, то ў Пэкіне ў актыве беларусаў чатыры золаты – мэдалі на рахунку штангіста Андрэя Арамнава, кідальніцы молата Аксаны Мяньковай і двух экіпажаў весьляроў-канаістаў. У агульным мэдалёвым заліку Беларусь на 13-м месцы, у залатым - на 15-м.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG